Наняцца куды-небудзь, працаваць не давала Аніссі, апроч хаты, яшчэ і тая бяда, што вельмі слабая была яна, дый слепавокая ў дадатак. Шмат гадоў хадзіў па лаве каля яе, па лаве, на якой прабыла яна гэтулькі доўгіх дзён, стары, чорны з золатам, певень: яна сядзіць і думае, падпіраючы тонкаю рукою шчаку, а ён пахаджвае, клюе мух па цьмяных, сабраных з кавалачкаў шыбах. Раз ткнулася яна да акна, — нехта ехаў па вёсцы з шамкамі, — а певень як дзеўбане ў левае вока ёй! І вока выцекла, запалае павека сцягнула, асталася адна шэрая шчылінка... Раней сеяла яна каноплі на агародзе, брала пасконне, церла пяньку: усё быў сякі-такі прыбытак. Але Ягор і агарод здаў. Раней на падзёншчыну прымалі яе — да дробнага панка Панаева, што за вярсту ад Пажэні. Ды пачалі крыўдаваць дзяўчаты, — старая качарга работу адбівае! — пачалі нагаворваць аконаму, нібы ўсё ў яе, сослепу, з рук валіцца, пачалі тайком засоўваць крадзеныя з панскага саду яблыкі ў тую хустачку, у якую, ідучы на работу, завязвала яна свой сняданак — акраец чэрствага хлеба...
Замуж выйшла Анісся рана — рана адна на свеце асталася. Кахаць Аніссі ў маладосці не было каго. Але і не кахаць не магла яна. Не ўсведамляючы таго, што ёй хочацца аддаць каму-небудзь душу, выходзіла яна за Мірона, — таксама печніка, распрыгоненага дваровага, — і кахала яго доўга, цярпліва, бо, скінуўшы неўзабаве пасля вяселля ад пабояў, доўга пазбаўлена была магчымасці на дзяцей перанесці сваю любоў. У хмелі Мірон бываў буйны. Так жа бывае: цвярозы дзіцяці не пакрыўдзіць, а нап'ецца — хоць святых з хаты вынось. Б'е вокны, ганяецца за сынам і жонкаю з дубінкаю. «Ну, зноў у Мінаевых хрэсны ход пайшоў! — гаварылі суседзі, радуючыся такой забаве. — І вясёлы ж двор, дальбог!» Калі нехаця пачынаў ён перапрошваць, працверазіўшыся, хутка здавалася яна на ласкавае слова, толькі ціха гаварыла скрозь слёзы: «Што ж, з цябе ж будуць людзі смяяцца, калі калекаю мяне зробіш!»
Усё ж пасля Міронавай смерці нават такое мінулае пачало здавацца шчасцем Аніссі. Так, калісьці былі і маладосць, і сямейнае жыццё, і гаспадарка ў яе; быў муж, былі дзеці, былі радасці і нягоды — усё як у людзей... Дваццаць гадоў таму назад замёрз Мірон, — ні з таго ні з сяго ўвязаўся п'яны за чужым абозам у Ліўны, — і многа ночаў прабыла яна без сну, седзячы ў цёмнай хаце на тапчане, успамінаючы і думаючы; але ніхто не ўведаў яе дум. Усіх памерлых дзяцей аплакала яна горкімі слязьмі, але аплакала таксама тайком, у адзіноце. Беднасць, якая разбурыла ўшчэнт яе двор, часта вымушала яе кланяцца суседзям, прасіць іх памагчы дзеля сіраты-сына, пакуль малы ён быў; але ніколі не асмельвалася яна напамінаць людзям, што ў былыя часы памагала і яна ім. І выйшла так, што ў Пажэні нікому і не верылася, што жыла яна некалі па-людску. Спадзявалася яна адпачыць хоць пад старасць, за сынам. Мужык ён выйшаў добры, — на словах толькі бессаромны і гарачы, не тое што бацька нябожчык. Рукі ў яго залатыя, гаварыла яна, яшчэ б як жылі, калі б не кінуў ён дома!
Гэташняй зімой нават Пажэнь здзівіў Ягор: усяго маглі чакаць ад яго, але толькі не таго, што раптам кіне ён сваю справу і ні з таго ні з сяго, — вось як Мірон за чужым абозам, — пойдзе, усім на пасмешышча, у залатары ў Маскву. Але і ў Маскве прабыў ён без году тыдзень. Думала часамі Анісся, у самае сэрца кранутая весткаю аб яго прочках, што, быць можа, дзеля яе вечнага голаду, дзеля добрых заработкаў, з затоенаю думкаю паправіць сваё жыццё пайшоў Ягор. Але вось ён нечакана вярнуўся, — абтрапаны, без капейкі грошай; начаваў тры ночы дома, але і двух слоў талковых не сказаў ні з суседзямі, ні з маткаю, — быў нейкі хоць і не сумны, але разгублены; нават не здолеў растлумачыць як след, чаго цягаўся ў Маскву, — сказаў толькі: «Ды ай вялікай бяды?» — і зноў знік.
У маі наняўся ён вартаваць Ланское, лес абшарніка Гур'ева, што ад Пажэні вёрст за пятнаццаць. Палажылі яму андынарыю, ды толькі тры рублі на месяц. А што такое тры рублі? Тое купі, другое купі... на запалкі нават не хапае... І, наняўшыся, Ягор зусім перастаў памагаць мацеры.
У Пятровіцу, даеўшы апошнюю скарынку вельмі цяжка пазычанага хлеба, наважыла яна, нарэшце, пабыць у Ланскім, пабачыцца з сынам, праведаць яго, а галоўнае, хоць крыху падмацавацца. Даядала яна хлеб з вялікаю асцярогаю — і ўсё слабела, слабела. Не ў меру пачало хіліць у сон, дрыжаць у вачах, звінець у вушах; пачалі пухнуць ногі, пачала гнясці неадчэпная мара: паесці чаго-небудзь гарачага з соллю. Боязна было сказаць сабе: пайду. Ды навялі на думку, разгаварылі, настроілі падарожнікі. Зайшлі яны напіцца — бабулька і маладая; хадзілі ў Гур'ева памінаць нябожчыка. Бабульцы нябожчык быў сынам, маладой — мужам. І вось усе трое разжалобіліся яны, разгаварыліся пра сваю жаночую долю, пра мужоў, сыноў. Маладая — буйная, з вялікім бледным тварам і вялікімі шэрымі вачыма навыкат, добра і стройна надзетая — у новы гарсэт з карычневага саматканага сукна са зборкамі ззаду, у чырвоную шарсцяную спадніцу і ў боцікі, з чорнаю аксаміткаю, аздобленаю белымі гузікамі, на шыі — тая ўсё маўчала. Бабулька, сухенькая, чысценькая, стомлена-ажыўленая, гаварыла бесперастанку, а маладая за ўвесь час толькі раз, проста і не спяшаючыся, уставіла сваё слова: калі бабулька запнулася, забылася горад, куды загналі ў салдаты яе меншага сына.
Читать дальше