І адразу ж, як і заўсёды, дадаў у думках:
«Яго прыгожыя чорныя вочы паблісквалі рашучасцю і пагардай!»
Хоць вочы ў яго былі зусім не чорныя, а самыя звычайныя — жаўтаватыя, з зялёным абадком.
Назанскі здымаў пакой у свайго таварыша, паручніка Зегржта. Гэты Зегржт быў, мусіць, самым старым паручнікам ва ўсёй расейскай арміі, нягледзячы на бездакорную службу і на ўдзел у турэцкай кампаніі. Нейкім фатальным і незразумелым чынам яму не шанцавала ў павышэнні па службе. Ён быў удаўцом з чатырма маленькімі дзецьмі і ўсё ж так-сяк выкручваўся са сваім саракавасьмірублёвым жалаваннем. Ён здымаў вялікія кватэры і здаваў іх па пакоях халастым афіцэрам, трымаў сталаўнікоў, разводзіў курэй і індычак, умеў неяк вельмі танна і своечасова купляць дровы. Дзяцей сваіх ён сам купаў у ночвах, сам лячыў іх хатняй аптэчкай і сам шыў ім на швейнай машыне ліфчыкі, штонікі і кашулькі. Яшчэ да жаніцьбы Зегржт, як і вельмі многія халастыя афіцэры, займаўся ручной жаночай працай, цяпер жа яго прымушала займацца гэтым вострая патрэба. Злыя языкі казалі пра яго, што ён цішком адсылае свае вырабы кудысьці на продаж.
Але ўсе гэтыя дробязныя гаспадарчыя хітрыкі дрэнна памагалі Зегржту. Хатняя птушка гінула ад павальных хвароб, пакоі пуставалі, нахлебнікі лаяліся з прычыны дрэннага харчу і не плацілі грошай, і перыядычна, разы чатыры на год, можна было бачыць, як худы, доўгі барадаты Зегржт з разгубленым выразам на потным твары лётаў па горадзе ў надзеі перахапіць дзе-небудзь грошай, прычым яго пляскатая, як блін, фуражка сядзела брылём на баку, а стары мікалаеўскі шынель, пашыты яшчэ да вайны, трапятаў і развяваўся ў яго за плячамі, быццам крылы.
Цяпер у яго ў пакоях свяціўся агонь, і, падышоўшы да акна, Рамашоў убачыў самога Зегржта. Ён сядзеў ля круглага стала пад лямпай і, нізка схіліўшы сваю лысую галаву з брудным, маршчакаватым і лагодным тварам, вышываў чырвонай паперай нейкую палатняную ўстаўку — відаць, для маларасейскай кашулі. Рамашоў пастукаў у шыбу. Зегржт уздрыгнуў, адклаў работу ўбок і падышоў да акна.
— Гэта я, Адам Іванавіч. Адчыніце на хвілінку, — сказаў Рамашоў.
Зегржт узлез на падаконнік і прасунуў у фортачку свой лысы лоб і злямчаную на адзін бок рэдкую бараду.
— Гэта вы, падпаручнік Рамашоў? А што?
— Назанскі дома?
— Дома, дома. Куды ж яму ісці? Ах, божачка, — барада ў Зегржта затрэслася ў фортачцы, — дурыць мне галаву ваш Назанскі. Другі месяц пасылаю яму абеды, а ён усё толькі абяцае заплаціць. Калі ён пераязджаў, я яго вельмі прасіў, каб пазбегнуць непаразуменняў...
— Так, так, так... гэта... на самай справе... — перапыніў разгублена Рамашоў. — А, скажыце, які ён? Ці можна яго бачыць?
— Думаю, што можна... Ходзіць усё па пакоі. — Зегржт на нейкі момант прыслухаўся. — Вось і зараз ходзіць. Вы разумееце, я ясна казаў: каб пазбегнуць непаразуменняў, дамовімся, каб плата...
— Прабачце, Адам Іванавіч, я зараз, — перапыніў яго Рамашоў. — Калі дазволіце, я зайду другім разам. Дужа спешная справа...
Ён прайшоў далей і завярнуў за вугал. У глыбіні агародчыка, у Назанскага гарэў агонь. Адно акно было расчынена насцеж. Сам Назанскі, без сурдута, у сподняй кашулі, расшпіленай ля каўняра, хадзіў туды і назад шпаркім крокам па пакоі; яго белая постаць і золатавалосая галава то мільгала ў прасветах паміж вокнамі, то хавалася за сцяною. Рамашоў пералез цераз плот агародчыка і гукнуў яго.
— Хто гэта? — спакойна, нібыта ён чакаў вокліку, спытаў Назанскі, высунуўшыся на вуліцу цераз падаконнік. — А, гэта вы, Георгій Аляксеевіч? Чакайце: праз дзверы вам будзе далёка і цёмна. Лезьце ў акно. Давайце вашу руку.
Пакой у Назанскага быў яшчэ больш убогі, як у Рамашова. Уздоўж сцяны ля акна стаяў вузенькі, нізкі, выгнуты дугою ложак, такі бедны, нібы на яго жалезках ляжала ўсяго толькі адна ружовая пікейная коўдра; ля другой сцяны — просты непафарбаваны стол і дзве грубыя табурэткі. У адным з куткоў пакоя была шчыльна прыгнана, на манер ківота, вузенькая драўляная шафка. У нагах ложка стаяў скураны рыжы чамадан, увесь заклеены чыгуначнымі паперкамі. Апрача гэтых рэчаў, не лічачы лямпы на стале, у пакоі больш нічога не было.
— Добры вечар, мой дарагі, — сказаў Назанскі, моцна паціскаючы руку Рамашова і пазіраючы яму проста ў вочы задумлівымі, цудоўнымі блакітнымі вачамі. — Сядайце вось тут, на ложак. Вы чулі, што я падаў рапарт аб хваробе?
— Так. Мне толькі што казаў пра гэта Мікалаеў.
Рамашоў зноў прыгадаў жахлівыя словы дзеншчыка Сцяпана, і твар у яго пакутліва зморшчыўся.
Читать дальше