З халодным потам на лбе ён згаслымі, сумнымі вачмі глядзеў на танцораў. Вось праплыла, не пазіраючы на свайго кавалера, ледзьве перастаўляючы ногі, з нерухомымі плячамі і з пакрыўджаным выглядам суровай недаткнёны велічная Тальман і побач з ёю вясёлы, прыткі Епіфанаў. Вось маленькая Лыкачова, уся пунсовая, са ззяючымі вочкамі, з аголенай белай, нявіннай, дзявочай шыйкай... Вось Алізар на тонкіх нагах, роўных і стройных, быццам ножкі цыркуля. Рамашоў глядзеў і адчуваў галаўны боль і жаданне плакаць. А побач з ім Раіса, бледная ад злосці, гаварыла з пераўвялічаным тэатральным сарказмам:
— Цудоўна! Пяхотны афіцэр у ролі Іосіфа Прыгожага!
— Так, так, менавіта ў ролі... — загарэўся Рамашоў. — Сам ведаю, што гэта смешна і пошла... Аднак я не саромлюся тужыць па сваёй страчанай чысціні, па простай фізічнай чысціні. Мы абое па сваёй ахвоце залезлі ў памыйную яму, і я адчуваю, што цяпер я не адважуся ніколі пакахаць шчырым і свежым каханнем. І ў гэтым вінаваты вы, — чуеце: вы, вы, вы! Вы старэйшая і больш вопытная за мяне, вы ўжо спрактыкаваныя ў справе кахання.
Петэрсон з велічным абурэннем усхапілася з крэсла.
— Досыць! — сказала яна драматычным тонам. — Вы дабіліся, чаго хацелі. Я ненавіджу вас! Спадзяюся, што вы з гэтага дня перастанеце наведваць наш дом, дзе вас прымалі, як роднага, кармілі і паілі вас, а вы паказалі сябе такім нягоднікам. Як я шкадую, што не магу расказаць пра ўсё мужу. Гэта святы чалавек, я малюся на яго, і расказаць яму пра ўсё — значыць забіць яго. Але, паверце, ён змог бы адпомсціць за зняважаную безабаронную жанчыну.
Рамашоў стаяў насупраць яе і, хваравіта жмурачыся праз акуляры, глядзеў на яе вялікі, тонкі, завялы рот, скрыўлены ад злосці. З акна даляталі аглушальныя гукі музыкі, з упартай заўзятасцю кашляў ненавісны трамбон, а настойлівыя ўдары турэцкага барабана гулі нібыта ў самой галаве Рамашова. Ён чуў словы Раісы толькі ўрыўкамі і не разумеў іх. Але яму здавалася, што і яны, як і гукі барабана, б'юць яму проста па галаве і трасуць яго мазгі. Раіса з трэскам згарнула веер.
— О, подлы мярзотнік! — прашаптала яна трагічна і шпарка пайшла цераз залу ў прыбіральню.
Усё было скончана, але Рамашоў не адчуваў задавальнення, якога ён чакаў, і з ягонай душы не спаў, як ён раней уяўляў сабе, брудны і грубы цяжар. Не, цяпер ён адчуваў, што зрабіў нядобра, баязліва і няшчыра, зваліўшы ўсю маральную віну на абмежаваную і ўбогую жанчыну, і ўяўляў сабе яе горыч, разгубленасць і бяссільную злосць, уяўляў яе горкія слёзы і апухлыя чырвоныя вочы там, у прыбіральні.
«Я падаю, я падаю, — думаў ён з агідаю і са смуткам. — Што за жыццё! Штосьці цеснае, шэрае і бруднае... Гэтая распусная і непатрэбная сувязь, п'янства, туга, страшэнная аднастайнасць службы, і хоць бы адно жывое слова, хоць бы адзін момант чыстай радасці. Кнігі, музыка, навука — дзе ўсё гэта?»
Ён зноў пайшоў у сталовую. Там Асадчы і таварыш Рамашова па роце, Веткін, праводзілі пад рукі да выхадных дзвярэй зусім ап'янелага Леха, які бездапаможна круціў галавою і пераконваў, што ён архірэй. Асадчы з сур'ёзным тварам гаварыў зычнай актавай, як пратадыякан:
— Благослови, преосвященный владыка. Врр-ремя начатия служения...
Па меры таго як танцавальны вечар падыходзіў к канцу, у сталовай рабілася ўсё больш шумна. Паветра было так напоўнена тытунёвым дымам, што людзі, якія сядзелі на розных канцах стала, ледзьве маглі разгледзець адзін аднаго. У адным канцы спявалі, ля акна, сабраўшыся купкаю, расказвалі непрыстойныя анекдоты, якія былі звычайнай прыправай да ўсіх вячэр і абедаў.
— Не, не, панове... дазвольце, вось я вам раскажу! — крычаў Арчакоўскі. — Прыходзіць аднойчы салдат на пастой да хахла. А ў хахла пры-ыгожая жонка. Вось салдат і думае: як бы мне гэта...
Ён толькі канчаў, а яго перапыняў ужо Васіль Васільевіч Ліпскі, які з нецярплівасцю чакаў свае чаргі.
— Не, гэта што, панове... А вось я ведаю адзін анекдот.
Але і яго тут жа перапынялі, і ўжо наступны спяшаўся са сваім расказам.
— А вось яшчэ, панове. Справа была ў Адэсе, і прытым выпадак...
Усе анекдоты былі паскудныя, пахабныя, і, як гэта заўсёды бывае, абуджаў смех толькі адзін з расказчыкаў, самы ўпэўнены і цынічны.
Веткін, вярнуўшыся з вуліцы, дзе ён памагаў Леху сесці ў экіпаж, запрасіў да стала Рамашова.
— Сядай, Жоржык... Расціснем. Я сёння багаты, як жыд. Учора выйграў і сёння зноў буду кідаць банк.
Рамашова падбівала пагаварыць з усёй шчырасцю, расказаць каму-небудзь пра свой смутак і пагарду да жыцця. Выпіваючы чарку за чаркай, ён пазіраў на Веткіна ўмольнымі вачамі і гаварыў пераканаўчым, цёплым, дрыготкім голасам:
Читать дальше