А там вайна... Не, да вайны Рамашоў лепш паедзе ваенным шпіёнам у Германію. Вывучыць нямецкую мову да поўнай дасканаласці і паедзе. Якая адвага! Адзін, зусім адзін, з нямецкім пашпартам у кішэні, з катрынкаю за плячмі. Абавязкова з катрынкаю. Ходзіць з горада ў горад, круціць ручку катрынкі, збірае пфенігі, прыкідваецца дурнем і ў той жа час паціху здымае планы ўмацаванняў, складаў, казармаў, лагераў. Вакол пастаянная небяспека. Свой урад адступіўся ад яго, ён па-за законам. Удасца яму здабыць каштоўныя звесткі — у яго грошы, чыны, становішча, слава, не — яго расстраляюць без суда, без усякіх фармальнасцей, на золку ля якога-небудзь крывога капаніра. Вось яму спагадліва прапануюць завязаць вочы хусцінкай, але ён з пагардаю шпурляе яе на зямлю. «Хіба вы думаеце, што сапраўдны афіцэр баіцца зірнуць у вочы смерці?» Стары палкоўнік гаворыць са спачуваннем: «Паслухайце, вы маладыя, мой сын гэткіх жа гадоў, як і вы. Назавіце ваша прозвішча, назавіце толькі вашу нацыянальнасць, і мы заменім вам пакаранне смерцю зняволеннем». Але Рамашоў перапыняе яго з халоднай ветлівасцю: «Гэта марна, палкоўнік, дзякую вам. Рабіце сваю справу». Потым ён звяртаецца да ўзвода стралкоў. «Салдаты, — кажа ён цвёрдым голасам, вядома, па-нямецку, — прашу аб таварыскай паслузе: цаляйце ў сэрца!» Чулы лейтэнант, ледзьве стрымліваючы слёзы, махае белай хустачкай. Залп...
Гэтая ўяўная карціна атрымалася такая жывая і яскравая, што Рамашоў, які даўно ўжо ішоў шырокай ступой і глыбока дыхаў, раптам увесь закалаціўся і ў спалоху застыў на месцы з сутаргава сціснутымі кулакамі і ўсхваляваным сэрцам. Але адразу ж, слаба і вінавата ўсміхнуўшыся самому сабе ў цемры, ён уцягнуў галаву ў плечы і пайшоў далей.
Але неўзабаве шпаркія, як плынь, неадольныя мары зноў апанавалі яго. Пачалася страшэнная кровапралітная вайна з Прусіяй і Аўстрыяй. Вялізнае поле бітвы, трупы, гранаты, кроў, смерць! Гэта генеральны бой, які вырашае ўвесь лёс кампаніі. Падыходзяць апошнія рэзервы, з хвіліны на хвіліну чакаюць паяўлення ў тыле праціўніка абходнай расейскай калоны. Трэба стрымаць люты націск ворага, трэба вытрываць, чаго б гэта ні каштавала. І самы страшэнны агонь, самыя шалёныя намаганні ворага накіраваны на Керанскі полк. Салдаты б'юцца, як ільвы, яны ні разу не пахіснуліся, хоць шэрагі іх з кожнаю хвілінаю радзеюць пад градам варожых стрэлаў. Гістарычны момант! Пратрымацца б яшчэ хвіліну, дзве — і перамога будзе вырвана ў праціўніка. Але палкоўнік Шульговіч збянтэжаны; ён храбры — гэта бясспрэчна, аднак яго нервы не вытрымліваюць гэтага жаху. Ён заплюшчвае вочы, уздрыгвае, бляднее... Вось ён ужо зрабіў знак гарністу іграць адступленне, вось ужо салдат прыклаў ражок да губ, але ў гэты момант з-за пагорка на ўпараным арабскім кані вылятае начальнік дывізіённага штаба, палкоўнік Рамашоў. «Палкоўнік, не маеце права адступаць! Тут вырашаецца лёс Расеі!..» Шульговіч загараецца ў гневе: «Палкоўнік! Тут я камандую, і я адказваю перад богам і гасударом! Гарніст, адбой!» Але Рамашоў ужо выхапіў з рук у гарніста ражок. «Хлопцы, наперад! Цар і радзіма глядзяць на вас! Ура!» Шалёна, са страшэнным крыкам кінуліся салдаты наперад, за Рамашовым. Усё змяшалася, заплыло дымам, паляцела кудысьці ў прадонне. Варожыя рады завагаліся і адступаюць у бязладдзі. А ззаду іх, далёка за ўзгоркамі, ужо бліскаюць штыкі свежай, абходнай калоны.
«Ура, браткі, перамога!..»
Рамашоў, які цяпер ужо не ішоў, а бег, весела махаючы рукамі, раптам спыніўся, не разумеючы, што з ім робіцца. Па яго спіне, па руках і нагах, пад адзежай, па голым целе, здавалася, бегалі чыесьці халодныя пальцы, валасы на галаве варушыліся, уваччу пякло ад слёз захаплення. Ён і сам не заўважыў, як дайшоў да свайго дома, і цяпер, ачуўшыся ад палкіх мараў, са здзіўленнем пазіраў на добра знаёмыя яму вароты, на рэдкі пладовы сад за імі і на белы маленькі флігель у глыбіні саду.
— Якое, аднак, глупства лезе ў мазгаўню! — прашаптаў ён засаромлена. І яго галава баязліва ўцягнулася ў прыўзнятыя дагары плечы.
Супакоіўшыся, Рамашоў, як быў, у паліто, не зняўшы нават шашкі, лёг на ложак і доўга ляжаў нерухома, тупа і пільна пазіраючы ў столь. У яго балела галава і ламала спіну, а на душы была такая пустэча, нібы там ніколі не нараджалася ні думак, ні ўспамінаў, ні пачуццяў; не адчувалася нават ні раздражнення, ні нудоты, а проста ляжала штосьці вялікае, змрочнае і абыякавае.
За акном мякка слаўся самотны і пяшчотны зеленаваты красавіцкі прыцемак. У сенцах ціха корпаўся дзяншчык, асцярожна стукаючы чымсьці металічным.
Читать дальше