Рамашоў сядзеў за абедам збянтэжаны, сарамлівы, не ведаючы, куды падзець рукі, большаю часткаю трымаў іх пад сталом і заплятаў у коскі махры абруса. Ён даўно ўжо адвык ад сямейнай утульнасці, ад прыстойнай і камфартабельнай мэблі, ад парадку за сталом. І яго ўвесь час мучыла адна і тая ж думка: «Гэта ж агідна, гэта такая слабасць і баязлівасць з майго боку, што я не змог, не адважыўся адмовіцца ад гэтага ганебнага абеду. Ну вось я зараз устану, зраблю агульны паклон і пайду. Няхай думаюць, што хочуць. Урэшце, не з'есць жа ён мяне? Не адніме маёй душы, думак, розуму? Але ці пайду я?» І зноў з трапяткім сэрцам, бляднеючы ад унутранага хвалявання, крыўдуючы на самога сябе, ён адчуваў, што не можа гэтага зрабіць.
Надышоў ужо вечар, калі падалі каву. Чырвоныя, касыя праменні сонца ўварваліся ў вокны і зайгралі яркімі меднымі плямамі на цёмных шпалерах, на абрусе, на крышталі, на тварах у людзей. Усе сціхлі ў нейкай самотнай чароўнасці гэтай вячэрняй пары.
— Калі я быў яшчэ прапаршчыкам, — загаварыў раптам Шульговіч, — у нас быў камандзір брыгады, генерал Фафанаў. Такі цудоўны стары, баявы генерал, здаецца, ледзь не з кантаністаў. Памятаю, ён, бывала, падыдзе ў часе агляду да барабаншчыка, — страшэнна любіў барабан, — падыдзе і скажа: «Ану, браток, шыграй мне што-небудзь меланхалішнае». Вось так. Дык гэты генерал, калі ў яго збіраліся госці, заўсёды ішоў спаць дакладна ў адзінаццаць. Бывала, звернецца да гасцей і скажа: «Ну, панове, ешце, піце, вешаліцеся, а я пайду ў абдымкі да Нептуна». Яму кажуць: «Марфея, ваша правасхадзіцельства?» — «Э, ушо роўна: ш адной мінералогіі...» Гэтак і я цяпер, панове, — Шульговіч устаў і паклаў на спінку крэсла сурвэтку, — таксама іду ў абдымкі да Нептуна. Вы вольныя, паны афіцэры.
Афіцэры ўсталі і выпрасталіся.
«Іранічная, горкая ўсмешка паявілася на яго тонкіх губах», — падумаў Рамашоў, але толькі падумаў, бо твар у яго ў гэтую хвіліну быў варты жалю, бледны і непрыгожа-пачцівы.
Зноў ішоў Рамашоў дадому, адчуваючы сябе адзінокім, сумным, згубленым у нейкім чужым, цёмным і варожым месцы. Зноў гарэла на захадзе ў шызых цяжкіх хмарах чырвона-бурштынавая зара, і зноў Рамашову мроіўся далёка за небасхілам, за дамамі і палямі, цудоўны фантастычны горад з жыццём, поўным красы, велічы і шчасця.
На вуліцы ўсё гусцей і гусцей клаўся змрок. Па шашы з віскам бегалі жыдоўскія хлапчукі. Дзесьці на прызбах, ля варот, у садах звінеў жаночы смех, звінеў бесперапынна і ўзбуджана, з нейкім гарачым, жывёльным, радасным дрыжаннем, як звініць ён толькі ранняю вясною. І разам з ціхім, задуменным смуткам у душы ў Рамашова нараджаліся дзіўныя, няясныя ўспаміны аб шчасці, якога ніколі не было, і аб мінулых, яшчэ больш цудоўных вёснах, а ў сэрцы варушылася невыразнае і салодкае прадчуванне будучага кахання...
Калі ён прыйшоў дадому, дык застаў Гайнана ў яго змрочнай каморы перад бюстам Пушкіна. Вялікі паэт быў весь вымазаны алеем, а свечка, якая гарэла перад ім, кідала блішчастыя плямы на нос, на тоўстыя губы і на жылістую шыю. Сам жа Гайнан, седзячы па-турэцку на трох дошках, якія замянялі яму ложак, ківаўся ўзад і ўперад і мармытаў нараспеў штосьці цягучае і аднастайнае.
— Гайнан! — гукнуў яго Рамашоў.
Дзяншчык уздрыгнуў і, усхапіўшыся з ложка, выпрастаўся. На твары ў яго адбіўся спалох.
— Ала? — спытаў Рамашоў зычліва.
Бязвусы хлапчукоўскі рот чараміса ўвесь расплыўся ў доўгай усмешцы, ад якой пры агні свечкі забліскалі яго цудоўныя белыя зубы.
— Ала, ваша благароддзя!
— Ну, ну, ну... Сядзі сабе, сядзі. — Рамашоў ласкава пагладзіў дзеншчыка па плячы. — Усё роўна, Гайнан, у цябе ала, у мяне ала. Адзін, браце, ала ва ўсіх чалавекаў.
«Добры хлопец Гайнан, — падумаў падпаручнік, ідучы ў пакой. — А я вось не маю права паціснуць яму рукі. Так, не магу, не маю права. О, чорт! Трэба будзе з сённяшняга дня самому апранацца і распранацца. Непрыстойна прымушаць гэта рабіць за сябе другога чалавека».
У гэты вечар ён не пайшоў у сход, а дастаў з прыскрынка тоўсты разлінаваны сшытак, спісаны дробным няроўным почыркам, і пісаў да позняй ночы. Гэта была трэцяя, па ліку, аповесць, якую пісаў Рамашоў, — «Апошні фатальны дэбют». Падпаручнік сам саромеўся сваіх літаратурных заняткаў і нікому на свеце ніколі не сказаў бы пра іх.
Казармы для размяшчэння палка толькі што пачалі будаваць на ўскраіне мястэчка, за чыгункай, на так званым выгане, а да іх заканчэння полк з усімі сваімі ўстановамі быў раскватараваны па прыватных кватэрах. Афіцэрскі сход займаў невялічкі аднапавярховы дамок, які быў размешчаны глаголем: у даўжэйшай частцы, якая ішла ўдоўж вуліцы, знаходзіліся танцавальная зала і гасціная, а кароткую, якая цягнулася ў глыб бруднага двара, займалі — сталовая, кухня і «нумары» для прыезджых афіцэраў. Гэтыя дзве палавіны былі звязаны паміж сабою чымсьці накшталт заблытанага, вузкага, каленчатага калідора; кожнае калена злучалася з другім дзвярамі, і такім чынам атрымаўся рад маленечкіх пакойчыкаў, якія служылі — буфетам, більярднай, картачнай, перадпакоем і жаночай прыбіральняй. Паколькі ўсе гэтыя памяшканні, апрача сталовай, былі звычайна пустыя і ніколі не праветрываліся, дык у іх стаяла сырое, кіслае, нежылое паветра з прымессю асобага паху ад старой дывановай абіўкі, якая закрывала мэблю.
Читать дальше