Там прагульваліся ўжо тры дамы, якія толькі што прыехалі, усе тры — немаладыя. Самая старэйшая з іх, жонка загадчыка гаспадаркі, Ганна Іванаўна Мігунова, звярнулася да Рамашова строгім і манерным тонам, капрызна расцягваючы канцы слоў і са свецкай важнасцю ківаючы галавой:
— Падпаручнік Рамашо-оў, загадайце сыграць што-небудзь для слы-ыху. Калі ла-аска...
— Слухаю, — Рамашоў пакланіўся і падышоў да музыкальнага акна. — Зісерман, — крыкнуў ён старасце аркестра, — давай для слыху!
Праз расчыненае акно галерэі грымнулі першыя гукі ўверцюры з «Жыцця за цара», і ў такт ім захісталіся ўверх і ўніз языкі свечак.
Дамы пакрысе з'язджаліся. Раней, год таму назад, Рамашоў страшэнна любіў гэтыя хвіліны перад балем, калі, па сваіх дырыжорскіх абавязках, ён сустракаў у пярэднім пакоі дам. Якімі таямнічымі і чароўнымі здаваліся яны яму, калі, узбуджаныя святлом, музыкай і чаканнем танцаў, яны з вясёлай мітуснёй вызваляліся ад сваіх каптуроў, баа і футэрак. Разам з жаночым смехам і звонкай балбатнёй невялічкі пярэдні пакой раптам напаўняўся пахам марозу, духоў, пудры і лайкавых пальчатак — няўлоўным пахам па-святочнаму адзетых і прыгожых жанчын перад балем. Якімі бліскучымі і закаханымі здаваліся яму іх вочы ў люстрах, перад якімі яны на скорую руку папраўлялі свае прычоскі! Якой музыкай гучала шамаценне і шорхат іх спадніц! Якая ласка адчувалася ў дотыку іх маленькіх рук, іх шалікаў і веераў!..
Цяпер гэтае зачараванне прайшло, і Рамашоў ведаў, што назаўсёды. Ён не без пэўнага сораму разумеў цяпер, што многае ў тым зачараванні было ўзята з французскіх благіх раманаў, у якіх нязменна апісваецца, як Густаў і Арман прыехалі на баль у расейскае пасольства і праходзілі праз вестыбюль. Ён ведаў таксама, што палкавыя дамы гадамі носяць адну і тую ж «шыкоўную» сукенку, робячы ўбогія спробы паднаўляць яе да асабліва важных вечароў, а пальчаткі чысцяць бензінам. Яму смешным і прэтэнцыёзным здавалася іх агульная цяга да розных эгрэтак, шалікаў, вялізных фальшывых каменняў, да пёраў і багацця стужак; у гэтым выяўлялася нейкая дробязная, безгустоўная, хатняга вырабу раскоша. Яны ўжывалі тлустыя бялілы і румяны, але няўмела і груба да наіўнасці: у некаторых ад гэтых сродкаў твары набывалі злавеснае сіняватае адценне. Але больш за ўсё было непрыемным для Рамашова тое, што ён, як і ўсе ў палку, ведаў закулісныя гісторыі кожнага балю, кожнай сукенкі, ледзь не кожнай какетлівай фразы; хітрыкі, плёткі, узаемная нянавісць, бяссільная правінцыяльная гульня ў свецкасць і, нарэшце, сумныя, агідныя сувязі...
Прыехаў капітан Тальман з жонкаю: абое вельмі высокія, дзябёлыя; яна — пяшчотная, тоўстая, пульхная бландзінка, ён — са смуглявым, разбойніцкім тварам, з бесперапынным кашлем і хрыплым голасам. Рамашоў ужо загадзя ведаў, што зараз Тальман скажа сваю звычайную фразу, і ён сапраўды, бегаючы цыганскімі вачамі, прасіпеў:
— А што, падпаручнік, у картачнай ужо вінцяць?
— Не яшчэ. Усе ў сталовай.
— Не яшчэ? Ведаеш, Сонечка, я таго... пайду ў сталовую — «Інвалід» прагледзець. Вы, дарагі Рамашоў, папасіце яе... ну, там, якую-небудзь кадрыленцыю.
Потым у пярэдні пакой уляцела сямейства Лыкачовых — цэлы вывадак мілых, смяшлівых і картавых паненак на чале з маткаю — маленькай, жвавай жанчынай, якая ў сорак гадоў танцавала без стомы і пастаянна раджала дзяцей «паміж другой і трэцяй кадрыллю», як казаў пра яе палкавы жартаўнік Арчакоўскі.
Паненкі, па-рознаму картавячы, смеючыся і перапыняючы адна адну, накінуліся на Рамашова:
— Чаму вы да нас не п'іходзілі?
— Звой, звой, звой!
— Нехалосы, нехалосы, нехалосы!
— Звой, звой!
— Запласаю вас на пейсую кад'іль.
— Medames!.. Medames!.. — гаварыў Рамашоў, супроць волі стараючыся паказаць сябе як ветлівага кавалера і раскланьваючыся на ўсе бакі.
У гэты час ён выпадкова зірнуў на ўваходныя дзверы і ўбачыў за іх шклом хударлявы і губасты твар Раісы Аляксандраўны Петэрсон пад белай хусткай, надзетай паўзверх капелюша. Рамашоў хуценька, зусім па-хлапчукоўску, шмыгнуў у гасціную. Але які кароткі ні быў гэты момант і як ні стараўся падпаручнік пераканаць сябе, што Раіса яго не заўважыла, — усё ж ён адчуў трывогу; у маленькіх вачах яго палюбоўніцы яму здалося нешта новае і неспакойнае, нейкая жорсткая, злосная і ўпэўненая пагроза.
Ён пайшоў у сталовую. Там ужо сабралося шмат народу; амаль усе месцы за доўгім, накрытым цыратаю сталом былі заняты. Сіні тытунёвы дым вісеў у паветры. Патыхала гарэлым маслам з кухні. Дзве ці тры групы афіцэраў пачыналі ўжо выпіваць і закусваць. Некаторыя чыталі газеты. Густы і стракаты шум галасоў зліваўся з перазвонам нажэй, пошчакам більярдных шароў і бразганнем кухонных дзвярэй. Па нагах цягнула халадком з сенцаў.
Читать дальше