— Ды чаго вы хвалюецеся, Яўпсіхій Афрыканавіч. Тут зусім не ў суме справа, а проста так... Ну, хоць па-чалавечы...
— Па-ча-ла-ве-чы? — іранічна вымавіў ён кожны склад. — Дазвольце, ды ў мяне гэтыя чалавекі вось тут сядзяць!
Ён энергічна стукнуў сябе па магутнай бронзавай патыліцы, якая звешвалася на каўнер тлустай безвалосай складкай.
— Ну, гэта вы ўжо, здаецца, залішняе гаворыце, Яўпсіхій Афрыканавіч.
— Ні кропелькі не залішняе. «Гэта — язва тутэйшых мясцін», як казаў знакаміты байкапісец, пан Крылоў. Вось хто гэтыя дзве дамы! Вы, мусіць, не мелі ласкі прачытаць цудоўны твор яго светласці князя Ўрусава пад загалоўкам «Паліцэйскі ўраднік»?
— Не, не даводзілася.
— Вельмі шкада. Цудоўны і высокамаральны твор. Раю вольнай хвілінай пазнаёміцца...
— Добра, добра, я ахвотна пазнаёмлюся. Але я ўсё ж не разумею, якое дачыненне мае гэтая кніжка да дзвюх бедных жанчын?
— Якое? Вельмі простае. Пункт першы (Яўпсіхій Афрыканавіч загнуў тоўсты, валасаты ўказальны палец на левай руцэ): «Ураднік мае неаслабнае назіранне, каб усе хадзілі ў храм божы з дбайнасцю, знаходзячыся, аднак, у ім без натугі...» Дазвольце даведацца, а ці ходзіць гэтая... як яе... Мануйліха, ці што?.. Ці ходзіць яна калі-небудзь у царкву?
Я маўчаў, здзіўлены нечаканым паваротам справы. Ён паглядзеў на мяне важна і загнуў другі палец.
— Пункт другі: «Забараняюцца скрозь ілжэпрароцтвы, а таксама ілжэвешчаванні...» Адчуваеце? Затым пункт трэці: «Забараняецца выдаваць сябе за варажбіта або вешчуна і ўжываць падобныя ашуканствы». Што вы на гэта скажаце? А раптам усё гэта выявіцца ці акольным шляхам дойдзе да начальства? Хто будзе адказваць? — Я. Каго са службы па шапцы? — Мяне. Бачыце, якая штука.
Ён сеў у крэсла. Вочы ў яго, узнятыя ўгору, разгублена слізгалі па сценах пакоя, а пальцы гучна барабанілі па стале.
— Ну, а калі я вас папрашу, Яўпсіхій Афрыканавіч, — пачаў я зноў лагодным тонам. — Безумоўна, вашы абавязкі складаныя і клопатныя, але я ведаю, што сэрца ў вас самае добрае, залатое сэрца. Хіба вам цяжка паабяцаць мне не чапаць гэтых жанчын?
Ураднікавы вочы раптам спыніліся паўзверх маёй галавы.
— А неблагая ў вас стрэльбачка, — абыякава кінуў ён, не перастаючы барабаніць. — Цудоўная стрэльбачка. Мінулы раз, калі я да вас заязджаў і не застаў дома, я ўсё на яе любаваўся... Чароўная стрэльбачка!
Я таксама павярнуў галаву і паглядзеў на стрэльбу.
— Так, стрэльба неблагая, — пахваліў я. — Яна ж старадаўняя, фабрыкі Гасцін-Рэнета, я яе толькі летась на цэнтральную перарабіў. Вы звярніце ўвагу на ствалы.
— Як жа, як жа... я на ствалы і любаваўся галоўным чынам. Цудоўная рэч... Проста, можна сказаць, цэлы скарб.
Нашы вочы сустрэліся, і я ўбачыў, як у кутках ураднікавых губ уздрыгнула лёгкая, але шматзначная ўсмешка. Я ўстаў з месца, зняў са сцяны стрэльбу і падышоў з ёю да Яўпсіхія Афрыканавіча.
— У чаркесаў ёсць вельмі мілы звычай дарыць госцю ўсё, што ён пахваліць, — сказаў я ветліва. — Мы з вамі хоць і не чаркесы, Яўпсіхій Афрыканавіч, але я прашу прыняць ад мяне гэтую рэч на ўспамін.
Ураднік для выгляду засаромеўся.
— Ды што вы, такую стрэльбу! Не, не, гэта ўжо дужа шчодры звычай!
Аднак мне не давялося доўга яго ўпрошваць. Ураднік узяў стрэльбу, беражліва паставіў яе паміж сваіх каленяў і асцярожна зняў чыстай насоўкай пыл, які асеў на спускавой дужцы. Я крышку супакоіўся, калі ўбачыў, што стрэльба перайшла ў рукі аматара і знаўцы. Амаль адразу Яўпсіхій Афрыканавіч устаў і заспяшаўся ехаць.
— Справа не чакае, а я тут з вамі забавіўся, — гаварыў ён, гучна стукаючы аб падлогу непаслухмянымі галёшамі. — Калі будзеце ў нашых краях, калі ласка, наведвайце мяне.
— Ну, як жа наконт Мануйліхі, пан начальнік? — далікатна напомніў я.
— Паглядзім, пабачым... — няпэўна кінуў Яўпсіхій Афрыканавіч. — Я вось яшчэ пра што хацеў вас папрасіць... Радыска ў вас цудоўная...
— Сам вырасціў.
— Над-дзвычайная радыска! А ў мяне, ведаеце, мая жонка страшэнна любіць усялякую гародніну. Дык вось добра было б, каб, ведаеце, таго... пучочак адзін.
— Ахвотна, Яўпсіхій Афрыканавіч. Лічу сваім абавязкам... Сёння ж з нарачным дастаўлю кошычак. І масла ўжо дазвольце за адным заходам. Масла ў мяне на рэдкасць.
— Ну, і масла... — ахвотна дазволіў ураднік. — А гэтым бабам вы ўжо скажыце, што я іх пакуль што не крану. Толькі няхай яны ведаюць, — раптам узвысіў ён голас, — што адным «дзякуй» ад мяне не адчэпяцца. А цяпер жадаю вам здароўечка. Яшчэ раз мерсі вам за падаруначак і за пачастунак.
Читать дальше