Я сумеўся.
— Бачыш, Алеся... гэта здарылася так раптоўна... і, апрача таго, я баяўся цябе турбаваць. Ты за апошні час зрабілася нейкая дзіўная, нібы ўсё злавалася на мяне або надакучыў я табе... Паслухай, Алеся, — дадаў я, сцішыўшы голас, — нам з табою шмат аб чым трэба пагаварыць... толькі адным... разумееш?
Яна ціха апусціла павекі ў знак згоды, потым боязна азірнулася на бабку і хутка шапнула:
— Ды... я і сама хацела... потым... пачакайце...
Ледзь толькі зайшло сонца, як Алеся пачала мяне прыспешваць дахаты.
— Збірайцеся, збірайцеся хутчэй, — гаварыла яна, цягнучы мяне за руку з лавачкі. — Калі вас цяпер волкасцю пройме — хвароба адразу ж назад вернецца.
— А ты куды, Алеся? — спытала раптам Мануйліха, убачыўшы, што яе ўнучка хуценька накінула на галаву вялікую шэрую шарсцяную хустку.
— Пайду... правяду крышку, — адказала Алеся.
Яна вымавіла гэта зусім абыякава, пазіраючы не на бабку, а ў акно, але ў яе голасе я адчуў ледзь прыкметнае адценне абурэння.
— Усё ж пойдзеш? — з націскам спытала старая.
Алесіны вочы бліснулі, і яна проста ў твар паглядзела на Мануйліху.
— Так, і пайду! — запярэчыла яна ганарыста. — Пра гэта ўжо не раз гаварылася... Мая справа, мой і адказ.
— Эх ты!.. — з прыкрасцю і дакорам усклікнула старая.
Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але толькі махнула рукой, паклыпала сваёй старэчай хадою ў кут і, крэкчучы, пачала корпацца там у нейкім кошыку.
Я зразумеў, што гэтая хуткая вострая размова, сведкам якой я толькі што быў, — працяг многіх узаемных сварак і непаразуменняў. Ідучы ўпоплеч з Алесяй да лесу, я спытаў у яе:
— Бабка не хоча, каб ты хадзіла са мной гуляць?
Алеся з прыкрасцю паціснула плячамі:
— Калі ласка, не звяртайце на гэта ўвагі. Ну так, не хоча... Але хіба я не магу рабіць таго, што мне падабаецца?
У маёй душы раптам узнялося нястрымнае жаданне папракнуць Алесю за яе ранейшую суровасць.
— Значыць, і раней, яшчэ да маёй хваробы, ты таксама магла, але толькі не хацела аставацца са мною адзін на адзін... Ах, Алеся, каб ты ведала, як балюча ты мне рабіла... Я так чакаў, так чакаў кожнага вечара, што ты зноў пойдзеш са мною... А ты была заўсёды такая няўважлівая, сумная, злосная... О, як ты мяне мучыла, Алеся!..
— Ну, не трэба, галубок... Забудзьце пра гэта, — з мяккім прабачэннем у голасе папрасіла Алеся.
— Не, я ж не ў крыўду табе кажу — так, проста к слову прыйшлося... Цяпер я разумею, чаму гэта было... А спачатку ж — нават смешна і ўспамінаць — я падумаў, што ты пакрыўдзілася на мяне праз урадніка. І думка гэтая мяне моцна засмучала. Мне здавалася, што ты мяне лічыш за такога далёкага, чужога чалавека, што нават простую сяброўскую паслугу табе цяжка ад мяне прыняць... Вельмі мне гэта было балюча... Я нават і не падазраваў, Алеся, што ўсё гэта ад бабкі ідзе...
Алесін твар раптам загарэўся чырванню.
— І зусім не ад бабкі!.. Сама я гэтага не хацела! — горача, з запалам усклікнула яна.
Я паглядзеў на яе збоку, так, што мне стаў добра відзён чысты, прыгожы профіль яе крышку схіленай галавы. Толькі цяпер я заўважыў, што і сама Алеся схуднела за гэты час і вакол яе вачэй ляглі блакітныя цені. Адчуўшы мой позірк, Алеся ўскінула на мяне вочы, але адразу ж апусціла іх і павярнулася з сарамлівай усмешкай.
— Чаму ты не хацела, Алеся? Чаму? — спытаў я дрыготкім ад хвалявання голасам і, схапіўшы Алесю за руку, прымусіў яе спыніцца.
Мы ў гэты час былі якраз на сярэдзіне доўгай, вузкай і роўнай, бы страла, лясной прасекі. Высокія, стромкія хвоі абступалі нас з абодвух бакоў, утвараючы вялізны калідор з духмяных пераплеценых галін. Голыя, аблупленыя ствалы былі афарбаваны барвовым водбліскам вячэрняй зары...
— Чаму? Чаму, Алеся? — паўтараў я шэптам і ўсё мацней сціскаў яе руку.
— Я не магла... Я баялася, — ледзь чутно вымавіла Алеся. — Я думала, што можна абмінуць лёс... А цяпер, цяпер...
Яна задыхнулася, нібы ёй не хапала паветра, і раптам яе рукі хутка і моцна абвіліся вакол маёй шыі, і мае вусны соладка апёк гарачы Алесін шэпт:
— Цяпер мне ўсё роўна, усё роўна!.. Бо я кахаю цябе, маё шчасце, мой любы, мой дарагі!..
Яна тулілася да мяне ўсё мацней, і я адчуваў, як трапятала пад маімі рукамі яе дужае гарачае цела, як часта білася каля маіх грудзей яе сэрца. Яе палкія пацалункі ўліваліся ў маю яшчэ слабую пасля хваробы галаву, як п'янае віно, і я пачаў траціць волю над сабою.
— Алеся, богам прашу, не трэба... пакінь мяне, — гаварыў я, стараючыся разняць яе рукі. — Цяпер і я баюся... баюся самога сябе... Пусці мяне, Алеся.
Читать дальше