Бек-Агамалаў ціскаў рукі афіцэрам, нізка і нядбайна схіляючыся з сядла. Ён усміхнуўся, і здавалася, што яго белыя сцятыя зубы кідалі адлюстраванае святло на ўвесь ніз яго твару і на маленькія чорныя, выпешчаныя вусікі...
— Хадзілі там дзве прыгожанькія жыдовачкі. Ды мне што? Я нуль увагі.
— Ведаем мы, як вы дрэнна ў шашкі гуляеце! — кіўнуў галавою Веткін.
— Паслухайце, панове, — загаварыў Лбоў і зноў раней часу засмяяўся. — Вы ведаеце, што сказаў генерал Дахтуроў пра пяхотных ад'ютантаў? Гэта цябе, Бек, датычыцца. Што яны самыя смелыя ездакі ва ўсім свеце...
— Не хлусі, фендрык! — кінуў Бек-Агамалаў.
Ён падштурхнуў каня шэнкелямі і зрабіў выгляд, што хоча наехаць на падпрапаршчыка.
— Далібог жа! У кожнага з іх, кажа, не коні, а нейкія гітары, шафы — з запалам, слепавокія, апоеныя. А дасі яму загад — так і смаліць куды папала, на ўсю сілу. Плот — дык плот, роў — дык роў. Праз кусты ляціць. Павады выпусціў, страмёны разгубіў, шапку далоў! Адважныя ездакі!
— Што чуваць новага, Бек? — спытаў Веткін.
— Што новага? Нічога новага. Зараз, вось толькі што, застаў палкавы камандзір на сходзе падпалкоўніка Леха. Раскрычаўся на яго так, што на саборнай плошчы было чуваць. А Лех п'яны, як змей, не можа таты-мамы вымавіць. Стаіць на месцы і хістаецца, рукі за спіну залажыў. А Шульговіч як гаркне на яго: «Калі размаўляеце з палкавым камандзірам, зрабіце ласку рукі на задніцы не трымаць!» І прыслуга тут жа была.
— Моцна закручана! — сказаў Веткін з усмешкаю — ці то іранічнай, ці то ўхвальнай. — У чацвертай роце ён учора, кажуць, крычаў: «Чаго вы мне статут пад нос сунеце? Я — для вас статут, і ніякіх больш размоў! Я тут цар і бог!»
Лбоў раптам зноў засмяяўся са сваіх думак.
— А вось яшчэ, панове, быў выпадак з ад'ютантам у N-скім палку...
— Ды сціхніце, Лбоў, — сур'ёзна заўважыў яму Веткін. — Вось дык прарвала вас сёння.
— Ёсць і яшчэ навіна, — гаварыў далей Бек-Агамалаў. Ён зноў павярнуў каня перадам да Лбова і, жартуючы, стаў наязджаць на яго. Конь матляў галавою і чмыхаў, раскідваючы вакол сябе пену. — Ёсць і яшчэ навіна. Камандзір ва ўсіх ротах патрабуе ад афіцэраў, каб яны секлі чучалы. У дзевятай роце такога холаду нагнаў, што проста жах. Епіфанава загнаў пад арышт за тое, што шашка была не навостраная... Чаго ты баішся, фендрык! — крыкнуў раптам Бек-Агамалаў на падпрапаршчыка. — Прывыкай. Сам жа будзеш калі-небудзь ад'ютантам. Будзеш сядзець на кані, як падсмажаны верабей на блюдзе.
— Ну, ты, азіят!.. Прэч адсюль, — адмахваўся Лбоў ад конскай морды. — Ты чуў, Бек, як у N-скім палку адзін ад'ютант купіў каня з цырка? Выехаў на ім на агляд, а ён раптам перад самім камандуючым войскамі пачаў гішпанскім крокам парадзіраваць. Ведаеш, так: ногі ўгору і гэтак з боку на бок. Заляцеў, нарэшце, у галаўную роту — мітусня, крык, бязладдзе. А конь — ніякай увагі, ходзіць сабе гішпанскім крокам, ды і ўсё тут. Тады Драгаміраў зрабіў рупар — вось гэтак — і крычыць: «Паручні-ік, тым жа самым алюрам на гаўптвахту, на дваццаць адзін дзень, ма-арш!..»
— Гэта дробязь, — зморшчыўся Веткін. — Слухай, Бек, ты нам з гэтай сечай сапраўдны сюрпрыз зрабіў. Што ж гэта значыць? Зусім вольнага часу не застанецца? Вось і нам учора гэтую пачварыну прынеслі.
Ён паказаў на сярэдзіну пляца, дзе стаяла зробленае з сырой гліны чучала, якое мела нейкае падабенства чалавечай постаці, толькі без рук і без ног.
— Ну а вы? Секлі? — спытаў з цікаўнасцю Бек-Агамалаў. — Рамашоў, вы не спрабавалі?
— Не.
— Вось яшчэ! Буду я глупствам займацца, — забурчаў Веткін. — Калі гэта ў мяне час, каб секчы? З дзевяці раніцы да шасці вечара толькі і ведаеш, што аціраешся тут. Ледзьве паспееш пажэрці і гарэлкі выпіць. Я ім, дзякуй богу, не хлапчуком даўся...
— Дзівак. Трэба ж афіцэру ўмець валодаць шашкаю.
— Цікава ведаць, навошта гэта? На вайне? Пры цяперашняй агнястрэльнай зброі цябе і на сто крокаў не падпусцяць. На якое ліха мне твая шашка? Я не кавалерыст. А спатрэбіцца, я ўжо лепш вазьму стрэльбу ды прыкладам — бац-бац па галовах. Гэта больш надзейна.
— Ну, добра, а ў мірны час? Ці мала можа быць выпадкаў. Бунт, абурэнне там якое, ці што...
— Ды што з таго? Навошта зноў-такі шашка? Не буду ж я займацца чорнай працай, секчы людзям галовы. «Ро-ота, плі» — і ўсё ў парадку...
Бек-Агамалаў зрабіў нездаволены выраз.
— Э, ты ўсё дураслівіш, Павел Паўлыч. Не, ты адказвай сур'ёзна. Вось ідзеш ты дзе-небудзь на гулянне або ў тэатры, або, мажліва, цябе ў рэстаране абразіў які-небудзь шпак... возьмем крайняе — дасць табе які-небудзь цывільны аплявуху. Што ты будзеш рабіць?
Читать дальше