— Хлебнікаў! Д'ябал крыварукі! — крычаў маленькі, тоўсты і спрытны яфрэйтар Шапаваленка, і ў ягоным голасе адчувалася начальніцкая пакута. — Я ж цябе вучыў-вучыў, дурня! Чый жа ты зараз загад выканаў? Арыштаванага? Ах, каб на цябе!.. Адказвай, для чаго цябе паставілі на пост?
У трэцім узводзе адбылося сур'ёзнае непаразуменне. Малады салдат Мухамеджынаў, татарын, які ледзьве разумеў і гаварыў па-расейску, канчаткова быў збіты з панталыку каверзамі свайго начальства — і сапраўднага і ўяўнага. Ён раптам раз'юшыўся, узяў стрэльбу на руку і на ўсе ўгаворы і загады адказваў адным рашучым словам:
— З-закалу!
— Ды пастой... ды дурань ты... — упрошваў яго унтэр-афіцэр Бабылёў. — Ты ж ведаеш, хто я? Я ж твой каравульны начальнік, а значыць...
— Закалу! — крычаў татарын спалохана і злосна і з вачамі, налітымі крывёю, нервова пагражаў штыком кожнаму, хто да яго набліжаўся. Вакол яго сабралася купка салдат, якія былі рады смешнаму здарэнню і хвіліннай перадышцы ў абрыдлым вучэнні.
Ротны камандзір, капітан Сліва, пайшоў разбіраць справу. Пакуль ён, згорбіўшыся, клыпаў кволаю хадою ў другі канец пляца, малодшыя афіцэры сабраліся разам, каб пагаварыць і папаліць. Іх было трое: паручнік Веткін — лысы, вусаты чалавек год трыццаці трох, весялун, гаварун, пяюн і п'яніца, падпаручнік Рамашоў, які служыў у палку ўсяго толькі другі год, і падпрапаршчык Лбоў, жвавы стройны хлапец з хітравата-ласкава-дурнаватымі вачамі і з нязменнай усмешкай на тоўстых наіўных губах, — увесь ён быў нібыта нашпігаваны старымі афіцэрскімі анекдотамі.
— Свінства, — сказаў Веткін, зірнуўшы на свой мельхіёравы гадзіннік і злосна шчоўкнуўшы вечкам. — На якое ліха ён трымае да гэтага часу роту? Эфіоп!
— А вы б яму гэта растлумачылі, Павел Паўлыч, — параіў з хітрым тварам Лбоў.
— Дзе там. Ідзіце, тлумачце самі. Галоўнае — што? Галоўнае тое, што ўсё гэта марна. Заўсёды яны перад аглядамі пораць гарачку. І заўсёды перасоляць. Затузаюць салдата, замардуюць, затуркаюць, а на аглядзе ён будзе стаяць як пень. Ведаеце вы пра выпадак, калі два ротныя камандзіры заспрачаліся, чый салдат болей хлеба з'есць? Выбралі яны абодва страшэнных абжор. Заклад быў вялікі — нешта каля ста рублёў. Вось адзін салдат з'еў сем фунтаў і здаўся, болей не можа. Ротны адразу ж на фельдфебеля: «Ты чаго ж гэта, ліха на цябе, падвёў мяне?» А фельдфебель толькі вачмі лыпае. «Так што не магу знаць, вашвыскароддзе, што з ім здарылася. Раніцай рабілі рэпетыцыю — восем фунтаў злыгаў адным захадам...» Гэтак вось і нашы... Рэпетуюць без толку, а на аглядзе сядуць у галёшу.
— Учора... — Лбоў раптам пырснуў са смеху. — Учора, ужо ва ўсіх ротах скончылі заняткі, іду гэта я дадому, гадзін ужо восем, бадай, цёмна зусім. Гляджу, у адзінаццатай роце сігналы вывучаюць хорам «Навядзі, да гру-дзей, па-па-дзі!» Я пытаюся ў паручніка Андрусевіча: «Чаму ў вас да гэтае пары ідзе такая музыка?» А ён кажа: «Гэта мы, як тыя сабакі, на месяц выем».
— Усё надакучыла, Кука! — сказаў Веткін і пазяхнуў. — Глядзіце, хто гэта едзе верхам? Здаецца, Бек?
— Так, Бек-Агамалаў, — вырашыў зоркі Лбоў. — Як прыгожа сядзіць.
— Вельмі прыгожа, — згадзіўся Рамашоў. — Мне здаецца, ён лепей за любога кавалерыста ездзіць. О-о-о! Заскакала. Какетнічае Бек.
Па шашы павольна ехаў верхам афіцэр у белых пальчатках і ў ад'ютанцкім мундзіры. Пад ім быў высокі доўгі конь залацістай масці з кароткім, па-ангельску, хвастом. Ён гарачыўся, нецярпліва матляў крутой, сабранай муштуком шыяй і часта перабіраў тонкімі нагамі.
— Павел Паўлыч, гэта праўда, што ён прыродны чаркес? — спытаў Рамашоў у Веткіна.
— Я лічу, што так. Іншы раз армяшкі сапраўды выдаюць сябе за чаркесаў і за лезгінаў, але Бек, здаецца, не хлусіць. Ды вы паглядзіце, які ён на кані!
— Чакайце, я яго гукну, — сказаў Лбоў.
Ён прыклаў рукі да рота і закрычаў прыдушаным голасам, так, каб не чуў ротны камандзір:
— Паручнік Агамалаў! Бек!
Афіцэр, які ехаў верхам, нацягнуў павады, прыпыніўся на хвіліну і паглядзеў управа. Затым, завярнуўшы каня ў гэты бок і злёгку сагнуўшыся ў сядле, ён прымусіў яго пругкім рухам пераскочыць цераз роў і стрыманым галопам падаўся да афіцэраў.
Ён быў ніжэй сярэдняга росту, хударлявы, жылісты, вельмі дужы. Ягоны твар, з пакатым ілбом, тонкім гарбатым носам і рашучымі, моцнымі губамі, быў мужны і прыгожы і яшчэ да гэтага часу не страціў характэрнай усходняй бледнасці — адначасова смуглявай і матавай.
— Прывітанне, Бек, — сказаў Веткін. — Ты перад кім гэта там фінціў? Дэўчыны?
Читать дальше