— А за Слесаравым, памятаеце, шрэйбераўскую гімнастыку?
— Яшчэ б не памятаць! Вось яна ў мяне дзе сядзіць. Балеты танцавалі. Ды ці мала іх яшчэ было, генералаў гэтых, чорт бы іх усіх пабраў! Але ўсё гэта, скажу вам, панове, глупства і мандрагорыя ў параўнанні з цяперашнім. Гэта ўжо, як кажуць — прыходзьце, апошняе цалаванне. Раней дык хоць ведалі, што з цябе запатрабуюць, а цяпер? Ах, выбачайце, салдацік — бліжні, патрэбна гуманнасць. Лупц-цаваць яго трэба, нягодніка! Ах, развіццё разумовых здольнасцей, хуткасць і кемлівасць. Сувораўцы! Не ведаеш цяпер, як салдата вучыць. Ось глядзіце, выдумаў новую штуку, скразную атаку...
— Так, гэта не шакалад! — спачувальна кіўнуў галавою Веткін.
— Стаіш, як той дурань, а на цябе казачкі на ўвесь дух імчацца. І наскрозь! Вось і паспрабуй збочыць. Адразу ж загад: «У такога вось капітана слабыя нервы. Няхай памятае, што на службе яго ніхто сілком не трымае».
— Хітры стары, — сказаў Веткін. — Ён у К-ім палку якую штуку выкінуў. Завёў роту ў вялізную лужыну і загадвае ротнаму камандаваць: «Кладзіся!» Той збянтэжыўся спачатку, але скамандаваў: «Кладзіся!» Салдаты разгубіліся, думаюць, што недачулі. А генерал у прысутнасці ніжэйшых чыноў давай пушыць камандзіра: «Як ведзіцё роту? Беларучкі! Пестуны! Калі тут у лужыну баяцца легчы, дык як у ваенны час вы іх падымеце, калі яны пад агнём ворага трапяць куды-небудзь у роў? Не салдаты ў вас, а бабы, і камандзір — баба! На абвахту!»
— А якая карысць? На людзях сарамацяць камандзіра, а потым гавораць пра дысцыпліну. Якая тут можа быць дысцыпліна! А выцяць яго, шэльму, нельга. Не-е-е... Прабачце — ён асоба, ён чалавек! Не-е, раней ніякіх асобаў не было, і лупцавалі іх, нягоднікаў, як сідаравых козаў, а ў нас былі і Севастопаль, і італьянскі паход, і розныя там яшчэ рэчы. Ты мяне хоць са службы звальняй, а я ўсё ж, калі мярзотнік гэтага заслужыў, я зазірну яму куды трэба!
— Біць салдата ганебна, — глуха запярэчыў Рамашоў, які да гэтага ўвесь час маўчаў. — Нельга біць чалавека, які не толькі не можа табе адказаць, але нават не мае права паднесці рукі да твару, каб абараніцца ад удару. Не мае права нават адхіліць галавы. Гэта сорамна!
Сліва пагардліва прыжмурыўся і збоку, зверху ўніз, выпучыўшы ніжнюю губу пад кароткімі вусамі, якія пачыналі ўжо сівець, агледзеў з ног да галавы Рамашова.
— Што т-такое-ое? — працягнуў ён знішчальным тонам.
Рамашоў збялеў. У яго заняло ў грудзях і ў жываце, а сэрца забілася, нібыта ва ўсім целе адразу.
— Я сказаў, што гэта непрыстойна... Ды і паўтараю... вось што, — сказаў ён няскладна, але настойліва.
— Скажы-ыце, калі ласка! — тонка праспяваў Сліва. — Бачылі мы ўжо такіх міндальнікаў. Самі праз год, калі толькі вас не выпхнуць з палка, будзеце па мардасах пляскаць. На-айлепшым чынам. Не горш за мяне.
Рамашоў паглядзеў на яго з нянавісцю і сказаў амаль шэптам:
— Калі вы будзеце біць салдат, я на вас падам рапарт камандзіру палка.
— Што-о-о? — крыкнуў пагрозліва Сліва, але адразу ж схамянуўся. — Аднак хопіць ужо гэтага глупства, — сказаў ён суха. — Вы, падпаручнік, дужа малады, каб вучыць старых баявых афіцэраў, якія з гонарам праслужылі дваццаць пяць гадоў свайму гасудару. Прашу паноў афіцэраў ісці ў ротную школу, — скончыў ён злосна.
Ён рэзка павярнуўся да афіцэраў спіною.
— І трэба было вам умешвацца? — прымірэнча загаварыў Веткін, ідучы побач з Рамашовым. — Самі бачыце, што гэтая сліва не з салодкіх. Вы яшчэ не ведаеце яго так, як я ведаю. Ён вам такога нагаворыць, што не будзеце ведаць, куды падзецца. А запярэчыце — ён вас пад арышт заканапаціць.
— Ды паслухайце, Павел Паўлыч, гэта ж не служба, гэта — варварства нейкае! — са слязьмі гневу і крыўды ў голасе ўсклікнуў Рамашоў. — Гэтыя старыя барабанныя шкуры здзекуюцца з нас! Яны знарок стараюцца падтрымліваць у адносінах паміж афіцэрамі грубасць, салдафонства, нейкае цынічнае маладзецтва.
— Безумоўна, гэта так, — пацвердзіў Веткін і пазяхнуў.
А Рамашоў з гаркотаю гаварыў далей:
— Ну, каму патрэбна гэтае падцягванне, крык, грубая лаянка? Ах, я зусім, зусім не таго чакаў, калі стаў афіцэрам. Ніколі я не забуду першага ўражання. Я толькі тры дні быў у палку, і мяне абарваў гэты рыжы дзяк Арчакоўскі. Я ў сходзе ў часе размовы назваў яго паручнікам, таму што і ён мяне называў падпаручнікам. І ён, хоць сядзеў побач са мной і мы разам пілі піва, закрычаў на мяне: «Па-першае, я вам не паручнік, а пан паручнік, а па-другое... па-другое, майце ласку ўстаць, калі вам робіць заўвагу старэйшы па чыне!» І я ўстаў і стаяў перад ім, як апляваны, пакуль не асадзіў яго падпалкоўнік Лех. Не, не, не гаварыце нічога, Павел Паўлыч. Мне ўсё гэта да такой ступені абрыдла і надакучыла!..
Читать дальше