— Так, так, я разумею, — ківаў галавою Назанскі, весела і ласкава ўсміхаючыся. — Я разумею вас. Гэта — нібы дрот, нібы электрычны ток? Праўда? Нейкая тонкая, прыемная сувязь? Ах, любы мой, жыццё такое цудоўнае...
Назанскі змоўк, расчулены сваімі думкамі, і яго блакітныя вочы, поўныя слёз, заблішчалі.
Рамашова таксама апанаваў нейкі няпэўны, мяккі жаль і крышку істэрычнае замілаванне. Гэтыя пачуцці ў аднолькавай ступені ахапілі і Назанскага і яго самога.
— Васіль Нілыч, я здзіўляюся, — сказаў ён, узяўшы Назанскага за абедзве рукі і моцна сціскаючы іх. — Вы — такі таленавіты, чулы, спагадлівы чалавек, і вось... нібы наўмысна губіце сябе. О, не, не, я не маю права чытаць вам пошлай маралі... Я сам... Але што, каб вы сустрэлі ў сваім жыцці жанчыну, якая змагла б вас зразумець і была б вартая вас. Я часта аб гэтым думаю!..
Назанскі прыпыніўся і доўга глядзеў у расчыненае акно.
— Жанчына... — працягнуў ён у задуменні. — Так! Я вам раскажу! — усклікнуў ён раптам рашуча. — Я сустрэў толькі адзіны раз у жыцці чароўную, незвычайную жанчыну. Дзяўчыну... Але ведаеце, як гэта ў Гейнэ: «Яна была варта кахання, і ён кахаў яе, але ён быў няварты кахання, і яна не кахала яго». Яна разлюбіла мяне за тое, што я п'ю... Зрэшты, я не ведаю, можа, я і п'ю таму, што яна мяне разлюбіла. Яна... яе тут таксама няма... гэта было даўно. Вы ж ведаеце, я праслужыў спачатку тры гады, потым быў чатыры гады ў запасе, а потым тры гады назад зноў паступіў у полк. Паміж намі не было рамана. Усяго дзесяць — пятнаццаць сустрэч, пяць-шэсць інтымных размоў. Але — ці думалі вы калі-небудзь пра абаяльную, чароўную ўладу мінулага? Дык вось, у гэтых наіўных дробязях — усё маё багацце. Я кахаю яе да гэтага часу. Пачакайце, Рамашоў. Вы заслугоўваеце гэтага. Я вам прачытаю яе адзінае пісьмо — першае і апошняе, якое яна мне напісала.
Ён сеў на кукішкі перад чамаданам і стаў павольна перакладаць у ім нейкія паперы. І ў той жа час гаварыў далей:
— Мусіць, яна ніколі і нікога не кахала, апрача сябе. У яе процьма ўладалюбства, нейкай злой і гордай сілы. І ў той жа час яна — такая добрая, пяшчотная, бясконца мілая. Нібыта ў ёй два чалавекі: адзін — з сухім, эгаістычным розумам, другі — з мяккім і страсным сэрцам. Вось яно, чытайце, Рамашоў. Што зверху — гэта лішняе. — Назанскі загнуў некалькі радкоў зверху. — Вось адсюль. Чытайце.
Штосьці, здавалася, нябачнае стукнула Рамашова па галаве, і ўвесь пакой захістаўся перад яго вачамі. Пісьмо было напісана шырокім, нервовым, тонкім почыркам, які мог належаць толькі адной Аляксандры Пятроўне — такі ён быў характэрны, няправільны і зграбны. Рамашоў, які часцяком атрымліваў ад яе запіскі з запрашэннямі на абед і на партыю вінта, мог бы пазнаць гэты почырк сярод тысячы разнастайных пісем.
«...і горка і цяжка вымавіць яго, — чытаў ён з-пад рукі Назанскага. — Але вы самі зрабілі ўсё, каб прывесці наша знаёмства да такога сумнага канца. Больш за ўсё ў жыцці я саромеюся хлусні, якая заўсёды ідзе ад баязлівасці і ад слабасці, і таму не буду вам хлусіць. Я кахаю вас і да гэтага часу яшчэ кахаю, і ведаю, што мне няхутка і нялёгка будзе пазбавіцца гэтага пачуцця. Але нарэшце я ўсё ж атрымаю над ім перамогу. Што было б, каб я зрабіла іначай? У мяне, праўда, хапіла б сілы і самаахвярнасці быць важатым, нянькай, міласэрнай сястрой пры бязвольным, маральна спустошаным чалавеку, але я ненавіджу пачуцці жаласлівасці і пастаяннага ганебнага даравання і не хачу, каб вы іх абуджалі ўва мне. Я не хачу, каб вы жылі з міласціны спачування і сабачай адданасці. А іншым вы быць не можаце, нягледзячы на ваш розум і цудоўную душу. Скажыце сумленна, шчыра, вы ж не можаце? Ах, дарагі Васіль Нілыч, каб вы толькі маглі! Каб толькі! Да вас імкнецца ўсё маё сэрца, усе мае жаданні, я кахаю вас. Але вы самі не захацелі мяне. Для любага чалавека, як вядома, можна перавярнуць увесь свет, а я вас прасіла так мала. Вы не можаце?
Бывайце. У думках цалую вас у лоб... як нябожчыка, таму што вы памерлі для мяне. Раю гэтае пісьмо спаліць. Не таму, што я нечага баюся, а таму, што пазней яно будзе для вас крыніцаю смутку і пакутлівых успамінаў. Яшчэ раз паўтараю...»
— Далей вам не цікава, — сказаў Назанскі і ўзяў з рук у Рамашова пісьмо. — Гэта было яе адзінае пісьмо да мяне.
— Што ж было потым? — праз сілу спытаў Рамашоў.
— Потым? Потым мы не бачыліся болей. Яна... яна з'ехала кудысьці і, здаецца, пайшла замуж за... аднаго інжынера. Гэта другараднае.
— І вы ніколі не бываеце ў Аляксандры Пятроўны?
Гэтыя словы Рамашоў вымавіў зусім шэптам, але абодва афіцэры ўздрыгнулі ад іх і доўга не маглі адвесці вачэй адзін ад аднаго.
Читать дальше