— Ну, гэта яшчэ трэба паглядзець! — з запалам выгукнула Шурачка. — Два разы з ганьбаю вярталіся ў полк. Цяпер ужо ў апошні.
Мікалаеў павярнуўся назад. Яго ваяўнічы і добры твар з пушыстымі вусамі пачырванеў, а вялікія, цёмныя, валовыя вочы сярдзіта бліснулі.
— Не кажы глупства, Шурачка! Я сказаў: вытрымаю — і вытрымаю. — Ён моцна стукнуў рабром далоні па стале. — Ты толькі сядзіш і канькаеш. Я сказаў!..
— Я сказаў! — перадражніла яго жонка і таксама, як і ён, стукнула маленькай смуглявай далонню па калене. — А ты вось лепей скажы мне, якім умовам павінен адпавядаць баявы парадак часці? Вы ведаеце, — бойка і хітравата засмяялася яна вачамі Рамашову, — я, як вядома, лепей за яго тактыку ведаю. Ану, ты, Валодзя, афіцэр генеральнага штаба, — якім умовам?
— Глупства, Шурачка, адчапіся, — нездаволена буркнуў Мікалаеў.
Але раптам ён разам з крэслам павярнуўся да жонкі, і ў яго шырока расплюшчаных прыгожых і дурнаватых вачах паказалася разгубленасць і недаўменне, амаль спалох.
— Чакай, дзяўчынка, а я і на самай справе не ўсё памятаю. Баявы парадак? Баявы парадак павінен быць так пастроены, каб ён як мага меншыя страты нёс ад агню, потым, каб было зручна камандаваць... Потым... стой...
— За пастой грошы плоцяць, — з пераможным выглядам перапыніла яго Шурачка.
І яна залапатала скорагаворкай, нібы першая вучаніца, апусціўшы павекі і хістаючыся:
— Баявы парадак павінен адпавядаць наступнаму: паваротлівасці, рухомасці, гібкасці, зручнасці камандавання, прыстасаванасці да мясцовых умоў; ён павінен як мага менш несці страт ад агню, лёгка згортвацца і разгортвацца і хутка пераходзіць у паходны парадак... Усё!..
Яна расплюшчыла вочы, цяжка ўздыхнула і, павярнуўшы да Рамашова вясёлы, рухомы твар, спытала:
— Добра?
— Чорт, якая памяць! — зайздросліва, але з захапленнем вымавіў Мікалаеў і зноў паглыбіўся ў свае сшыткі.
— Мы ж усё разам, — растлумачыла Шурачка. — Я хоць зараз вытрымала б экзамен. Самае галоўнае, — яна ўзмахнула ў паветры вязальным кручком, — самае галоўнае — сістэма. Наша сістэма — гэта мая вынаходка, мой гонар. Штодзённа мы праходзім кавалак з матэматыкі, кавалак з ваенных навук — вось артылерыя мне, праўда, не даецца: усё нейкія прыкрыя формулы, асабліва ў балістыцы, — потым кавалачак са статутаў. Потым праз дзень абедзве мовы і праз дзень геаграфія з гісторыяй.
— А расейская? — спытаў Рамашоў з ветлівасці.
— Расейская? Гэта — дробязь. Правапісанне па Гроту мы ўжо адолелі. А сачыненні ж вядома якія. Адны і тыя ж кожны год. «Para pacem, para bellum» [30] «Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны» (лац.).
. «Характарыстыка Анегіна ў сувязі з яго эпохай»...
І раптам, уся ажывіўшыся, выхапіўшы з рук у падпаручніка нітку, як бы для таго, каб яго нішто не забаўляла, яна горача загаварыла аб тым, што было самае галоўнае і цікавае ў яе цяперашнім жыцці.
— Я не магу, не магу тут заставацца, Ромачка! Зразумейце мяне! Застацца тут — гэта значыць апусціцца, стаць палкавой дамай, хадзіць на вашы дзікія вечары, займацца плёткамі, інтрыгаваць і злавацца з прычыны розных сутачных і прагонных... нейкіх капеек!.. бррр... наладжваць пачаргова з сяброўкамі гэтыя пошлыя «балькі», гуляць у вінт... Вось вы кажаце, у нас утульна. Ды паглядзіце ж, калі ласка, на гэты мяшчанскі дабрабыт. Гэтыя філе і гіпюрчыкі — я іх сама звязала, гэтая сукенка, якую я сама перашывала, гэты агідны касматы дыван з кавалачкаў... усё гэта паскудства, паскудства! Зразумейце ж, любы Ромачка, што мне патрэбна кампанія, вялікая, сапраўдная кампанія, свет, музыка, пакланенне, тонкая ліслівасць, разумныя субяседнікі. Вы ведаеце, Валодзя пораху не выдумае, але ён сумленны, смелы, працавіты чалавек. Няхай ён толькі пройдзе ў генеральны штаб, і — клянуся — я яму зраблю бліскучую кар'еру. Я ведаю мовы, я змагу сябе трымаць у якой хочаце кампаніі, у мяне — я не ведаю, як гэта выказаць — у мяне ёсць такая гібкасць у душы, што я нідзе не разгублюся, да ўсяго змагу прыстасавацца... Нарэшце, Ромачка, паглядзіце на мяне, паглядзіце ўважліва. Няўжо я такая нецікавая як чалавек і непрыгожая як жанчына, каб мне ўсё жыццё гібець у гэтай трушчобе, у гэтым брыдкім мястэчку, якога няма ні на адной геаграфічнай карце!
І яна, хуценька прыкрыўшы твар хусткаю, раптам расплакалася злымі, самалюбнымі, ганарлівымі слязьмі.
Муж, занепакоены, з недаўменнем і разгубленым выглядам, адразу ж падбег да яе. Але Шурачка паспела ўжо супакоіцца і адняла хустку ад твару. Слёз болей не было, хоць вочы ў яе яшчэ паблісквалі злосным, гарачым агнём.
Читать дальше