Зрабіўшы ўсё, што мне трэба было ў мястэчку, я ў заезджым доме хуценька перакусіў фаршыраваным жыдоўскім шчупаком, запіў яго вельмі дрэнным, мутным півам і падаўся дахаты. Але, праязджаючы паўз кузню, я ўспомніў, што ў Таранчыка даўно хляпае падкова на левай пярэдняй, і спыніўся, каб перакаваць каня. Гэта заняло ў мяне яшчэ гадзіны паўтары часу, так што, калі я пад'язджаў да перабродскай ваколіцы, было ўжо недзе паміж чатырма і пяццю гадзінамі папаўдні.
Уся плошча аж кішэла п'яным, гаманкім народам. Агароджу і ганак шынка запоўнілі, штурхаючы і давячы адзін аднаго, пакупнікі; перабродскія сяляне перамешваліся з прыезджымі, рассеўшыся на траве, у ценю вазоў. Усюды відаць былі закінутыя назад галовы і ўзнятыя ўгору пляшкі. Цвярозых ужо не было ніводнага чалавека. Агульнае ап'яненне дайшло да той мяжы, калі мужык пачынае бурна пахваляцца сваёй хмельнасцю, калі ўсе рухі яго набываюць расслабленую і грузную размашыстасць, калі замест таго, напрыклад, каб сцвярджальна кіўнуць галавой, ён асядае долу ўсім тулавам, згінае калені і, раптам страціўшы ўстойлівасць, бездапаможна пнецца назад. Дзеці круціліся і крычалі тут жа, пад нагамі ў коней, якія спакойна жавалі сена. У другім месцы баба, сама ледзьве трымаючыся на нагах, з плачам і лаянкай цягнула за рукаў дахаты зусім п'янага мужа... У ценю плота густая купка, чалавек з дваццаць мужыкоў і баб, шчыльна абсела сляпога лірніка; яго гугнявы тэнар, які прыглушаў звонкія гукі інструмента, рэзка вылучаўся ў суцэльным гудзе натоўпу. Яшчэ здаля пачуў я знаёмыя словы «думкі»:
Ой зішла зоря, тай вечірняя,
Над Почаівом стала.
Ой вишло війско турецьке,
Як та чорная хмара...
Далей у гэтай думцы расказваецца пра тое, як туркі, не адолеўшы Пачаеўскай лаўры штурмам, вырашылі ўзяць яе хітрасцю. З гэтай мэтай яны паслалі, нібыта ў падарунак манастыру, вялізную свечку, начыненую порахам. Прывезлі гэтую свечку на дванаццаці парах валоў, і ўзрадаваныя манахі ўжо хацелі запаліць яе перад абразом Пачаеўскай божай маці, але бог не дапусціў, каб здзейсніўся зладзейскі намысел.
А приснилося старшому чтецю:
Тіі свічі не брати,
Вивезти іі в чисте поле,
Сокирами порубати.
І вось манахі
Вывезли іі в чисте поле,
Стали іі рубати,
Кулі і патрони на всі сторони
Стали — геть! — розкідати...
Нясцерпна гарачае паветра, здавалася, усё насычана агідным змешаным пахам перагару, цыбулі, аўчынных кажухоў, моцнага самасаду-бакуну і выпарэнняў брудных чалавечых целаў. Прабіраючыся асцярожна паміж людзьмі і ледзь стрымліваючы неспакойнага ад заедзі Таранчыка, я не мог не прыкмеціць, што з усіх бакоў мяне праводзілі нахабныя, цікаўныя і варожыя позіркі. Ні адзін чалавек не зняў шапкі, але гоман як быццам сціх ад майго паяўлення. Раптам дзесьці ў самай сярэдзіне натоўпу прагучаў п'яны, хрыпаты выкрык, які я, аднак, добра не разабраў, але ў адказ на яго пачуўся стрыманы рогат. Нейкі жаночы голас пачаў спалохана сунімаць гарлапана:
— Цішэй ты, дурань... Чаго крычыш! Пачуе...
— А што мне з таго? — драў горла мужык. — Што ён мне, начальства, ці што? Ён толькі ў лесе са сваёй...
Агідная, доўгая, жахлівая лаянка павісла ў паветры разам з выбухам шалёнага рогату. Я хутка павярнуў назад каня і сутаргава сціснуў пугаўё, ахоплены той безразважнай лютасцю, якая нічога не бачыць, ні пра што не думае і нічога не баіцца. І раптам дзіўная, хваравітая, самотная думка мільганула ў мяне ў галаве: «Усё гэта ўжо было калісьці, шмат гадоў таму назад, у маім жыцці. Гэтак жа горача смаліла сонца... гэтак жа была заліта шумным узбуджаным людам вялізная плошча... Гэтак жа павярнуўся я назад у прыпадку дзікага гневу... Але дзе гэта было? Калі? Калі?..» Я апусціў нагайку і галопам паляцеў дамоў...
Ярмола не спяшаючыся выйшаў з кухні, узяў у мяне каня і сказаў груба:
— Там, паныч, у вас у пакоі сядзіць з Марынаўскай эканоміі прыказчык.
Мне здалося, што ён хоча яшчэ нешта дадаць, вельмі важнае для мяне і непрыемнае, мне здалося нават, што на твары ў яго мільганула злая насмешка. Я знарок затрымаўся ля дзвярэй і з выклікам азірнуўся на Ярмолу. Але ён ужо, не зважаючы на мяне, торгаў за аброць каня, які выцягваў наперад шыю і асцярожна пераступаў нагамі.
У маім пакоі я застаў канторшчыка з суседняга маёнтка — Мікіту Назаравіча Мішчанку. Ён быў у шэрым пінжачку з вялізнымі рыжымі клеткамі, у вузкіх штанах васільковага колеру і ў вогненна-чырвоным гальштуку, з прыгладжаным праборам пасярэдзіне галавы, увесь надушаны персідскім бэзам. Убачыўшы мяне, ён усхапіўся з крэсла і пачаў вітацца, не кланяючыся, а неяк згінаючыся ў поясе, з усмешкаю, якая агаляла бледныя дзёсны абедзвюх сківіц.
Читать дальше