У горадзе зазванілі к позняй абедні. Праз другую, яшчэ не выстаўленую раму да Рамашова даляталі дрыготкія гукі званоў, гукі, якія нібыта нараджаліся адзін ад аднаго, па-вясенняму чароўна сумныя. Адразу ж за акном пачынаўся сад, дзе вельмі многа расло чарэшняў, белых ад кветак, круглых і кучаравых, быццам атара беласнежных авечак, быццам купка дзяўчынак у белых сукенках. Паміж імі там-сям узвышаліся стромкія, роўныя таполі з галінамі, малітоўна ўзнятымі ўгору, у неба, і шырока раскідвалі свае магутныя купалападобныя верхавіны старыя каштаны; дрэвы былі яшчэ пустыя і чарнелі голымі сукамі, але пачыналі ўжо, ледзь прыкметна для вока, жаўцець першай, пушыстай, радаснай зелянінай. Раніца выдалася ясная, яркая, вільготная. Дрэвы ціха ўздрыгвалі і злёгку пагойдваліся. Адчувалася, што паміж імі блукае ласкавы ветрык, і заляцаецца, і сваволіць, і, схіляючы кветкі долу, цалуе іх.
З акна направа была відаць праз вароты частка бруднай, чорнай вуліцы, з нечым плотам па той бок. Уздоўж гэтага плота, асцярожна ступаючы нагамі ў сухія месцы, не спяшаючыся праходзілі людзі. «У іх цэлы дзень яшчэ наперадзе, — думаў Рамашоў, зайздросліва сочачы за імі вачамі, — таму яны і не спяшаюцца. Цэлы вольны дзень!»
І яму раптам нецярпліва, страсна, да слёз захацелася зараз жа апрануцца і пайсці з пакоя. Яго пацягнула не ў сход, як заўсёды, а проста на вуліцу, на паветра. Ён як быццам не ведаў раней цаны свабодзе і цяпер сам здзіўляўся, якое шчасце можа быць у простай магчымасці ісці куды хочаш, звярнуць у любы завулак, выйсці на плошчу, зайсці ў царкву і рабіць гэта не баючыся, не думаючы пра вынікі. Гэтая магчымасць раптам уявілася яму як нейкае вялікае свята душы.
І разам з тым прыгадалася яму, як у маленстве, яшчэ да корпуса, маці карала яго тым, што прывязвала яго тоненькай ніткай за нагу да ложка і пакідала аднаго. І маленькі Рамашоў пакорліва сядзеў цэлымі гадзінамі. Другім часам ён ні на хвіліну не задумаўся б над тым, каб уцячы з дому на ўвесь дзень, хоць і давялося б спускацца па вадасцёку з акна другога паверха. Ён часцяком, вышмыгнуўшы такім чынам з дому, падаваўся ў другі канец Масквы за ваеннай музыкай або за пахаваннем; ён крадком браў у маці цукар, сочыва і папяросы для старэйшых таварышаў, але нітка аказвала на яго дзіўнае, гіпнатычнае дзеянне. Ён нават баяўся нацягваць яе крышку мацней, каб яна хоць не парвалася. Тут быў не страх перад пакараннем і, вядома, не добрасумленнасць і не раскаянне, а менавіта гіпноз, нешта накшталт забабоннага страху перад магутнымі і загадкавымі паводзінамі дарослых, нешта накшталт пачцівага жаху дзікуна перад магічным кругам шамана.
«І вось я цяпер сяджу, як школьнік, як хлапчук, прывязаны за нагу, — думаў Рамашоў, ходзячы па пакоі. — Дзверы расчынены, мне хочацца ісці куды хачу, рабіць што хачу, гаварыць, смяяцца — а я сяджу на нітцы. Гэта я сяджу. Я. Гэта ж — Я! Але гэта толькі ён вырашыў, што я павінен сядзець. Я не даваў сваёй згоды».
— Я! — Рамашоў спыніўся пасярод пакоя і з расстаўленымі нагамі, апусціўшы долу галаву, глыбока задумаўся. — Я! Я! Я! — раптам усклікнуў ён гучна, са здзіўленнем, нібы ўпершыню зразумеў гэтае кароткае слова. — Хто ж гэта стаіць тут і пазірае долу, на чорную шчыліну ў падлозе? Гэта — Я. О, як дзіўна!.. Я-а, — працягнуў ён марудна, усёй сваёй істотай прыслухоўваючыся да гэтага гуку.
Ён рассеяна і ніякавата ўсміхнуўся, але адразу ж насупіўся і пабялеў ад напружання думкі. Такое з ім здаралася досыць часта за апошнія пяць-шэсць гадоў, як яно бывае амаль з усімі маладымі людзьмі ў перыяд паспявання душы. Простая ісціна, прымаўка, агульнавядомае выслоўе, сэнс якога ён даўно ўжо механічна ведаў, раптам дзякуючы нейкаму неспадзяванаму ўнутранаму асвятленню набывалі глыбокае філасофскае значэнне, і тады яму здавалася, што ён упершыню іх чуе, амаль сам адкрыў іх. Ён нават памятаў, як гэта было з ім у першы раз. У корпусе, на ўроку закона божага, святар тлумачыў прытчу аб работніках, якія пераносілі каменне. Адзін насіў спачатку дробнае, а потым узяўся за цяжкое і апошніх камянёў ужо не мог дацягнуць; другі ж зрабіў наадварот і скончыў сваю працу паспяхова. Перад Рамашовым раптам адразу раскрылася цэлая бездань практычнай мудрасці, што была схавана ў гэтай бясхітраснай прытчы, якую ён ведаў і разумеў з тае пары, як навучыўся чытаць. Тое ж самае здарылася неўзабаве са знаёмай прымаўкай: «Сем разоў адмерай — адзін раз адрэж». У адзін нейкі шчаслівы момант ён зразумеў у ёй усё: разважнасць, дальнабачнасць, асцярожную беражлівасць, разлік. Вялізны жыццёвы вопыт хаваўся ў гэтых пяці-шасці словах. Так і цяпер, яго раптам ашаламіла і ўзрушыла нечакана яснае ўсведамленне сваёй індывідуальнасці...
Читать дальше