— Галубок мой, — загаварыла Алеся, марудна, з цяжкасцю аддзяляючы адно слова ад другога. — Хочацца мне... на цябе паглядзець... ды не магу я... Усю мяне... знявечылі... Памятаеш... табе... мой твар так падабаўся?.. Праўда, падабаўся, мой любы?.. І мне заўсёды было так радасна ад гэтага... А цяпер табе гідка будзе... глядзець на мяне... Ну, вось... я... і не хачу...
— Алеся, прабач мне, — шапнуў я, нахіляючыся да самага яе вуха.
Яе гарачая рука моцна і доўга сціскала маю.
— Ды чаго ты!.. Што ты, любы мой?.. Як табе не сорамна і думаць пра гэта. Чым жа ты вінаваты тут? Усё я адна, дурная... Ну, чаго я палезла... сапраўды? Не, сонейка, ты сябе не вінаваць...
— Алеся, дазволь мне... Толькі абяцай спачатку, што дазволіш...
— Абяцаю, галубок... усё, што ты хочаш...
— Дазволь мне, калі ласка, паслаць па доктара... Прашу цябе! Ну, калі хочаш, ты можаш нічога не выконваць з таго, што ён загадае. Але ты хоць для мяне згадзіся, Алеся.
— Ох, любы... У якую ж ты мяне пастку злавіў? Не, ужо лепей ты дазволь мне свайго абяцання не стрымаць. Я, каб і на самай справе была хворая, на парозе смерці б ляжала, дык і то к сабе доктара не падпусціла б. А цяпер я хіба хворая? Гэта проста ў мяне ад перапуду так здарылася, гэта пройдзе к вечару. А не — дык бабка мне ландышавай настойкі дасць або маліны ў імбрыку запарыць. Навошта ж тут доктар? Ты — мой самы лепшы доктар. Вось ты прыйшоў, і мне адразу лепей стала... Ах, адно мне толькі нядобра: хачу паглядзець на цябе хоць адным вокам, ды баюся...
Я з пяшчотным намаганнем адняў яе галаву ад падушкі. Твар у Алесі гарэў ліхаманкавым румянцам, цёмныя вочы блішчалі незвычайна ярка, сухія губы нервова ўздрыгвалі. Доўгія чырвоныя драпіны спаласавалі яе лоб, шчокі і шыю. Цёмныя сінякі былі на лбе і пад вачамі.
— Не глядзі на мяне... Прашу цябе... Брыдкая я цяпер, — умольна шаптала Алеся, стараючыся сваёй далонню закрыць мне вочы.
Сэрца маё перапоўнілася жалем. Я прыпаў губамі да Алесінай рукі, якая нерухома ляжала на коўдры, і стаў пакрываць яе доўгімі, ціхімі пацалункамі. Я і раней часам цалаваў яе рукі, але яна заўсёды аднімала іх у мяне з таропкім, сарамяжлівым спалохам. Цяпер жа яна не працівілася гэтай ласцы і другой, вольнай рукой ціха гладзіла мяне па валасах.
— Ты ўсё ведаеш? — шэптам спытала яна.
Я моўчкі нахіліў галаву. Праўда, я не ўсё зразумеў з таго, што расказаў мне Мікіта Назаравіч. Мне не хацелася толькі, каб Алеся хвалявалася, прыгадваючы ранішняе здарэнне. Але калі я раптам падумаў пра абразу, якую яна перацярпела, на мяне адразу наляцела хваля нястрымнай лютасці.
— О! Чаму мяне там не было ў гэты час! — закрычаў я, выпрастаўшыся і сціскаючы кулакі. — Я... я...
— Ну, не трэба... не трэба... Не злуйся, галубок, — лагодна перапыніла мяне Алеся.
Я не мог больш стрымліваць слёз, якія ўжо даўно давілі мне горла і палілі вочы. Прытуліўшыся тварам да пляча Алесі, я бязгучна і горка зарыдаў, калоцячыся ўсім целам.
— Ты плачаш? Ты плачаш? — у голасе яе загучалі здзіўленне, пяшчота і спачуванне. — Любы мой... Ды не плач ты, перастань... Не муч сябе, галубок... Мне так добра каля цябе. Не будзем жа плакаць, пакуль мы разам. Давай хоць астатнія дні правядзём весела, каб нам не так пакутліва было расставацца.
Я са здзіўленнем узняў галаву. Няяснае прадчуванне раптам страшэнна сціснула маё сэрца.
— Астатнія дні, Алеся? Чаму — астатнія? Навошта ж нам расставацца?
Алеся заплюшчыла вочы і колькі хвілін маўчала.
— Нам трэба развітацца з табою, Ванечка, — загаварыла яна рашуча. — Вось як толькі крышку ачуняю, адразу ж мы з бабуляй і паедзем адсюль. Нельга нам аставацца тут болей...
— Ты баішся чаго-небудзь?
— Не, мой любы, нічога я не баюся, калі спатрэбіцца. Толькі навошта ж людзей у грэх уводзіць? Ты, магчыма, не ведаеш... Я там... у Перабродзе... пагразіла са злосці ды з сораму... А цяпер што якое здарыцца, дык адразу на нас скажуць; ці скаціна пачне гінуць, ці хата ў каго загарыцца — усё мы будзем вінаватыя. Бабуля, — звярнулася яна да Мануйліхі, павышаючы голас, — праўду я кажу?
— Што ты сказала, унучачка? Не пачула я нешта! — прашамкала старая, падыходзячы бліжэй і прыстаўляючы да вуха далонь.
— Я кажу, што цяпер, якая бяда ў Перабродзе ні здарылася б, усе на нас з табою пакажуць.
— Ох, праўда, праўда, Алеся, усе на нас, няшчасных, пакажуць. Не жыць нам на белым свеце, заб'юць нас з табою, зусім заб'юць, праклятыя... А тады, як мяне з сяла прагналі... Што?.. Хіба не гэтак жа было? Пагразіла я... таксама вось ад крыўды... адной дурной бабе, а ў яе — хоп, — малое памерла. Хоць я ні сном ні духам не была вінаватая, а мяне ледзь было не забілі, акаянныя... Камянямі сталі кідаць... Я бягу ад іх ды толькі цябе, малалетку, усё аберагаю... Ну, думаю, няхай ужо мне перападзе, а за што ж дзіця бязвіннае крыўдзіць?.. Адно слова — варвары, вісельнікі паганыя!
Читать дальше