P.S. Помніш ты, любая, вербы плакучыя
Голле сплялі над ракой.
Ты пацалункі дарыла пякучыя,
Я падзяляў іх з табой [29] Тут і далей вершы ў перакладзе Хв. Жычкі.
.
P.S. Вы абавязкова, абавязкова павінны быць у сходзе на вечары ў наступную суботу. Я вас загадзя запрашаю на 3-ю кадрыль. Па значэнню!!!!!!
R. P.».
І нарэшце ў самым нізе на чацвертай старонцы было намалявана наступнае:
Я
тут
пацалавала
Ад пісьма пахла знаёмымі духамі — персідскім бэзам; кроплі гэтых духоў плямамі засохлі там-сям на паперы, і пад імі шмат якія літары расплыліся ў розныя бакі. Гэты прытарны пах, разам з пошла-дураслівым тонам пісьма, разам з уяўным рыжавалосым, маленькім, хлуслівым тварам, раптам абудзіў у Рамашова нясцерпную агіду. Ён са злоснай асалодай разадраў пісьмо напалам, потым склаў і разадраў на чатыры часткі, і яшчэ, і яшчэ, і калі нарэшце рукі стаміліся, кінуў шматкі пад стол, моцна сцяўшы і ашчэрыўшы зубы. І ўсё ж Рамашоў у гэты момант паспеў па сваёй звычцы падумаць аб самім сабе ў трэцяй асобе:
«І ён рассмяяўся горкім, пагардлівым смехам».
Разам з тым ён адразу ж зразумеў, што абавязкова пойдзе да Мікалаевых. «Але гэта ўжо ў самы, самы апошні раз!» — спрабаваў ён ашукаць самога сябе. І яму адразу стала весела і спакойна.
— Гайнан, апранацца!
Ён з нецярплівасцю памыўся, надзеў новы сурдут, надушыў чыстую насоўку кветачным адэкалонам. Але калі ён ужо сабраўся быў выходзіць, яго нечакана спыніў Гайнан.
— Ваша благароддзе! — сказаў чараміс незвычайна мяккім і выбачлівым тонам і раптам заскакаў на месцы.
Ён заўсёды так скакаў, калі моцна хваляваўся ці бянтэжыўся: выстаўляў то адно, то другое калена наперад, пацепваў плячмі, выцягваў шыю і нервова варушыў пальцамі апушчаных рук.
— Чаго табе яшчэ?
— Ваша благароддзе, хачу табе, калі ласка, вельмі папрасіць. Падаруй мне белы пан.
— Што такое? Які белы пан?
— А які загадаў выкінуць. Вось гэты, вось...
Ён паказаў пальцам за печку, дзе стаяў на падлозе бюст Пушкіна, набыты неяк Рамашовым у зайшлага разносчыка. Гэты бюст, які, дарэчы, нагадваў, нягледзячы на надпіс на ім, старога жыдоўскага маклера, а не вялікага расейскага паэта, быў так агідна выкананы, так заседжаны мухамі і так намазоліў Рамашову вочы, што ён сапраўды загадаў Гайнану днямі выкінуць яго на вуліцу.
— Навошта ён табе? — спытаў падпаручнік, смеючыся. — Ды бяры, зрабі ласку, бяры. Я вельмі рады. Мне не патрэбны. Толькі навошта табе?
Гайнан маўчаў і пераступаў з нагі на нагу.
— Ну, як сабе хочаш, бог з табой, — сказаў Рамашоў. — Толькі ці ведаеш ты, хто гэта?
Гайнан ласкава і збянтэжана ўсміхнуўся і заскакаў з яшчэ большай заўзятасцю.
— Я не ведай... — І выцер рукавом губы.
— Не ведаеш — дык ведай. Гэта Пушкін. Аляксандар Сяргеевіч Пушкін. Зразумеў? Паўтары за мной: Аляксандар Сяргеевіч...
— Бясіеў, — паўтарыў рашуча Гайнан.
— Бясіеў? Ну, хай будзе Бясіеў, — згадзіўся Рамашоў. — Аднак я пайшоў. Калі прыйдуць ад Петэрсонаў, скажаш, што падпаручнік пайшоў, а куды — невядома. Зразумеў? А калі што-небудзь па службе, дык бяжы па мяне на кватэру да паручніка Мікалаева. Бывай, стары!.. Вазьмі са сходу маю вячэру і можаш яе есці.
Ён па-сяброўску ляпнуў па плячы чараміса, які ў адказ моўчкі ўсміхнуўся яму шырока, радасна і фамільярна.
На вуліцы стаяла зусім чорная, непраглядная ноч, так што спачатку Рамашову трэба было, нібы сляпому, намацваць перад сабою дарогу. Ногі яго ў вялізных галёшах глыбока ўгрузалі ў густую, як рахат-лукум, гразь і вылазілі адтуль са свістам і чмяканнем. Іншы раз адзін з галёшаў засмоктвала так моцна, што з яго вылятала нага, і тады Рамашоў, балансуючы на адной назе, другой нагой упоцемках адшукваў згубу.
Мястэчка быццам вымерла, нават сабакі не брахалі. З вокан нізенькіх белых хацін там-сям бруілася туманнымі роўнымі палосамі святло і доўгімі касякамі клалася на жоўта-бурую бліскучую зямлю. Але ад мокрага і ліпучага штыкетніка, уздоўж якога ўвесь час ішоў Рамашоў, ад азызлай кары таполяў, ад дарожнай гразі патыхала чымсьці вясеннім, моцным, шчаслівым, чымсьці неўсвядомлена і весела раздражняльным. Нават пранізлівы вецер, які імкліва гойсаў па вуліцах, дзьмуў па-вясенняму няроўна, перарывіста, быццам уздрыгваючы, блытаючыся і сваволячы.
Перад домам, які займалі Мікалаевы, падпаручнік спыніўся, ахоплены хвіліннай слабасцю і ваганнем. Маленькія вокны былі пазакрываны шчыльнымі карычневымі фіранкамі, але за імі адчувалася роўнае зыркае святло. У адным месцы парцьера адхінулася, утварыўшы доўгую, вузкую шчыліну. Рамашоў прыпаў галавою да шыбы, ён хваляваўся і стараўся дыхаць як мага цішэй, нібы яго маглі пачуць у пакоі.
Читать дальше