Назанскі зноў падышоў да шафкі, выпіў і акуратна прычыніў дзверцы. Рамашоў ляніва, амаль неўсвядомлена, падняўся і зрабіў тое ж самае.
— Аб чым вы думалі перад маім прыходам, Васіль Нілыч? — спытаў ён, сядаючы па-ранейшаму на падаконнік.
Але Назанскі амаль не чуў яго пытання.
— Якая, напрыклад, асалода марыць пра жанчын! — усклікнуў ён, дайшоўшы да дальняга кута і звяртаючыся да гэтага кута з шырокім, пераканаўчым жэстам. — Не, не брыдка думаць. Чаму? Ніколі не трэба рабіць чалавека, нават у думках, удзельнікам зла, а тым больш бруду. Я часта думаю пра пяшчотных, чыстых, прыгожых жанчын, пра іх светлыя слёзы і чароўныя ўсмешкі, думаю пра маладых, нявінных матак, пра палюбоўніц, якія ідуць дзеля кахання на смерць, пра цудоўных і гордых дзяўчат з беласнежнай душой, якія ўсё ведаюць і нічога не баяцца. Такіх жанчын няма. Зрэшты, я не тое кажу. Напэўна, Рамашоў, такія жанчыны ёсць, але мы з вамі іх ніколі не ўбачым. Вы, мабыць, сустрэнеце, а я — не.
Ён стаяў цяпер перад Рамашовым і пазіраў яму проста ў твар, але па летуценным выразе яго вачэй і па неазначальнай усмешцы, якая блукала вакол яго губ, было відаць, што ён не бачыць свайго субяседніка. Ніколі яшчэ твар Назанскага, нават у яго лепшыя, цвярозыя хвіліны, не здаваўся Рамашову такім прыгожым і цікавым. Залатыя валасы спадалі буйнымі пасмамі вакол яго высокага, чыстага лба, густая, чатырохвугольнай формы, рыжая, невялікая барада ляжала правільнымі хвалямі, быццам нагафрыраваная, і ўся яго масіўная і прыгожая галава, з аголенай шыяй шляхетнага малюнка, была падобна да галавы аднаго з тых грэчаскіх герояў ці мудрацоў, цудоўныя бюсты якіх Рамашоў бачыў дзесьці на гравюрах. Ясныя, крышку вільготныя блакітныя вочы пазіралі весела, разумна і пакорліва. Нават колер гэтага прыгожага, правільнага твару здзіўляў сваім роўным, пяшчотным, ружовым тонам, і толькі вельмі вопытнае вока заўважыла б у гэтай свежасці, разам з некаторай апухласцю рысаў, вынік алкагольнага запалення крыві.
— Каханне! Да жанчыны! Якая бездань таямніцы! Якая радасць і якая вострая, салодкая пакута! — раптам з захапленнем усклікнуў Назанскі.
Ён усхвалявана схапіў сябе рукамі за валасы і зноў кінуўся ў кут, дайшоў да яго, спыніўся, павярнуўся тварам да Рамашова і весела зарагатаў. Падпаручнік з трывогаю сачыў за ім.
— Прыгадалася мне адна смешная гісторыя, — лагодна і проста загаварыў Назанскі. — Эх, і думкі ж у мяне скачуць!.. Сядзеў я аднойчы ў Разані на станцыі «Ака» і чакаў парахода. Чакаць даводзілася, мусіць, каля сутак, — гэта было ў часе вясенняй паводкі, — і я, вы, напэўна, разумееце — звіў сабе гняздзечка ў буфеце. А за буфетам стаяла дзяўчына, гадоў васемнаццаці, — такая, ведаеце, непрыгожая, васпаватая, але спрытная такая, чарнавокая, з цудоўнай усмешкай і наогул чароўная. І было нас толькі трое на станцыі: яна, я і маленькі бялявы тэлеграфіст. Між іншым, быў і яе бацька, ведаеце — такая чырвоная, тоўстая, сівая падрадчыцкая морда, накшталт старога і злоснага медзялянскага сабакі. Але бацька быў як бы за кулісамі. Выйдзе на дзве хвіліны за прылавак і ўсё пазяхае, і ўсё чухае пад камізэлькай чэрава, не можа ніяк вачэй расплюшчыць. Потым зноў ідзе спаць. Але тэлеграфістык прыходзіў пастаянна. Памятаю, узлакціцца ён на стойку і маўчыць. І яна маўчыць, пазірае ў акно, на разводдзе. А там раптам юнак заспявае:
Лю-боў — што такое?
Што тако-ое любоў?
Адчуванне незямное,
Што хвалюе нашу кроў!
І зноў маўчыць. А праз пяць хвілін яна замуркоча: «Любоў — што такое? Што такое любоў?..» Ведаеце, такі паскудны матыўчык. Мусіць, абое чулі яго дзе-небудзь у аперэтцы або з эстрады... нябось спецыяльна ў горад пешкам хадзілі. Так. Паспяваюць і зноў маўчаць. А потым яна, як бы неўпрыкмет, усё паглядаючы ў акенца, возьме — ды забудзе пра руку на стойцы, а ён возьме яе ў свае рукі і перабірае палец за пальцам. І зноў: «Любоў — што такое?..» На вуліцы — вясна, разводдзе, млявасць. І гэтак яны круглыя суткі. Тады гэтае «каханне» мне добра-такі надакучыла, а цяпер, ведаеце, люба ўспомніць. Відаць, такім манерам яны мілаваліся да мяне тыдні са два, а можа, і пасля мяне з месяц. І я толькі потым зразумеў, якое гэта шчасце, які прамень святла ў іх бедным вузкім-вузкім жыцці, абмежаваным яшчэ больш за наша недарэчнае жыццё — о, куды там! — у сто разоў больш!.. Аднак... Чакайце, Рамашоў. Думкі ў мяне блытаюцца. І чаго гэта я пачаў расказваць пра тэлеграфіста?
Назанскі зноў падышоў да шафкі. Але ён не піў, а, павярнуўшыся спіною да Рамашова, пакутліва цёр лоб і моцна сціскаў скроні пальцамі правай рукі. І ў гэтым нервовым руху было штосьці жаласлівае, слабае, прыніжанае.
Читать дальше