— Іх высокаблагароддзе просяць ваша благароддзе.
Ён адчыніў дзверы ў кабінет, стоячы бокам, і сам падаўся назад, саступаючы з дарогі. Рамашоў зайшоў.
Палкоўнік Шульговіч сядзеў за сталом, у левым куце ад увахода. Ён быў у шэрай тужурцы, з-пад якой відаць вельмі дарагая бліскучая бялізна. Мясістыя чырвоныя рукі ляжалі на падлакотніках драўлянага крэсла. Вялізны старэчы твар з сівой кароткай шчоткай валасоў на галаве і з сівой барадой клінам быў суровы і халодны. Выцвілыя светлыя вочы пазіралі варожа. На паклон падпаручніка ён коратка кіўнуў галавою. Рамашоў раптам заўважыў у яго ў вуху сярэбраную завушніцу ў выглядзе паўмесяца з крыжам і падумаў: «А я ж гэтай завушніцы раней не бачыў».
— Нядобра, — пачаў камандзір рыкаючым басам, які зыходзіў як бы з глыбіні яго жывата, і зрабіў доўгую паўзу. — Сорамна! — гаварыў ён далей, павышаючы голас. — Служыце без году тыдзень, а пачынаеце ўжо хвастом круціць. Маю шматлікія падставы быць вамі нездаволеным. Даруйце, што ж гэта такое? Камандзір палка робіць яму заўвагу, а ён, няшчасны прапаршчык, фендрык, — дазваляе сабе вярзці нейкае глупства. Што за агіднасць! — раптам закрычаў палкоўнік так аглушальна, што Рамашоў уздрыгнуў. — Немажліва! Распуста!
Рамашоў панура глядзеў убок, і яму здавалася, што ніякая сіла на свеце не можа прымусіць яго зазірнуць у твар палкоўніка. «Дзе маё Я! — раптам насмешліва пранеслася ў яго ў галаве. — Вось ты павінен стаяць навыцяжку і маўчаць».
— Якімі шляхамі да мяне дайшло, я ўжо гэтага не буду вам перадаваць, але мне вядома дакладна, што вы п'яце. Гэта агідна. Хлапчук, жаўтаротае птушаня, якое толькі што выйшла са школы, і напіваецца ў сходзе, як апошні шавецкі чаляднік. Я, любы мой, усё ведаю; ад мяне нічога не схаваеш. Мне вядома ўсё тое, аб чым вы нават і не здагадваецеся. Што ж, калі хочаце каціцца па нахіленай плоскасці — ваша воля. Але кажу вам у апошні раз: думайце над маімі словамі. Гэтак заўсёды бывае, мой шаноўны: пачынаюць з чарачкі, потым з другой, а потым, глядзіш, і канчаюць жыццё пад плотам. Зарубіце сабе на носе. А апрача таго, ведайце: мы цярплівыя, аднак жа і анёльская цярплівасць можа лопнуць... Глядзіце, не даводзьце нас да крайнасці. Вы адзін, а суполка афіцэраў — гэта цэлая сям'я. Значыць, заўсёды можна і гэтае... за хвост і з кампаніі прэч.
«Я стаю, я маўчу, — са смуткам думаў Рамашоў, увесь час пазіраючы на завушніцу палкоўніка, — а мне трэба было б сказаць, што я і сам не шаную гэтай сям'і і хоць зараз магу пакінуць яе і пайсці ў запас. Сказаць? Ці асмелюся я?»
Сэрца ў Рамашова зноў моцна забілася, ён нават зрабіў нейкі кволы рух губамі і каўтануў сліну, але па-ранейшаму аставаўся нерухомы.
— Ды і наогул вашы паводзіны... — гаварыў далей жалезным тонам Шульговіч. — Вось вы летась яшчэ не паспелі праслужыць і года, а прасіліся ўжо ў адпачынак. Гаварылі пра хваробу вашай маці, паказвалі нейкае пісьмо ад яе... Што ж, я не магу, разумееце — не магу не верыць свайму афіцэру. Калі вы кажаце — маці, няхай будзе маці. Што ж, рознае здараецца. Але ведаеце, усё гэта неяк адно да аднаго, і разумееце...
Рамашоў ужо даўно адчуваў, як у яго пачало спачатку ледзь прыкметна, а потым усё мацней і мацней дрыжаць калена правай нагі. Нарэшце гэты міжвольны нервовы рух стаў такі прыкметны, што ад яго закалацілася ўсё цела. Гэта было вельмі недарэчна і вельмі непрыемна, і Рамашоў з сорамам думаў, што Шульговіч можа зразумець гэта як праяўленне страху перад ім. Аднак калі палкоўнік загаварыў пра яго маці, кроў раптам гарачым струменем кінулася Рамашову ў галаву, і дрыжанне імгненна спынілася. Першы раз ён узняў вочы ўгору і паглядзеў проста ў пераноссе Шульговіча. З нянавісцю, з цвёрдым і — гэта ён сам адчуваў у сябе на твары — з дзёрзкім выразам, які адразу, здавалася б, знішчыў вялізную лесвіцу, што аддзяляла маленькага падначаленага ад грознага начальства. Увесь пакой раптоўна пазмрачнеў, нібы ў ім апусцілі фіранкі. Густы голас камандзіра знік у нейкай бязгучнай глыбіні. Надышоў час жудаснай цемры і цішыні — без думак, без волі, без усякіх знешніх уражанняў, амаль без памяці, апрача аднаго страшнага пераканання, што зараз, вось у гэтую хвіліну, адбудзецца штосьці недарэчнае, непапраўнае, жахлівае. Дзіўны, быццам чужы голас шапнуў раптам аднекуль у вуха Рамашову: «Зараз я яго стукну», — і Рамашоў павольна перавёў вочы на мясістую вялікую старэчую шчаку і на сярэбраную завушніцу з крыжам і паўмесяцам.
Пасля, як у сне, убачыў ён, яшчэ не разумеючы гэтага, што ў вачах у Шульговіча папераменна адбіліся здзіўленне, страх, трывога, літасць... Безразважная, непазбежная хваля, якая падхапіла так грозна і так стыхійна душу Рамашова, раптам апала, растала, адхлынула назад. Рамашоў, нібы прачынаючыся, глыбока і моцна ўздыхнуў. Усё адразу зрабілася простым і будзённым у яго ў вачах. Шульговіч мітусліва паказваў яму на крэсла і гаварыў з нечаканай, грубаватай ласкай:
Читать дальше