Немагчыма апісаць таго стану, у якім я быў праз увесь час маёй дзікай скачкі. Хвілінамі я зусім забываў, куды і чаго еду; аставалася толькі цьмянае ўсведамленне, што адбылося штосьці непапраўнае, жахлівае і недарэчнае, — усведамленне, падобнае да цяжкай беспрычыннай трывогі, якая апаноўвае часам у ліхаманкавай немарасці чалавека. І ў той жа час — як гэта дзіўна! — у мяне ў галаве не пераставаў дрыжаць у такт з конскім: тупатам гугнявы, разбіты голас сляпога лірніка:
Ой вишло війско турецьке,
Як та чорна хмара...
Дабраўшыся да вузкай сцежкі, што вяла проста да Мануйлішынай хаты, я злез з Таранчыка, на якім па краях потніка і ў тых месцах, дзе яго скура дакраналася да збруі, белымі камякамі выступіла густая пена, і павёў яго на повадзе. Ад дзённай спёкі і шпаркай язды кроў шумела ў мяне ў галаве, нібы яе напампоўвалі нейкай вялізнай помпай.
Прывязаўшы каня да паркана, я зайшоў у хату. Спачатку мне здалося, што Алесі няма дома, і ў мяне нават у грудзях і ў роце пахаладзела ад страху, але праз хвіліну я ўбачыў, што яна ляжыць на пасцелі, тварам да сцяны, схаваўшы ў падушкі галаву. Яна нават не павярнулася на скрып дзвярэй.
Мануйліха, якая сядзела тут жа побач, на зямлі, цяжка паднялася на ногі і замахала на мяне рукамі.
— Цішэй! Не шумі ты, пракляты, — з пагрозаю зашаптала яна, падыходзячы да мяне. І, зірнуўшы мне проста ў вочы сваімі выцвілымі, халоднымі вачамі, яна прасіпела злосна: — Што? Дагуляўся, галубок?
— Паслухай, бабка, — запярэчыў я сурова, — цяпер не час спрачацца. Што з Алесяй?
— Цсс... цішэй! Непрытомная ляжыць Алеся, вось што з Алесяй... Каб ты не лез, куды табе не трэба, ды не гаварыў бы рознага глупства дзяўчыне, нічога благога не здарылася б. І я вось, дурніца старая, глядзела, патурала... А сэрца ж маё чула бяду... Чула яно нядобрае з таго самага дня, калі ты ледзь не сілаю да нас у хату ўварваўся. Што? Скажаш, не ты гэта яе падбухторыў у царкву пацягнуцца? — раптам са скрыўленым ад нянавісці тварам накінулася на мяне старая. — Не ты, паніч пракляты? Ды не хлусі — не круці лісіным хвастом, бессаромны ты! Навошта табе спатрэбілася яе ў царкву цягнуць?
— Не цягнуў я яе, бабка... Даю табе слова. Сама яна захацела.
— Ах ты, гора, гора маё! — пляснула рукамі Мануйліха. — Прыбегла адтуль — твару на ёй няма, уся кашуля на шматкі паразадрана... Проставалосая... Расказвае, як што было, а сама — то рагоча, то плача... Ну, проста вось як клікуша якая... Лягла ў пасцель... усё плакала, а потым, гляджу, як быццам бы і заснула. Я, дурніца старая, была ўзрадавалася: вось, думаю, усё пройдзе сном, перакінецца. Гляджу, рука ў яе долу звесілася — думаю: трэба паправіць, бо здранцвець можа. Кранула я яе, галубку, за руку, а яна ўся так і палае агнём. Значыць, гарачка ў яе пачалася... З гадзіну безупынна гаварыла, хутка, ды так жаласліва... Вось толькі-толькі сціхла на хвілінку. Што ты нарабіў? Што ты зрабіў з ёю? — з новым адчаем усклікнула старая.
І раптам увесь яе карычневы твар састроіў агідную грымасу плачу: губы расцягнуліся і апусціліся па кутках уніз, усе мускулы на твары напружана задрыжалі, бровы ўзняліся ўверх, зморшчыўшы лоб шырокімі складкамі, а з вачэй часта-часта пасыпаліся буйныя, як гарошыны, слёзы. Абхапіўшы рукамі галаву і паклаўшы локці на стол, яна пачала хістацца ўзад і ўперад усім целам і зарыдала напаўголаса: — Дачушка мая-а-а! Унучачка даражэнькая-а-а!.. Ох, го-о-орка мне, мло-о-осна!..
— Ды не стагні ты, старая! — груба перапыніў я Мануйліху. — Разбудзіш!
Старая сціхла, але ўсё з той жа страшнай грымасай на твары працягвала ківацца ўзад і ўперад, між тым як буйныя слёзы падалі на стол... Так прайшло хвілін з дзесяць. Я сядзеў побач з Мануйліхай і з сумам слухаў, як аднастайна гула і білася аб аконную шыбу муха.
— Бабка! — пачуўся раптам слабы, ледзь чутны голас Алесі. — Бабка, хто ў нас?
Мануйліха хуценька паклыпала да ложка і адразу ж зноў зарыдала:
— Ох, унучачка мая, ро-одная-а-а! Ох, горка мне, ста-а-арой, млосна мне-е-е-е...
— Ах, бабка, ды перастань ты! — з жальбаю і засмучэннем у голасе сказала Алеся. — Хто ў нас у хаце сядзіць?
Я асцярожна, на пальчыках, падышоў да ложка з тым няёмкім, вінаватым усведамленнем свайго здароўя і сваёй грубасці, якія заўсёды адчуваеш каля хворага.
— Гэта я, Алеся, — сказаў я, сцішыўшы голас. — Я толькі што прыехаў верхам з вёскі... А ўсю раніцу я ў горадзе быў... Табе дрэнна, Алеся?
Яна, не падымаючы твару ад падушак, працягнула назад голую руку, нібы шукаючы нешта ў паветры. Я зразумеў гэты рух і ўзяў яе гарачую руку ў свае рукі. Дзве вялізныя сінія плямы — адна над кісцю, а другая крыху вышэй локця — рэзка вылучаліся на белай, далікатнай скуры.
Читать дальше