— Ну што? Задаволены? — крыкнула яна, бліскаючы сваімі белымі зубамі. — Далі веры цяпер? Нічога, нічога!.. Паляцелі не ўгору, а на зямлю.
— Як гэта ты зрабіла? — са здзіўленнем спытаў я, атрушваючыся ад галінак і сухой травы, якія прысталі да маёй адзежы. — Гэта не сакрэт?
— Зусім не сакрэт. Я вам ахвотна раскажу. Толькі баюся, што вы не зразумееце... Не змагу я растлумачыць...
Я сапраўды не зусім зразумеў яе. Але, калі не памыляюся, гэты своеасаблівы фокус заключаецца ў тым, што яна, ідучы за мною следам крок у крок, нага ў нагу і пільна пазіраючы на мяне, у той жа час стараецца пераймаць кожны, самы маленькі мой рух, як кажуць, атаясамлівае сябе са мною. Прайшоўшы такім чынам некалькі крокаў, яна пачынае ўяўляць на нейкай адлегласці перада мною вяроўчыну, працягнутую цераз дарогу на аршын ад зямлі. У тую ж хвіліну, калі я павінен зачапіць нагою гэтую ўяўную вяроўчыну, Алеся раптам імітуе падзенне, і тады, па яе словах, самы моцны чалавек абавязкова павінен упасці... Толькі шмат часу пазней я прыгадаў блытанае тлумачэнне Алесі, калі чытаў справаздачу доктара Шарко аб вопытах, праведзеных ім над дзвюма пацыенткамі Сальпетрыера, якія пакутавалі ад істэрыі. І я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што французскія чарадзеі з простага люду карысталіся ў такіх выпадках гэткімі ж прыёмамі, якія пускала ў ход прыгожая палеская чараўніца.
— О! Я яшчэ багата чаго ўмею, — самаўпэўнена сказала Алеся. — Напрыклад, я магу напусціць на вас страх.
— Што гэта значыць?
— Зраблю так, што вас страх апануе. Седзіцё вы, напрыклад, у сваім пакоі адвячоркам, і раптам вас зусім неспадзявана ахопіць такі страх, што вы ўвесь задрыжыце і азірнуцца пабаіцёся. Толькі для гэтага мне трэба ведаць, дзе вы жывяце, і паглядзець ваш пакой.
— Ну, гэта ўжо зусім проста, — усумніўся я. — Падыдзеш да акна, пастукаеш, крыкнеш што-небудзь.
— О, не-не... Я буду ў гэты час у лесе, нікуды з хаты не выйду... Але я буду сядзець і ўсё думаць, што вось я іду па вуліцы, заходжу ў ваш дом, адчыняю дзверы, заходжу ў ваш пакой... Вы седзіцё дзе-небудзь... Ну, хоць бы сабе ля стала... я падкрадаюся да вас ззаду ціха... вы мяне не чуеце... я хапаю вас за плячо рукамі і пачынаю душыць... усё мацней, мацней, мацней... а сама пазіраю на вас... вось так — глядзіце...
Яе тонкія бровы раптам сышліся, вочы зусім блізка ўтаропіліся на мяне з грозным і прыцягальным выразам, зрэнкі павялічыліся і пасінелі. Мне адразу прыгадалася бачаная мною ў Маскве, у Траццякоўскай галерэі, галава Медузы — праца не памятаю ўжо якога мастака. Пад гэтым пільным, дзіўным позіркам мяне ахапіў халодны жах нечага незвычайнага.
— Ну, досыць, досыць, Алеся... не трэба, — сказаў я з няшчырым смехам. — Мне куды больш падабаецца, калі ты ўсміхаешся — тады ў цябе такі мілы, дзіцячы твар.
Мы пайшлі далей. Мне раптам прыгадалася выразлівасць і нават для простай дзяўчыны вытанчанасць фраз у Алесінай гаворцы, і я сказаў:
— Ведаеш, што мяне здзіўляе, Алеся? Вось ты вырасла ў лесе, нікога не бачыла... Чытаць ты, вядома, таксама шмат не магла...
— Ды я зусім чытаць не ўмею.
— Ну, тым больш... А, між іншым, ты так добра гаворыш, не горш за сапраўдную паню. Скажы мне, адкуль у цябе гэта? Разумееш, пра што я пытаюся?
— Так, разумею. Гэта ўсё ад бабкі... Вы не глядзіце, што яна такая з выгляду. У! Якая яна разумная! Вось, можа, яна і пры вас разгаворыцца, калі прывыкне больш... Яна ўсё ведае, ну — проста ўсё на свеце, пра што ні запытаеш. Праўда, пастарэла яна цяпер.
— Значыць, яна шмат бачыла на сваім вяку? Адкуль яна родам? Дзе яна раней жыла?
Здаецца, гэтыя пытанні не спадабаліся Алесі. Яна адказала не адразу, няпэўна і неахвотна:
— Не ведаю... Ды яна пра гэта і не любіць расказваць. А калі часам што і скажа, дык заўсёды просіць забыць і не ўспамінаць болей... Ну, аднак, мне пара ўжо ісці, — заспяшалася Алеся, — бабка будзе злавацца. Да пабачэння... Прабачце, імя вашага не ведаю.
Я сказаў.
— Іван Цімафеевіч? Ну, вось і добра. Дык да пабачэння, Іван Цімафеевіч. Не грэбуйце нашай хацінай, заходзьце.
На развітанне я працягнуў ёй руку, і яе маленькая дужая рука адказала мне моцным сяброўскім поціскам.
З гэтага дня я зрабіўся частым госцем у хацінцы на курыных ножках. Кожны раз, калі я прыходзіў, Алеся сустракала мяне са сваёй прывычнай стрыманасцю. Але заўсёды, па першым міжвольным руху, які яна рабіла, угледзеўшы мяне, я заўважаў, што яна рада майму прыходу. Старая па-ранейшаму не пераставала бурчаць нешта сабе пад нос, але яўнай непрыязнасці не выказвала дзякуючы нябачнаму для мяне, але несумненнаму заступніцтву ўнучкі; немалое значэнне мелі таксама падарункі, якія я час ад часу прыносіў: то цёплая хустка, то слоік сочыва, то пляшка вішнёвай наліўкі. У нас з Алесяй, нібы па маўклівай узаемнай дамоўленасці, увайшло ў звычай, што яна мяне праводзіла да Ірынаўскага шляху, калі я ішоў дадому. І заўсёды ў нас у гэты час завязвалася такая жывая, цікавая размова, што мы абое міжвольна стараліся прадоўжыць дарогу, ідучы як мага павольней ціхімі ляснымі палянкамі. Дайшоўшы да Ірынаўскага шляху, я яе праводзіў назад з паўвярсты, і ўсё ж, перш чым развітацца, мы яшчэ доўга размаўлялі, стоячы пад духмянай навіссю сасновых галін.
Читать дальше