Яна ўзняла ўгору свой твар, і ўвесь ён заззяў шчаслівай усмешкай.
— Не бойся, мой любы, — сказала яна з невыказнай пяшчотнасцю. — Я ніколі не папракну цябе, ні да кога раўнаваць не стану... Скажы толькі: ці кахаеш мяне?
— Кахаю, Алеся. Даўно кахаю і моцна кахаю. Але... не цалуй мяне больш... Я слабну, у мяне галава круціцца, я не ручаюся за сябе...
Яе вусны зноў доўга і пакутліва салодка прыпалі да маіх, і я не пачуў, а хутчэй адгадаў яе словы:
— Ну, дык і не бойся і не думай ні пра што болей... Сёння наш дзень, і ніхто ў нас яго не адбярэ...
І ўся гэтая ноч вылілася ў нейкую чароўную казку. Узышоў месяц, і яго ззянне дзівосна, страката і таямніча расквечвала лес, слалася сярод мораку няроўнымі, сінявата-бледнымі плямамі на каржакаватыя ствалы, на крывыя сукі, на мяккі, як плюшавы дыван, мох. Гонкія бярозавыя ствалы бялелі рэзка і выразна, а на іх рэдкае лісце, здавалася, былі накінуты серабрыстыя тонкія газавыя пакрывалы.
Месцамі святло зусім не пранікала пад густую навісь хваёвых галін. Там панавала непраглядная цемра, і толькі ў самай сярэдзіне яе месячыкавы прамень, які невядома адкуль слізгануў туды, ярка азарыў доўгі строй дрэў і кінуў на зямлю вузкую роўную дарожку — такую светлую, прыбраную і цудоўную, нібы прысада, упрыгожаная эльфамі для ўрачыстага шэсця Аберона і Тытаніі. І мы крочылі, абняўшыся, сярод гэтай вясёлай жывой легенды, без адзінага слова, захопленыя сваім шчасцем і жудаснай цішынёй лесу.
— Любы мой, а я зусім забыла, што табе трэба дахаты спяшацца, — спахапілася раптам Алеся. — Вось якая я! Ты толькі што ачуняў, а я цябе да гэтага часу ў лесе трымаю.
Я абняў яе і адкінуў хустку з яе густых цёмных валасоў і, схіліўшыся да яе вуха, спытаў ледзь чутно:
— Ты не шкадуеш, Алеся? Не раскайваешся?
Яна адмоўна паківала галавой.
— Не, не... Што б ні здарылася потым, я не пашкадую. Мне так шчасна...
— А хіба абавязкова павінна што-небудзь здарыцца?
У яе вачах мільгануў знаёмы мне містычны жах.
— Абавязкова... Памятаеш, я табе гаварыла пра трэфовую даму? Трэфовая дама — гэта ж я. Гэта са мной будзе няшчасце, пра якое сказалі карты... Ты ведаеш, я хацела цябе прасіць, каб ты і зусім перастаў да нас прыходзіць. А тут якраз ты захварэў, і я цябе амаль паўмесяца не бачыла... І такая мяне журба ахапіла, што, здаецца, усё б на свеце аддала, каб з табою хоць хвілінку яшчэ пабыць... Вось тады я і адважылася. Няхай, думаю, што будзе, тое і будзе, а я сваёй радасці нікому не аддам...
— Гэта праўда, Алеся? Гэта і са мною так было, — сказаў я, датыкаючыся губамі да яе скроні. — Я да таго часу не ведаў, што кахаю цябе, пакуль не расстаўся з табою. Нездарма, мусіць, нехта сказаў, што разлука для кахання тое ж самае, што вецер для агню: маленькае каханне яна тушыць, а вялікае распальвае яшчэ мацней.
— Як ты сказаў? Паўтары, паўтары, калі ласка, — пацікавілася Алеся.
Я паўтарыў яшчэ раз гэтае выслоўе, хоць і не ведаў, каму яно належыць. Алеся задумалася, і я ўбачыў па руху яе губ, што яна паўтарае мае словы.
Я зблізку ўглядаўся ў яе бледны, закінуты назад твар, у яе вялікія чорныя вочы, і раптам цьмянае прадчуванне блізкай бяды нечаканым холадам запаўзло ў маю душу.
Амаль цэлы месяц працягвалася наіўная, чароўная казка нашага кахання, і да гэтае пары разам з цудоўным Алесіным абліччам жывуць у маёй душы гэтыя яркія вячэрнія зоры, гэтыя росныя, поўныя мядовага і ландышавага паху раніцы з іх бадзёрай свежасцю і звонкім птушыным гоманам, гэтыя цёплыя, млявыя, лянівыя чэрвеньскія дні... Ні разу ні смутак, ні стомленасць, ні адвечная цяга да вандроўнага жыцця не варухнуліся за гэты час у маім сэрцы. Я, як паганскі бог або як маладая, дужая жывёла, захапляўся святлом, цяплом, усвядомленай радасцю жыцця і спакойным, здаровым, пачуццёвым каханнем.
Старая Мануйліха пасля таго, як я ачуняў, зрабілася такая буркатлівая, і з такой адкрытай злосцю сустракала мяне, і, пакуль я сядзеў у хаце, з такой лютасцю перастаўляла гаршкі ў печы, што мы з Алесяй вырашылі сыходзіцца кожны вечар у лесе... І велічная зялёная краса бору, як каштоўная аправа, упрыгожвала наша супакойнае каханне.
Кожны дзень я з усё большым здзіўленнем знаходзіў, што Алеся, нягледзячы на тое, што яна вырасла сярод лесу і не ўмела нават чытаць, вельмі часта праяўляла чулую далікатнасць і асаблівую, прыродную тактоўнасць. У каханні — у простым, грубым яго сэнсе — заўсёды ёсць нешта такое, што прыносіць пакуту і сорам нервовым, чуллівым натурам. Аднак Алеся ўмела пазбягаць гэтага з такой наіўнай чысцінёй, што ні разу ніводнае благое параўнанне, ніводзін цынічны момант не абразілі нашай сувязі.
Читать дальше