— Няўжо вы не баіцёся жыць адны ў такой глушэчы? — спытаў я, затрымаўшыся ля паркана.
Яна абыякава паціснула плячамі.
— Чаго ж нам баяцца? Ваўкі сюды не заходзяць.
— Ды хіба ваўкі адны... Снегам вас замесці можа, пажар можа здарыцца... І ці мала яшчэ што. Вы тут адны, вам і памагчы ніхто не паспее.
— І дзякуй богу! — махнула яна пагардліва рукою. — Каб нас з бабкаю зусім у спакоі пакінулі, дык лепей было б, а то...
— А то што?
— Шмат будзеце ведаць, хутка састарыцеся, — адрэзала яна. — Ды вы самі хто будзеце? — спытала яна трывожна.
Я здагадаўся, што, напэўна, і старая і гэтая прыгажуня баяцца якога-небудзь прыціску з боку «ўладаносцаў», і паспяшаўся яе супакоіць.
— О! Ты, калі ласка, не хвалюйся. Я не ўраднік, не пісар, не акцызны, адным словам — я ніякае не начальства.
— Не, вы праўду кажаце?
— Даю табе слова гонару. Далібог, я самы звычайны чалавек. Проста прыехаў сюды пагасцяваць на некалькі месяцаў, а там і паеду. Калі хочаш, я нават нікому не скажу, што быў тут і бачыў вас. Ты мне верыш?
Твар у дзяўчыны крышку пасвятлеў.
— Ну, значыць, калі не хлусіце, дык праўду гаворыце. А вы як: раней пра нас чулі ці самі зайшлі?
— Ды я і сам не ведаю, што табе сказаць... Чуць-то я чуў і нават хацеў калі-небудзь забрысці да вас, а сёння зайшоў выпадкова — заблудзіў... Ну, а цяпер скажы, чаго вы людзей баіцёся? Што ж яны вам благога робяць?
Яна паглядзела на мяне з дапытлівым недаверам. Але сумленне ў мяне было чыстае, і я, не маргнуўшы, вытрымаў гэты пільны позірк. Тады яна пачала гаварыць з хваляваннем, якое ўсё ўзрастала:
— Блага нам ад іх бывае... Простыя людзі яшчэ нічога, а вось начальства... Прыедзе ўраднік — цягне, прыедзе станавы — цягне. Ды яшчэ, перш чым узяць, бабку зневажаюць: ты, кажуць, ведзьма, чартоўка, катаржніца... Эх! Ды што і казаць!
— А цябе не чапаюць? — сарвалася ў мяне неасцярожнае пытанне.
Яна з ганарлівай самаўпэўненасцю павяла галавой знізу ўверх, і ў яе прыжмураных вачах мільганула злая радасць...
— Не чапаюць... Аднойчы сунуўся да мяне каморнік нейкі... Ласкі яму, бачыце, захацелася... Дык, напэўна, і да гэтае пары не забыў, як я яго прыгалубіла.
У гэтых насмешлівых, але па-свойму гордых словах прагучала столькі грубай незалежнасці, што я міжвольна падумаў: «Аднак нездарма ты вырасла сярод палескага бору — з табою і сапраўды небяспечна жартаваць».
— А мы хіба чапаем каго-небудзь! — гаварыла яна далей, усё больш і больш давяраючы мне. — Нам і людзей не трэба. Раз у год толькі схаджу я ў мястэчка купіць мыла ды солі... Ды вось яшчэ бабцы гарбаты — гарбату яна ў мяне любіць. А то хоць бы і зусім нікога не бачыць.
— Ну, я бачу, вы з бабкаю людзей не дужа любіце... А мне можна калі-небудзь завітаць да вас на хвілінку?
Яна засмяялася — і дзіўна, як нечакана змяніўся яе прыгожы твар! Ранейшай суровасці ў ім і следу не асталося: ён раптам зрабіўся светлы, сарамлівы, дзіцячы.
— Ды што ў нас вам рабіць? Мы з бабкаю невясёлыя... Што ж, заходзьце, мабыць, калі вы сапраўды добры чалавек. Толькі вось што... вы ўжо калі да нас заблудзіце, дык без стрэльбы лепей...
— Ты баішся?
— Чаго мне баяцца? Нічога я не баюся, — і ў яе голасе загучала ўпэўненасць у сваёй сіле. — А толькі не люблю я гэтага. Навошта страляць птаства або вось зайцоў таксама. Нікому яны шкоды не робяць, а жыць ім хочацца гэтак жа, як і нам з вамі. Я іх люблю: яны маленечкія, дурненькія такія... Ну, аднак, да пабачэння, — заспяшалася яна, — не ведаю, як зваць вас... Баюся, што бабка крыўдаваць будзе.
І яна лёгка і хутка пабегла ў хату, схіліўшы галаву і прытрымліваючы рукамі ўскудлачаныя ветрам валасы.
— Пачакай, пачакай! — крыкнуў я. — Як цябе завуць? Ужо будзем знаёмы як належыць.
Яна прыпынілася на хвілінку і павярнулася да мяне.
— Аленай мяне завуць... Па-тутэйшаму — Алеся.
Я закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў у напрамку, які мне паказала дзяўчына. Падняўшыся на невялікі пагорак, адкуль пачыналася вузкая, ледзь прыкметная лясная сцежка, я азірнуўся. Чырвоная Алесіна спадніца, якую злёгку калыхаў вецер, яшчэ відаць была на ганку хаты і вылучалася яркаю плямаю на сляпуча белым роўным фоне снегу...
Праз гадзіну пасля мяне прыйшоў дахаты Ярмола. Па сваёй звычайнай неахвоце да пустых размоў ён ні слова не спытаў у мяне аб тым, як і дзе я заблудзіў. Ён толькі сказаў быццам між іншым:
— Там... я зайца на кухню занёс... смажыць будзем ці пашляце каму-небудзь?
— А ты не ведаеш, Ярмола, дзе я быў сёння? — сказаў я, загадзя ўяўляючы сабе здзіўленне палясоўшчыка.
Читать дальше