— Алеся, любая... Павер мне, што ты сама сябе ашукваеш... Гэта ж дзіка, гэта смешна, што ты гаворыш.
На твары Алесі зноў паявіўся ўжо заўважаны мною аднойчы дзіўны выраз перакананай і змрочнай пакорлівасці перад таямнічым лёсам.
— Не, не... Вы гэтага не можаце зразумець, а я гэта адчуваю... Вось тут, — яна моцна прытуліла руку да грудзей, — сэрцам адчуваю. Увесь наш род пракляты на векі вякоў. Ды вы памяркуйце самі: хто нам памагае, як не ён? Хіба можа просты чалавек зрабіць тое, што я магу? Уся наша сіла ад яго ідзе.
І кожны раз размова, ледзь толькі яна краналася гэтай незвычайнай тэмы, заканчвалася гэтак. Марна я прыводзіў усе даступныя Алесінаму разуменню довады, марна гаварыў у простай форме пра гіпнатызм, пра ўнушэнне, пра дактароў-псіхіятраў і пра індыйскіх факіраў, марна стараўся растлумачыць ёй фізіялагічным шляхам некаторыя з яе вопытаў, хоць бы, напрыклад, замаўленне крыві, якое вельмі проста дасягаецца ўмелым прыцісканнем вены, — Алеся, такая даверлівая да мяне ва ўсім астатнім, з упартай настойлівасцю абвяргала ўсе мае доказы і тлумачэнні...
— Ну, добра, добра, пра замаўленне крыві я вам, так і быць, паверу, — гаварыла яна, павышаючы голас у захапленні спрэчкі, — а скуль жа другое бярэцца? Хіба я адно толькі і ведаю, што кроў замаўляць? Хочаце, я вам за адзін дзень усіх мышэй і прусакоў выведу з хаты? Хочаце, я за два дні вылечу звычайнай вадой самую моцную восыпку, хоць вашы дактары ад хворага адмовіліся б? Хочаце, я зраблю так, што вы якое-небудзь адно слова можаце зусім забыць? А сны чаму я разгадваю? А будучыню чаму прадказваю?
Заканчвалася гэтая спрэчка заўсёды тым, што і я і Алеся змаўкалі з нейкім унутраным раздражненнем адно супроць аднаго. І сапраўды — далёка не ўсё з яе чорнага мастацтва знаходзіла ў мяне вытлумачэнне. Я не ведаю і не магу сказаць, ці знала Алеся і палову тых сакрэтаў, пра якія гаварыла з такой наіўнай верай, але тое, што я сам часта бачыў, усяляла ў мяне непахісную ўпэўненасць, што Алесі былі даступныя тыя неўсвядомленыя, інстынктыўныя, цьмяныя, здабытыя выпадковым вопытам, дзівосныя веды, якія, апярэдзіўшы дакладную навуку на цэлыя стагоддзі, жывуць, перамяшаўшыся са смешнымі і дзікімі забабонамі, у цёмнай, замкнёнай народнай масе, перадаючыся, як найвялікшая таямніца, з пакалення ў пакаленне.
Нягледзячы на рэзкае рознагалоссе ў гэтым адзіным пункце, мы ўсё больш і больш прывыкалі адно да аднаго. Пра каханне паміж намі не было сказана яшчэ ні слова, але быць разам для нас ужо зрабілася патрэбаю, і часта ў маўклівыя хвіліны, калі нашы позіркі знячэўку і адначасова сустракаліся, я бачыў, як звільгатняліся вочы ў Алесі і як білася тоненькая блакітная жылка ў яе на скроні...
Затое мае ўзаемаадносіны з Ярмолам зусім сапсаваліся. Для яго, мусіць, не былі таямніцаю мае наведванні хацінкі на курыных ножках і вячэрнія пагулянкі з Алесяй: ён заўсёды з дзіўнай дакладнасцю ведаў усё, што адбывалася ў ягоным лесе. З нейкага часу я прыкмеціў, што ён пачынае пазбягаць мяне. Яго чорныя вочы сачылі за мной зводдаля з папрокам і непрыязнасцю кожны раз, калі я збіраўся ісці ў лес, хоць папроку свайго ён не выказваў ніводным словам. Нашы камічна-сур'ёзныя заняткі граматай спыніліся. Калі ж я адвячоркам якім зваў Ярмолу вучыцца, дык ён толькі махаў рукою.
— Куды ўжо там! Пустая гэта справа, паныч, — казаў ён з ляніваю пагардаю.
На паляванне мы таксама перасталі хадзіць. Кожны раз, калі я пачынаў пра гэта гаворку, у Ярмолы знаходзілася якая-небудзь прычына, каб адмовіцца: то стрэльба няспраўная, то сабака хворы, то яму самому не было калі. «Няма часу, паныч... трэба поле сёння араць», — часцей за ўсё адказваў Ярмола на маю прапанову, і я добра ведаў, што ён зусім не будзе «араць поле», а правядзе ўвесь дзень каля манаполькі ў марнай надзеі на чый-небудзь пачастунак. Гэтая маўклівая затоеная варожасць пачынала мяне стамляць, і я пачаў ужо думаць, каб адмовіцца ад Ярмолавых паслуг, скарыстаўшы на гэта першы зручны выпадак... Мяне стрымлівала толькі пачуццё жалю да яго вялікай беднай сям'і, якой чатыры рублі Ярмолавага жалавання памагалі не памерці ад голаду.
Аднойчы, калі я, як звычайна, прыйшоў пад вечар у хацінку на курыных ножках, мне адразу кінулася ў вочы засмучанасць яе жыхарак. Старая сядзела з нагамі на пасцелі і, згорбіўшыся, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася ўзад і ўперад і нешта мармытала сабе пад нос. На маё прывітанне яна не звярнула аніякай увагі. Алеся павіталася са мной, як і заўсёды, ласкава, але размова ў нас не клеілася. Відаць, яна слухала мяне няўважліва і адказвала няўлад. На яе твары ляжаў цень нейкага вялікага ўнутранага клопату.
Читать дальше