— Быць сёння над Перабродам навальніцы, — сказала яна пераканальным тонам. — А то яшчэ нават з градам.
Я пад'язджаў ужо да Пераброда, калі раптоўны віхор закружыў і пагнаў па дарозе слупы пылу. Упалі першыя — рэдкія і важкія — кроплі дажджу.
Мануйліха не памылілася. Навальніца, якая збіралася ўвесь гэты спякотны, нясцерпна душны дзень, абвалілася на Пераброд з незвычайнай сілай. Маланка бліскала амаль бесперапынна, і ад грукату грому дрыжалі і звінелі шыбы ў вокнах майго пакоя. Гадзіне а восьмай увечары навальніца аціхла на некалькі хвілін, але толькі для таго, каб потым абрынуцца з новай лютасцю. Раптам штосьці з аглушальным трэскам пасыпалася на дах і на сцены старой хаты. Я кінуўся да акна. Вялізны град, з грэцкі арэх велічынёй, густа падаў на зямлю, высока падскокваючы потым уверх. Я зірнуў на тутавае дрэва, што расло каля самай хаты, — яно стаяла зусім голае, усё лісце з яго было збіта моцнымі ўдарамі граду... Пад акном паказалася ледзь прыкметная ў цемры постаць Ярмолы, які, накрыўшыся з галавою світкай, выбег з кухні, каб прычыніць аканіцы. Але ён спазніўся. У адну з шыбаў раптам з такой сілай стукнуў вялізны кавалак лёду, што яна разбілася, і кавалкі шкла са звонам пасыпаліся на падлогу пакоя.
Я адчуў сябе моцна стомленым і прылёг, не распранаючыся, на ложак. Я думаў, што мне зусім не ўдасца заснуць у гэтую ноч і што я да раніцы буду ў бяссільным смутку варочацца з боку на бок, таму я вырашыў не распранацца, каб потым хоць крышку стаміць сябе аднастайнай хадой па пакоі. Але са мною здарылася вельмі дзіўная рэч: мне здалося, што я толькі на хвілінку заплюшчыў вочы; калі ж я расплюшчыў іх, дык праз шчыліны ў аканіцах ужо цягнуліся яркія сонечныя праменні, у якіх кружылася безліч залатых пылінак.
Над маім ложкам стаяў Ярмола. Яго твар выказваў суровую трывогу і нецярплівасць: мусіць, ён ужо тут даўно чакаў, калі я прачнуся.
— Паныч, — сказаў ён сваім глухім голасам, у якім адчуваўся неспакой, — паныч, трэба вам адсюль ехаць...
Я звесіў ногі з ложка і са здзіўленнем паглядзеў на Ярмолу.
— Ехаць? Куды ехаць? Навошта? Ты, напэўна, звар'яцеў?
— Нічога я не звар'яцеў, — агрызнуўся Ярмола. — Вы не чулі, што ўчарашні град нарабіў? У паловы сяла жыта як нагамі хто патаптаў. У аднавокага Максіма, у Казла, у Мута, у Пракапчукоў, у Гардзея Аляфіра... Наслала-такі шкоды вядзьмака чортава... каб на яе халера!
Мне раптам, у адно імгненне, прыгадаўся ўвесь учарашні дзень, пагроза, якую кінула каля царквы Алеся, і яе боязь.
— Цяпер уся грамада бунтуе, — гаварыў далей Ярмола. — Зранку ўсе зноў напіліся і крычаць... І пра вас, паныч, крычаць нядобрае... А вы ведаеце, якая ў нас грамада?.. Калі яны вядзьмакам што зробяць, дык так і трэба, гэта па справядлівасці, а вам, паныч, я скажу адно — уцякайце хутчэй.
Такім чынам, Алесіна боязь мела падставы. Трэба было неадкладна папярэдзіць яе і Мануйліху пра небяспеку, якая ім пагражала. Я хуценька апрануўся, на хаду спаласнуў вадою твар і праз паўгадзіны ўжо ехаў шпаркай рыссю ў напрамку Бісавага Кута.
Чым бліжэй пад'язджаў я да хацінкі на курыных ножках, тым больш мяне апаноўвала няпэўная, тужлівая трывога. Я з упэўненасцю гаварыў самому сабе, што зараз на мяне абваліцца нейкае новае, нечаканае гора.
Амаль бегма праскочыў я вузкую сцежку, якая вілася па пясчаным пагорку. Вокны і дзверы ў хаце былі расчынены насцеж.
— Божа! Што здарылася? — прашаптаў я, уваходзячы з заміраннем сэрца ў сенцы.
Хата была пустая. У ёй панавала тое сумнае бязладдзе, якое заўсёды астаецца пасля паспешнага выезду. Кучы смецця і ануч ляжалі на падлозе, ды ў кутку стаяў драўляны каркас ложка...
З пахаладзелым, перапоўненым слязьмі сэрцам я хацеў ужо выйсці з хаты, як раптоўна маю ўвагу прыцягнула яркая рэч, мусіць, знарок павешаная на ражок аконнай рамы. Гэта была нітка танных чырвоных пацерак, вядомых на Палессі пад назваю «каралі», — адзіная рэч, якая асталася мне на ўспамін пра Алесю і яе пяшчотнае велікадушнае каханне.
Вячэрнія заняткі ў шостай роце падыходзілі к канцу, і малодшыя афіцэры ўсё часцей і з большай нецярплівасцю паглядалі на гадзіннікі. Вывучаўся практычны статут гарнізоннай службы. Па ўсім пляцы салдаты стаялі хто дзе: каля таполяў, што раслі абапал шашы, каля гімнастычных машын, каля дзвярэй ротнай школы, ля прыцэльных станкоў. Усё гэта былі ўяўныя пасты, як, напрыклад, пост ля парахавога склепа, ля сцяга, у вартоўні, ля скрыні з грашыма. Паміж імі хадзілі разводнікі і ставілі вартавых; унтэр-афіцэры правяралі пасты і веды сваіх салдат, стараючыся то хітрасцю выманіць у вартавога яго вінтоўку, то прымусіць яго сысці з месца, то ўперці яму на захаванне якую-небудзь рэч, часцей за ўсё ўласную шапку. Больш спрактыкаваныя, якія добра ведалі гэтую цацачную казуістыку, адказвалі ў такіх выпадках празмерна суровым тонам: «Адыходзь! Не маю поўнага права нікому аддаваць стрэльбы, апроч як атрымаю загад ад самога гасудара імператара». А вось маладыя блыталіся. Яны яшчэ не ўмелі адрозніць жарту ад сапраўдных патрабаванняў службы і дапускалі то адну, то другую крайнасць.
Читать дальше