— Кажу, што ўраднік прыехаў, — паўтарыў Ярмола тым жа варожым тонам, якім ён размаўляў са мною ў апошнія дні. — Зараз я бачыў яго на плаціне. Сюды едзе.
На вуліцы пачулася тарахценне колаў. Я хуценька кінуўся да акна і адчыніў яго. Доўгі, худы, шакаладнага колеру конь, з адвіслай ніжняй губой і пакрыўджанай мордай, паважным трушком цягнуў высокі дрогкі вазок, з якім ён быў звязаны адной толькі аглобляй, — другую аглоблю замяняла тоўстая вяроўка (злыя павятовыя языкі гаварылі, што ўраднік знарок завёў гэты сумны «выезд», каб стрымліваць усялякія непажаданыя размовы). Ураднік сам кіраваў канём, займаючы сваім вялізным целам у шэрым шынялі з франтаватага афіцэрскага сукна абодва сядзенні.
— Маё шанаванне, Яўпсіхій Афрыканавіч! — крыкнуў я, высоўваючыся праз акно.
— А-а, маё шанаванне! Як здароўечка? — адгукнуўся ён ветлівым, гучным начальніцкім барытонам.
Ён стрымаў каня і, дакрануўшыся далоняй да брыля, з нязграбнай грацыяй нахіліў наперад тулава.
— Зайдзіце на хвілінку. У мяне да вас адна невялічкая справа ёсць.
Ураднік шырока развёў рукамі і пакруціў галавою.
— Не магу! Выконваю службовыя абавязкі. Еду ў Валошу на мёртвае цела — тапелец.
Але я ўжо ведаў слабасці Яўпсіхія Афрыканавіча і таму сказаў са штучнай абыякавасцю:
— Шкада, шкада... А я ў эканоміі графа Ворцаля здабыў пару такіх пляшачак...
— Не магу. Абавязак службы...
— Мне буфетчык па знаёмству прадаў. Ён іх у склепе як дзяцей родных бярог... Зайшлі б... А я вашаму коніку загадаю аўса даць.
— Ды вось вы які, сапраўды, — з папрокам сказаў ураднік. — Хіба вы не ведаеце, што служба перш за ўсё?.. А яны з чым, гэтыя пляшкі? Слівянка?
— Якая там слівянка! — махнуў я рукою. — Старка, бацюхна, вось што!
— Мы, шчыра кажучы, ужо закусілі, — са спагадаю пачухаў шчаку ўраднік, страшэнна зморшчыўшы пры гэтым твар.
Я з ранейшым спакоем гаварыў далей:
— Не ведаю, ці праўда, але буфетчык бажыўся, што ёй дзвесце год. Пах — проста чысты каньяк, і самай бурштынавай жаўцізны.
— Эх! І што вы са мной робіце! — усклікнуў з камічным адчаем ураднік. — Хто ж у мяне каня прыме?
Старкі ў мяне сапраўды аказалася некалькі пляшак, хоць і не такой вытрыманай, як я выхваляўся, але я разлічваў, што сіла ўнушэння дадасць ёй некалькі дзесяткаў год... Ва ўсякім разе, гэта была сапраўдная, хатняя, ашаламляльная старка, гордасць склепа збяднелага магната. (Яўпсіхій Афрыканавіч, які паходжаннем быў з духоўных, неадкладна выпрасіў у мяне пляшку на выпадак, як ён сказаў, хваробы прастуднага характару...) І закусь у мяне знайшлася гастранамічная: маладая радыска са свежым, толькі што збітым маслам.
— Ну, а справа-то ваша якая будзе? — спытаў пасля пятай чаркі ўраднік, адкінуўшыся на спінку старога крэсла, якое ўсё ажно затрашчала пад ім.
Я пачаў расказваць яму пра становішча беднай старой, упамянуў пра яе бездапаможнасць і адчай, не прамінуў сказаць адносна непатрэбнага фармалізму. Ураднік слухаў мяне з апушчанай долу галавой, метадычна ачышчаючы ад карэньчыкаў чырвоную, тугую, ядраную радыску і жуючы яе а апетытным хрумстам. Час ад часу ён хутка ўскідваў на мяне абыякавыя, мутныя, да смешнага маленькія і блакітныя вочкі, але на яго чырвонай вялізнай фізіяноміі я не мог нічога прачытаць: ні спачування, ні супраціўлення. Калі я нарэшце змоўк, ён толькі спытаў:
— Ну, дык чаго вы ад мяне хочаце?
— Як чаго? — захваляваўся я. — Зразумейце ж, калі ласка, іх становішча. Жывуць дзве бедныя, безабаронныя жанчыны...
— І адна з іх проста бутон садовы! — кпліва ўставіў ураднік.
— Ну, бутон ці не бутон — гэта справа дзевятая. Але чаму, скажыце, вам не памагчы ім? Быццам бы вам ужо так спешна трэба іх выселіць? Ну, хоць пачакайце крыху, пакуль я сам у памешчыка папрашу. Чым вы рызыкуеце, калі пачакаеце з месяц?
— Як гэта чым рызыкую?! — усхапіўся з крэсла ўраднік. — Даруйце — ды ўсім рызыкую, і перш за ўсё службаю. Бог яго ведае, што гэта за пан Ільяшэвіч, новы памешчык. А можа, каверзнік з тых, каторыя, як што якое, адразу паперку, пёрка і данос у Пецярбург? У нас жа бываюць і такія!
Я паспрабаваў супакоіць урадніка, які з хвіліны на хвіліну разыходзіўся ўсё болей.
— Ну, хопіць ужо, Яўпсіхій Афрыканавіч. Вы перавялічваеце ўсю гэтую справу. Нарэшце — што ж? Як вядома, рызыка рызыкай, а ўдзячнасць ёсць удзячнасць.
— Фю-ю-у! — працяжна свіснуў ураднік і глыбока засунуў рукі ў кішэні шаравараў. — Вось дык удзячнасць! Што ж вы думаеце — я праз якія-небудзь дваццаць пяць рублёў пастаўлю на карту сваё службовае становішча? Не, гэта вы мяне дрэнна разумееце.
Читать дальше