Яна прыпынілася каля дрэва і стала спіною да ствала, уся бледная, з апушчанымі ў знямозе рукамі, з пакутлівай усмешкай на вуснах. Яе бледнасць напалохала мяне. Я кінуўся да яе і моцна сціснуў яе рукі.
— Алеся... што з табою? Алеся... любая!..
— Нічога... прабачце мне... гэта пройдзе. Так... галава закруцілася.
Яна сабралася з сіламі і пайшла наперад, не забіраючы ад мяне сваёй рукі.
— Алеся, ты цяпер пра мяне блага падумала, — сказаў я з папрокам. — Сорамна табе! Няўжо і ты думаеш, што я магу паехаць, пакінуўшы цябе? Не, мая любая. Я таму і пачаў гэтую гаворку, што хачу сёння ж пайсці да тваёй бабкі і сказаць ёй, што ты будзеш маёй жонкай.
Зусім нечакана для мяне, Алесю амаль не здзівілі мае словы.
— Тваёю жонкаю? — Яна павольна і сумна паківала галавой. — Не, Ванечка, любы, гэта немагчыма!
— Чаму ж, Алеся? Чаму?
— Не... не... Ты і сам разумееш, што пра гэта смешна і думаць. Ну якая я табе жонка? Ты — пан, ты разумны, адукаваны, а я? Я і чытаць не ўмею, і куды ступіць, не ведаю... Ты аднаго сораму праз мяне не абярэшся...
— Усё гэта глупства, Алеся! — запярэчыў я горача. — Ты праз паўгода сябе не пазнаеш. Ты не падазраеш нават, колькі ў табе прыроднага розуму і назіральнасці. Мы з табою разам прачытаем шмат добрых кніжак, пазнаёмімся з добрымі, разумнымі людзьмі, мы з табою ўвесь шырокі свет убачым, Алеся... Мы да старасці, да самай смерці будзем ісці поруч, вось як цяпер ідзём, і не саромецца, а ганарыцца я буду і дзякаваць табе!..
На маю палкую прамову Алеся адказвала мне ўдзячным поціскам рукі, але па-ранейшаму стаяла на сваім.
— Ды хіба гэта адно?.. Можа, ты яшчэ не ведаеш?.. Я ніколі не гаварыла табе... У мяне бацькі няма... Я незаконная...
— Перастань, Алеся... Гэта менш за ўсё мяне цікавіць. Што мне да тваёй радні, калі ты сама для мяне даражэй за бацьку і маці, даражэй за ўвесь свет? Не, усё гэта дробязі, усё гэта пустыя адгаворкі...
Алеся з ціхай пакорлівай ласкай прытулілася плячом да майго пляча.
— Галубок... Лепш бы ты зусім пра гэта не пачынаў размовы... Ты малады, вольны... Няўжо ў мяне хапіла б духу звязаць цябе па руках і па нагах на ўсё жыццё... Ну, а калі табе потым другая спадабаецца? Ты ж мяне тады ўзненавідзіш, праклянеш той дзень і гадзіну, калі я згадзілася пайсці за цябе. Не злуйся, мой дарагі! — умольна ўсклікнула яна, убачыўшы, што мне непрыемны гэтыя словы. — Я не хачу цябе пакрыўдзіць. Я толькі аб тваім шчасці думаю. Урэшце, ты забыў пра бабку. Ну, памяркуй сам, хіба добра будзе з майго боку яе адну пакінуць?
— Што ж... і для бабкі ў нас месца знойдзецца. — Шчыра кажучы, думка пра бабку мяне моцна скаланула. — А не захоча яна ў нас жыць, дык ва ўсякім горадзе ёсць такія дамы... яны называюцца багадзельнямі... дзе такім бабкам даюць спачынак і догляд уважлівы...
— Не, што ты! Яна з лесу нікуды не пойдзе. Яна людзей баіцца.
— Ну, дык ты ўжо сама думай, Алеся, як лепей. Табе прыйдзецца выбіраць паміж мной і бабкай. Але толькі знай адно — што без цябе мне і жыццё будзе агіднае.
— Сонейка маё! — з глыбокаю пяшчотаю вымавіла Алеся. — Ужо за адны твае словы дзякуй табе... Адагрэў ты маё сэрца... Але ўсё-такі замуж за цябе не пайду... Лепш ужо я так пайду за табою, калі не прагоніш... Толькі не спяшайся, калі ласка, не прыспешвай мяне. Дай мне дзянькі два, я ўсё гэта як мае быць абдумаю... І з бабкай таксама трэба пагаварыць.
— Паслухай, Алеся, — спытаў я, узрадаваны новай здагадкай. — А можа, ты зноў... царквы баішся?
Бадай, з гэтага пытання і трэба было пачынаць. Амаль штодзённа спрачаўся я з Алесяй, стараючыся пераканаць яе, што над яе родам не вісіць ніякае ўяўнае пракляцце разам з чарадзейнымі сіламі. Па сутнасці, у кожным расейскім інтэлігенце сядзіць крышку асветніка. Гэта ў нас у крыві, гэта дала нам расейская белетрыстыка апошніх дзесяцігоддзяў. Адкуль ведаць? — калі б Алеся глыбока верыла, строга прытрымлівалася пастоў і не прапускала ніводнай царкоўнай службы — вельмі нават магчыма, што тады я стаў бы іранізаваць (але толькі злёгку, бо я заўсёды быў набожны) з яе рэлігійнасці і развіваць у яе крытычную дапытлівасць розуму. Але яна з цвёрдай і наіўнай перакананасцю верыла ў сваю сувязь з цёмнымі сіламі і сваю адчужанасць ад бога, пра якога яна нават баялася гаварыць.
Марна я стараўся пахіснуць Алесіну забабоннасць. Усе мае лагічныя довады, усе мае, іншы раз, грубыя і злыя насмешкі разбіваліся аб яе пакорлівую веру ў сваё таямнічае фатальнае прызванне.
— Ты баішся царквы, Алеся? — паўтарыў я.
Яна моўчкі схіліла галаву.
Читать дальше