Палкоўнік Шульговіч не адразу прыняў Рамашова: у яго быў нехта ў кабінеце. Давялося чакаць у паўцёмным пярэднім пакоі, дзе пахла яблыкамі, нафталінам, свежалакіраванай мэбляй і яшчэ нечым асаблівым, не непрыемным, чым пахне адзежа і рэчы ў багатых, акуратных нямецкіх сем'ях. Пераступаючы з нагі на нагу ў пярэднім пакоі, Рамашоў колькі разоў паглядзеў на сябе ў насценнае люстра, апраўленае ў светлую ясеневую раму, і кожны раз яго ўласны твар здаваўся яму прыкра-бледным, непрыгожым і нейкім незвычайным, сурдут — вельмі абшарпаным, а пагоны — дужа памятымі.
Спачатку з кабінета далятаў толькі глухі аднатонны гук нізкага камандзірскага басу. Слоў не было чуваць, але па злосных раскацістых інтанацыях можна было здагадацца, што палкоўнік некага распякае, з настойлівым і непахісным гневам. Гэта працягвалася хвілін пяць. Потым Шульговіч раптам змоўк; пачуўся чыйсьці дрыготкі ўмольны голас, і раптам, пасля кароткай паўзы, Рамашоў выразна, да апошняга адцення, пачуў словы, вымаўленыя са страшэннай ганарыстасцю, злосцю і пагардай:
— Што вы мне туман пускаеце? Дзеці? Жонка? Пляваць я хачу на вашых дзяцей! Перш чым нарабіць дзяцей, вы падумалі б, чым іх карміць. Што? Ага, цяпер — вінаваты, пан палкоўнік. Пан палкоўнік у вашай справе зусім не вінаваты. Вы, капітан, ведаеце, што калі пан палкоўнік цяпер не аддасць вас пад суд, дык я гэтым раблю злачынства па службе. Што-о-о? Зрабіце ласку маўчаць! Не памылка, а злачынства. Вам месца не ў палку, а вы самі ведаеце — дзе. Што?
Зноў затрымцеў палахлівы, умольны голас, такі жаласны, што ў ім, здавалася, не было нічога чалавечага. «Божа, што ж гэта? — падумаў Рамашоў, які нібы прыклеіўся каля люстра, пазіраючы на свой збялелы твар і не бачачы яго, адчуваючы, як у яго пакацілася і хваравіта забілася сэрца. — Божа, які жах!..»
Жаласлівы голас гаварыў даволі доўга. Калі ён скончыў, зноў пачуўся глыбокі бас камандзіра, але цяпер больш спакойны і мяккі, быццам Шульговіч паспеў ужо выліць свой гнеў крыкам і задаволіў сваю прагу ўлады выглядам чужога ўніжэння.
Ён гаварыў перарывіста:
— Добра. У апошні раз. Але па-мя-тай-це, гэта ў апошні раз. Чуеце? Зарубіце гэта на сваім чырвоным, п'яным носе. Калі да мяне яшчэ раз дойдуць чуткі, што вы п'янствуеце... Што? Добра, добра, ведаю я вашы абяцанні. Роту мне каб падрыхтавалі да агляду. Не рота, а б...! Праз тыдзень прыеду сам і пагляджу... Ну, а яшчэ вось вам мая парада: першым чынам навядзіце парадак з салдацкімі грашыма і са справаздачнасцю. Чуеце? Гэта каб заўтра ж было зроблена. Што? А мне што за справа? Хоць нарадзіце... Больш, капітан, я вас не затрымліваю. Маю гонар кланяцца.
Хтосьці нерашуча замітусіўся ў кабінеце і на дыбачках, рыпаючы ботамі, пайшоў да выхаду. Але яго адразу ж спыніў голас камандзіра, які зрабіўся раптам занадта суровы, каб не быць фальшывым:
— Пачакай, ідзі сюды, чортава перачніца... Нябось пабяжыш к жыдкам? А? Векселі пісаць? Эх ты, дурань, дурань, дурная ты галава... Ну, ужо на табе, д'ябал табе ў пячонку. Адна, дзве... раз, дзве, тры, чатыры... Трыста. Болей не магу. Аддасі, калі зможаш. Тфу, чорт, што за паскудства вы робіце, капітан! — закрычаў палкоўнік, павышаючы голас па ўзыходнай гаме. — Ніколі больш не рабіце гэтага! Гэта нізасць! Аднак марш, марш, марш! К чорту, к чорту, бывайце здаровы!..
У пярэдні пакой выйшаў, увесь чырвоны, з кроплямі поту на носе і на скронях, з перавернутым збянтэжаным тварам, маленькі капітан Светлавідаў. Правая рука ў яго была ў кішэні і сутаргава хрустала новенькімі паперкамі. Убачыўшы Рамашова, ён дробненька затупаў нагамі, па-блазенску захіхікаў і моцна ўчапіўся сваёй вільготнай, гарачай, дрыготкай рукой у руку падпаручніка. Вочы ў яго напружана і сарамліва бегалі і ў той жа час як бы мацалі Рамашова: чуў ён ці не?
— Люты! Акі тыгра! — развязна і прыніжана зашаптаў ён, ківаючы ў напрамку кабінета. — Але нічога! — Светлавідаў хутка і нервова перажагнаўся два разы. — Нічога. Слава табе, божа, слава табе, божа!
— Бан-да-рэн-ка! — крыкнуў з-за сцяны палкавы камандзір, і яго магутны голас адразу напоўніў усе закуткі дома і, здавалася, захістаў тонкія пераборкі пярэдняга пакоя. Ён ніколі не карыстаўся званком, спадзеючыся на сваё незвычайнае горла. — Бандарэнка! Хто там яшчэ ёсць? Прасі.
— Акі скімен! — шапнуў Светлавідаў з крывой усмешкай. — Бывайце, паручнік. Жадаю вам лёгкай пары.
З дзвярэй вышмыгнуў дзяншчык — тыповы камандзірскі дзяншчык, з паважна-нахабным тварам, з алейным праборам з боку галавы, у белых ніцяных пальчатках. Ён сказаў пачцівым тонам, але ў той жа час дзёрзка, нават крышку прыжмурыўшыся, пазіраючы проста ў вочы падпаручніку:
Читать дальше