— Вы гаварылі пра жаночае каханне — пра бездань, пра таямніцу, пра радасць, — нагадаў Рамашоў.
— Так, каханне! — усклікнуў Назанскі ў захапленні. Ён хуценька выпіў чарку, адвярнуўся з агністымі вачмі ад пасудніка і таропка выцер губы рукавом кашулі. — Каханне! Хто разумее яго? З яго зрабілі тэму для агідных, памыйных аперэтак, для бессаромных картак, для брыдкіх анекдотаў, для брыдкіх-брыдкіх вершыкаў. Гэта мы, афіцэры, зрабілі. Учора ў мяне быў Дзіц. Ён сядзеў на гэтым жа самым месцы, дзе цяпер седзіцё вы. Ён забаўляўся сваім залатым пенснэ і гаварыў пра жанчын. Рамашоў, шаноўны мой, каб жывёліны, напрыклад сабакі, разумелі чалавечую мову і каб адна з іх пачула ўчора Дзіца, далібог, яна ўцякла б з пакоя ад сораму. Вы ведаеце — Дзіц добры чалавек, ды і ўсе добрыя, Рамашоў: благіх людзей няма. Але ён саромеецца іначай гаварыць пра жанчын, саромеецца праз боязь страціць сваё рэнаме цыніка, распусніка і пераможца. Тут нейкі агульны падман, нейкае фальшывае мужчынскае маладзецтва, нейкая самахвальная пагарда да жанчыны. І ўсё гэта таму, што для большасці ў каханні, у валоданні жанчынай, разумееце, у канчатковым валоданні, — хаваецца штосьці груба-жывёльнае, штосьці эгаістычнае, толькі для сябе, штосьці запаветна-подлае, распуснае і ганебнае — чорт! — я не ўмею гэтага выказаць. І таму вось у большасці ўслед за валоданнем ідзе халоднасць, агіда, варожасць. Таму вось людзі і адвялі для кахання ноч, гэтак жа як для крадзяжу і для забойства... Тут, дарагі мой, прырода наладзіла для людзей нейкую засаду з прынадаю і з пятлёю.
— Гэта праўда, — ціха і самотна згадзіўся Рамашоў.
— Не, няпраўда! — гучна крыкнуў Назанскі. — А я вам кажу — няпраўда. Прырода, як і ва ўсім, распарадзілася геніяльна. У тым вось і справа, што для паручніка Дзіца ўслед за каханнем ідзе гідлівасць і перасыць, а для Дантэ ўсё каханне — пекната, зачараванне, вясна! Не, не, не думайце: я кажу пра каханне ў самым простым цялесным сэнсе. Але яно толькі для выбраннікаў. Вось вам прыклад: усе людзі маюць музыкальны слых, але ў мільёнаў ён, як у рыбы траскі або як у штабс-капітана Васільчанкі, а адзін з гэтага мільёна — Бетховен... І гэтак ва ўсім: у паэзіі, у мастацтве, у мудрасці... І каханне, кажу я вам, мае свае вяршыні, якія даступны толькі для адзінак з мільёнаў.
Ён падышоў да акна, прысланіўся лбом да сцяны побач з Рамашовым і, задуменна пазіраючы ў цёплы морак вясенняй ночы, загаварыў дрыготкім, глыбокім, пранікнёным голасам:
— О, як мы не ўмеем цаніць яго тонкай, няўлоўнай пекнаты, мы — грубыя, лянівыя, недальнабачныя. Ці разумееце вы, колькі разнастайнага шчасця і чароўных пакут нясе з сабою безнадзейнае каханне? Калі я быў крыху маладзейшы, я жыў адною мараю: закахацца ў недасягальную, незвычайную жанчыну, такую, ведаеце, з якою ў мяне ніколі і нічога не можа быць агульнага. Закахацца і ўсё жыццё, усе думкі прысвяціць ёй. Усё роўна: пайсці ў падзёншчыкі, наняцца лёкаем, фурманам — пераапранацца, хітраваць, каб толькі хоць раз за год выпадкова ўбачыць яе, пацалаваць сляды яе ног на лесвіцы, каб — о, якое вялікае шчасце! — раз за жыццё дакрануцца да яе сукенкі.
— І скончыць вар'яцтвам, — змрочна сказаў Рамашоў.
— Ах, любы мой, ці не ўсё роўна! — палка запярэчыў Назанскі і зноў нервова пачаў бегаць па пакоі. — Магчыма, — хто ведае? — вы тады і распачнеце радаснае казачнае жыццё? Ну, добра: вы звар'яцееце ад гэтага незвычайнага, неверагоднага кахання, а паручнік Дзіц звар'яцее ад прагрэсіўнага паралюшу і ад агідных хвароб. Што лепей? Аднак падумайце толькі, якое шчасце — стаяць усю ноч на другім баку вуліцы, у ценю, і пазіраць у акно любай жанчыны. Вось асвяцілася яно знутры, на фіранцы рухаецца цень. Ці не яна гэта? Што яна робіць? Што думае? Патухла святло. Спі мірна, мая радасць, спі, каханая мая!.. І дзень поўны ўжо — гэта перамога! Дні, месяцы, годы аддаваць усе сілы вынаходлівасці і настойлівасці, і вось — вялікая, незвычайная радасць: у цябе ў руках яе насоўка, абгортка з-пад цукеркі, згубленая афіша. Яна нічога не ведае пра цябе, ніколі не пачуе пра цябе, вочы яе слізгаюць па табе, нічога не бачачы, але ты тут, побач, заўсёды закаханы і заўсёды гатовы аддаць за яе — не, навошта за яе — за яе капрыз, за яе мужа, за палюбоўніка, за яе сабачку — аддаць і жыццё, і гонар, і ўсё, што толькі магчыма аддаць! Рамашоў, такой радасці не ведаюць прыгажуны і пераможцы.
— О, як гэта дакладна! Як хораша ўсё, што вы гаворыце! — усклікнуў усхваляваны Рамашоў. Ён ужо даўно злез з падаконніка і гэтак жа, як і Назанскі, хадзіў па вузкім, доўгім пакоі, штохвілінна сутыкаючыся з ім і спыняючыся. — Якія думкі прыходзяць вам у галаву! Я вам раскажу пра сябе. Я быў закаханы ў адну... жанчыну. Гэта было не тут, не тут... яшчэ ў Маскве... я быў... юнкерам. Але яна не ведала пра гэта. І для мяне было вялізнае шчасце сядзець каля яе і, калі яна што-небудзь рабіла, узяць нітку і паціху цягнуць к сабе. Толькі і ўсяго. Яна не прыкмячала гэтага, зусім не прыкмячала, а ў мяне ад шчасця круцілася ў галаве.
Читать дальше