— Руку! — крыкнуў Бек-Агамалаў.
Але ўжо было позна. Канец шашкі толькі злёгку чыркануў па гліне. Рамашоў, які чакаў большага супраціўлення, страціў раўнавагу і пахіснуўся. Лязо шашкі, стукнуўшыся аб яго выцягнутую наперад руку, адхапіла кавалачак скуры з указальнага пальца. Палілася кроў.
— Эх! Вось бачыце! — усклікнуў злосна Бек-Агамалаў, злазячы з каня. — Так і руку лёгка адсячы. Хіба можна гэтак абыходзіцца са зброяй? Ды нічога, глупства, завяжыце хустачкай тужэй. Інстытутка. Патрымай каня, фендрык. Вось, глядзіце. Галоўная сутнасць удару не ў плячы і не ў локці, а вось тут, у згібе кісці. — Ён зрабіў некалькі хуткіх кругападобных рухаў кісцю правай рукі, і клінок шашкі ператварыўся над яго галавою ў адзін суцэльны зіхатлівы круг. — Цяпер глядзіце: левую руку я адводжу назад, за спіну. Калі вы наносіце ўдар, дык не біце і не сячыце рэч, а рэжце яе, як бы пілуйце, адхоплівайце шашку назад... Разумееце? І пры тым памятайце цвёрда: плоскасць шашкі павінна быць абавязкова нахілена да плоскасці ўдару, абавязкова. Ад гэтага вугал робіцца вастрэйшы. Вось, глядзіце.
Бек-Агамалаў адышоў крокі на два ад глінянага цурбана, упіўся ў яго вострым, пранізлівым позіркам і раптам, бліснуўшы шашкаю высока ў паветры, страшэнным, няўлоўным для вачэй рухам, падаўшыся наперад, нанёс маланкавы ўдар. Рамашоў чуў толькі, як прарэзліва свіснула разрэзанае паветра, і адразу ж верхняя палова чучала мякка і цяжка бразнулася на зямлю. Плоскасць адрэзу была гладкая, нібыта адпаліраваная.
— Ах, чорт! Вось гэта ўдар! — усклікнуў у захапленні Лбоў. — Бек, галубок, калі ласка, яшчэ раз.
— Ану, Бек, яшчэ, — папрасіў Веткін.
Але Бек-Агамалаў, нібы баючыся сапсаваць зроблоны эфект, усміхаючыся, засоўваў шашку ў ножны. Ён цяжка дыхаў, і ўвесь ён у гэтую хвіліну, з шырока расплюшчанымі лютымі вачамі, з гарбатым носам і з ашчэранымі зубамі, быў падобны да нейкай драпежнай, злоснай і гордай птушкі.
— Гэта што? Хіба так трэба секчы? — гаварыў ён з напускной пагардай. — Майму бацьку, на Каўказе, было шэсцьдзесят год, а ён каню перасякаў шыю. Напалам! Трэба, дзеці мае, увесь час практыкавацца. У нас вось як робяць: паставяць лазовы дубец у ціскі і сякуць або ваду пусцяць зверху тоненькім струменьчыкам і сякуць. Калі няма пырскаў, значыць, удар быў добры. Ну, Лбоў, цяпер ты.
Да Веткіна падбег са спалоханым выглядам унтэр-афіцэр Бабылёў.
— Ваша благароддзе... Камандзір палка едуць!
— Смі-ірррна! — строга і ўзбуджана закрычаў капітан Сліва з другога канца плошчы.
Афіцэры таропка разышліся па сваіх узводах. Вялікі нязграбны вазок павольна з'ехаў з шашы на пляц і спыніўся. З яго з аднаго боку цяжка вылез, нахіліўшы ўвесь кузаў набок, палкавы камандзір, а з другога лёгка саскочыў на зямлю палкавы ад'ютант, паручнік Федароўскі — высокі франтаваты афіцэр.
— Здарова, шостая! — пачуўся густы, спакойны голас палкоўніка.
Салдаты гучна і бязладна закрычалі з розных канцоў пляца:
— Добрага здароўя, ваш-а-а-а!
Афіцэры прыклалі рукі да брылёў шапак.
— Прашу працягваць заняткі, — сказаў камандзір палка і падышоў да бліжэйшага ўзвода.
Палкоўнік Шульговіч быў не ў гуморы. Ён абыходзіў узводы, прапаноўваў салдатам пытанні з гарнізоннай службы і час ад часу мацюгаўся з той асаблівай маладзецкай віртуознасцю, якая ў гэтых выпадках уласціва старым франтавым служакам. Салдат нібыта гіпнатызаваў пільны, упарты позірк яго старэчых, бледных, выцвілых, строгіх вачэй, і яны пазіралі на яго, не маргаючы, ледзьве дыхаючы, выпростваючыся ад жаху ўсім целам. Палкоўнік быў вялізны, тоўсты, самавіты стары. Яго мясісты твар, вельмі шырокі ў скулах, звужаўся ўверх, а ўнізе пераходзіў у густую сярэбраную бараду і такім чынам меў форму вялікага, цяжкага ромба. Бровы былі сівыя, касматыя, грозныя. Гаварыў ён амаль не павышаючы тону, але кожны гук яго незвычайнага, славутага ў дывізіі голасу — голасу, якім ён, дарэчы, зрабіў усю сваю службовую кар'еру, — быў добра чуцён у самых дальніх месцах вялізнага пляца і нават на шашы.
— Ты хто такі? — адрывіста спытаў палкоўнік, раптоўна спыніўшыся перад маладым салдатам Шарафутдзінавым, які стаяў ля гімнастычнага плота.
— Радавы шостай роты Шарафутдзінаў, ваша высокаблагароддзя! — старанна, хрыпла крыкнуў татарын.
— Дурань! Я ў цябе пытаюся, на які пост ты прызначаны?
Салдат, разгубіўшыся ад крыку і злоснага камандзірскага выгляду, маўчаў і толькі лыпаў вачамі.
— Н-ну? — павысіў голас Шульговіч.
— Які асоба вартавы... недатыкальная... — залапатаў абы-што татарын. — Не магу знаць, ваша высокаблагароддзя, — скончыў ён раптам ціха і рашуча.
Читать дальше