Між тым набліжаўся час майго ад'езду. Уласна кажучы, усе мае службовыя абавязкі ў Перабродзе былі ўжо скончаны, і я наўмысна адцягваў тэрмін свайго вяртання ў горад. Я яшчэ ні слова не гаварыў пра гэта Алесі, баючыся нават уявіць сабе, як яна паставіцца да майго паведамлення аб тым, што мне неабходна ехаць. Наогул я быў у цяжкім становішчы. Прывычка мая пусціла дужа глыбокія карані. Бачыць штодзённа Алесю, чуць яе чароўны голас і звонкі смех, адчуваць пяшчотнае цяпло яе ласкі стала для мяне больш чым неабходнасцю. У рэдкія дні, калі непагадзь перашкаджала нам сустракацца, я адчуваў сябе як пазбаўлены чагосьці самага галоўнага, самага важнага ў маім жыцці. Усякі занятак здаваўся мне сумны, лішні, і ўся мая істота імкнулася ў лес, да цяпла, да святла, да мілага прывычнага Алесінага твару.
Думка ажаніцца з Алесяй усё часцей прыходзіла мне ў галаву. Спачатку яна толькі зрэдку ўяўлялася мне як мажлівы, на крайні выпадак, сумленны зыход у нашых адносінах. Адно толькі палохала і стрымлівала мяне: я не мог нават уявіць сабе, якая будзе Алеся, калі яна надзене модную сукенку, пачне размаўляць у гасцінай з жонкамі маіх таварышаў па службе; я не ведаў, апрача таго, як яна будзе адчуваць сябе, вырваная з гэтай чароўнай рамкі старога лесу, поўнага легенд і таямнічых сіл.
Але чым бліжэй падыходзіў час майго ад'езду, тым усё большы страх адзіноты і ўсё большы смутак авалодвалі мною. Рашэнне ажаніцца з кожным днём мацнела ў маёй душы, і пад канец я перастаў ужо бачыць у гэтым дзёрзкі выклік грамадству. «Жэняцца ж добрыя і вучоныя людзі на швачках, на пакаёўках, — суцяшаў я сябе, — і жывуць як мае быць, і да канца дзён сваіх дзякуюць лёсу, які памог ім прыняць гэтае рашэнне. Не буду ж я, на самай справе, больш няшчасны за іншых?»
Аднойчы ў сярэдзіне чэрвеня, пад вечар, я, як звычайна, чакаў Алесю на паваротцы вузкай лясной сцежкі паміж кустамі ўсыпанай квеценню свідзіны. Я яшчэ здалёку пазнаў шум лёгкіх, шпаркіх Алесіных крокаў.
— Добры дзень, мой любы, — сказала Алеся, абдымаючы мяне і цяжка дыхаючы... — Доўга, напэўна, чакаў? Я ледзьве вырвалася... Усё з бабкаю ваявала.
— Да гэтага часу не ўціхамірылася?
— Дзе там! «Ты, кажа, загінеш праз яго... Нацешыцца ён табой уволю ды і кіне. Не кахае ён цябе зусім...»
— Гэта яна пра мяне так?
— Пра цябе, любы... Усё роўна ж я ніводнаму яе слову не даю веры.
— А яна пра ўсё ведае?
— Пэўна не скажу... але, здаецца, ведае. Я з ёю, між іншым, пра гэта нічога не гавару — сама здагадваецца. Ну, ды што пра гэта думаць...
Яна сарвала галінку свідзіны з пышным гняздом кветак і ўваткнула сабе ў валасы. Мы павольна пайшлі па сцежцы, якая ледзь-ледзь ружавела на вячэрнім сонцы.
Я яшчэ мінулай ноччу канчаткова вырашыў пра ўсё расказаць Алесі. Але дзіўная боязь ахапіла мяне. Я думаў — калі скажу Алесі пра мой ад'езд і пра жаніцьбу, дык ці паверыць яна мне? Ці не здасца ёй, што я сваёю прапановаю толькі змяншаю, змякчаю першы боль нанесенай раны? «Вось як дойдзем да таго клёна з абадраным ствалом, дык адразу і пачну», — загадаў я сам сабе ў думках. Мы падыходзілі да клёна, і я, бляднеючы ад хвалявання, пераводзіў ужо дыханне, каб пачаць гаворку, але раптоўна мая смеласць прападала, саступаючы месца нервоваму, хваравітаму біццю сэрца і холаду ў роце. «Дваццаць сем — мой феральны лік, — думаў я праз некалькі хвілін, — далічу да дваццаці сямі, і тады!..» І я пачынаў лічыць у думках, але калі даходзіў да дваццаці сямі, дык адчуваў, што рашучасці ў мяне не хапае. «Не, — казаў я сабе, — лепш ужо буду лічыць далей, да шасцідзесяці — гэта якраз будзе цэлая хвіліна — і тады абавязкова, абавязкова...»
— Што гэта з табою сёння? — спытала раптам Алеся. — Ты думаеш пра нешта непрыемнае. Што з табою здарылася?
Тады я пачаў гавярыць, але загаварыў нейкім непрыемным мне самому тонам, з фальшывай, штучнай абыякавасцю, быццам справа ішла пра самую дробязную рэч.
— Сапраўды, ёсць маленькая непрыемнасць... Ты адгадала, Алеся... Справа ў тым, што мая служба тут ужо скончана і начальства выклікае мяне ў горад.
Мелькам, збоку я зірнуў на Алесю і ўбачыў, як прапала чырвань з яе твару і як задрыжалі ў яе губы. Але яна не адказала мне ні словам. Колькі хвілін я моўчкі ішоў з ёю ўпоплеч. У траве цвіркаталі конікі, і аднекуль здалёку далятаў аднастайны напружаны крык драча.
— Ты, вядома, і сама разумееш, Алеся, — зноў пачаў я, — што мне тут аставацца няёмка і няма дзе, ды, нарэшце, і службаю грэбаваць нельга...
— Не... што ж... тут і гаварыць няма чаго, — адгукнулася Алеся, як быццам спакойна, але такім глухім, нежывым голасам, што мне зрабілася не па сабе. — Калі служба, дык, вядома... трэба ехаць...
Читать дальше