— Я ведаю ўсе інтрыгі гэтай жанчыны, гэтай ліліпуткі, — гаварыла далей Раіса, калі Рамашоў вярнуўся на месца. — Толькі дарэмна яна так нос задзірае! Што яна дачка натарыуса, які прамантачыў чужыя грошы...
— Я прасіў бы ў маёй прысутнасці не гаварыць так пра маіх знаёмых, — сурова спыніў яе Рамашоў.
Тады адбылася грубая сцэна. Петэрсон са страшэннай агіднасцю пачала лаяць Шурачку. Яна ўжо забылася на свае фальшывыя ўсмешкі і, уся ў плямах, старалася перакрычаць музыку сваім насмарачным голасам. Рамашоў жа чырванеў да сапраўдных слёз ад свайго бяссілля і разгубленасці, і ад болю за абражаную Шурачку, і таму, што праз аглушальныя гукі кадрылі яму не ўдавалася ўставіць ніводнага слова, а галоўнае — таму, што на іх пачыналі ўжо звяртаць увагу.
— Так, так, у яе бацька прамантачыў чужыя грошы, ёй няма чаго задзіраць нос! — крычала Петэрсон. — Скажыце на ласку, яна нам негліжуе [45] Пагарджае (ад франц. negliger).
. Мы і пра яе тое-сёе ведаем! Так!
— Я вас прашу, — лепятаў Рамашоў.
— Чакайце, вы з ёю яшчэ пабачыце мае кіпці. Я адкрыю вочы гэтаму дурню Мікалаеву, якога яна трэці год не можа прапхнуць у акадэмію. І хіба ён паступіць, гэты дурань, калі не бачыць, што ў яго пад носам робіцца. Ды і то сказаць — і паклоннік жа ў яе!..
— Мазурка жэнераль! Праменад! — крычаў Бабяцінскі, лётаючы ўздоўж залы, як архангел.
Падлога задрыжала і рытмічна загойдалася пад цяжкім тупатам ног, у такт мазурцы зазвінелі падвескі ў люстры, пераліваючыся разнаколернымі агеньчыкамі, і мерна загойдаліся цюлевыя фіранкі на вокнах.
— А чаму б нам не расстацца міралюбна? — лагодна спытаў Рамашоў. У душы ён адчуваў, што гэтая жанчына выклікае ў ім разам з пагардаю нейкую дробязную, ганебную, але неадольную баязлівасць. — Вы мяне не любіце больш... Развітаемся добрымі сябрамі.
— А-а! Вы мне хочаце зубы загаварыць? Не турбуйцеся, мой мілы, — яна вымавіла: «бой білы», — я не з тых, каго пакідаюць. Я сама пакідаю, калі захачу. Але я не магу ўволю надзівіцца з вашай подласці...
— Скончым жа хутчэй, — з нецярплівасцю, глухім голасам, сцяўшы зубы, вымавіў Рамашоў.
— Антракт пяць хвілін. Кавалье, акюпе во дам! [46] Кавалеры, весяліце дам! (франц.).
— крыкнуў дырыжор.
— Так, калі я гэтага захачу. Вы подла ашуквалі мяне. Я ахвяравала для вас усім, аддала вам усё, што можа аддаць сумленная жанчына... Я не мела права зірнуць у вочы майму мужу, гэтаму ідэальнаму, цудоўнаму чалавеку. Праз вас я забылася на свае абавязкі жонкі і маці. О, чаму, чаму я не асталася адданая яму!
— Да-пу-сцім!
Рамашоў не мог стрымаць усмешкі. Яе шматлікія раманы з усімі маладымі афіцэрамі, якія прыязджалі на службу, былі добра вядомы ў палку, гэтак жа, між іншым, як і ўсе любоўныя гісторыі, што адбываліся паміж усімі сямюдзесяццю пяццю афіцэрамі і іх жонкамі і сваячкамі. Яму цяпер прыгадаліся выразы: «мой дурань», «гэты агідны чалавек», «гэты ёлупень, які заўсёды круціцца перад носам» і іншыя не менш моцныя выразы, якія рассыпала Раіса ў пісьмах і вусна пра свайго мужа.
— А! Вы яшчэ маеце нахабства смяяцца? Ну, добра! — узгарэлася Раіса. — Нам пачынаць! — спахапілася яна і, узяўшы за руку свайго кавалера, дробнаю хадою падалася наперад, грацыёзна ківаючыся ўсім тулавам і напружана ўсміхаючыся.
Калі яны скончылі фігуру, твар у яе зноў набыў сярдзіты выгляд, «нібы ў раззлаванага насякомага», — падумаў Рамашоў.
— Я гэтага не дарую вам. Чуеце, ніколі! Я ведаю, чаму вы так подла, так ганебна хочаце пакінуць мяне. Дык жа не будзе таго, што вы надумалі, не будзе, не будзе, не будзе! Замест таго каб шчыра і сумленна сказаць, што вы мяне больш не кахаеце, надумаліся ашукваць мяне і карыстацца мной як жанчынай, як самкай... на ўсякі выпадак, калі там не ўдасца. Ха-ха-ха!..
— Ну добра, будзем гаварыць шчыра, — са стрыманай лютасцю загаварыў Рамашоў. Ён усё больш бляднеў і кусаў губы. — Вы самі гэтага захацелі. Так, гэта праўда: я не кахаю вас.
— Ах, скажы-ыце, як мне гэта крыўдна!
— І не кахаў ніколі. Як і вы мяне, дарэчы. Мы абое гулялі ў нейкую агідную, хлуслівую і брудную гульню, нейкі пошлы аматарскі фарс. Я добра, вельмі добра зразумеў вас, Раіса Аляксандраўна. Вам не была патрэбна ні пяшчота, ні каханне, ні звычайная прыхільнасць. Вы надзвычай убогія і нікчэмныя для гэтага. Таму што, — Рамашову раптам прыгадаліся словы Назанскага, — таму што кахаць могуць толькі адзінкі, толькі вытанчаныя натуры!
— Ха, гэта, напэўна, вы — вытанчаная натура?
Зноў грымнула музыка. Рамашоў з нянавісцю паглядзеў у акно на бліскучае меднае жарало трамбона, які з шалёнай абыякавасцю нібы выплёўваў у залу зычныя і хрыплыя гукі. І салдат, які іграў на ім, надзьмуўшы шчокі, вылупіўшы вочы і ссінеўшы ад напружання, быў яму ненавісны.
Читать дальше