Той самы падпалкоўнік міліцыі з заклапочаным тварам аратага, пра якога гаварылася ўжо вышэй, абвясціў праз мікрафон, што зборышча тут процізаконна і проціпраўна:
– А мы жывём пакуль што ў прававой дзяржаве.
Натоўп адгукаецца на гэтыя словы рогатам. Рогат гэты, праўда, пануры і не такі гучны, як можна было чакаць. Праз яго лёгка чуваць голас:
– Грамадзяне, сябры, заклінаю, прашу вас аб адным. Вы бачыце, колькі тут міліцыі і тэхнікі. Тут спее правакацыя. Не паддавайцеся на правакацыю.
Дзіўна, але гэтыя мірныя словы, моўленыя ахрыплым, сарваным голасам Зянона Пазняка, што не да ўсіх і данесліся, прагучалі для міліцыі як баявы кліч, як каманда: «Фас. Наперад». Было роўна чатырнаццаць нуль-нуль. Гадзіна ікс надышла. Пачалося паляванне. Падпалкоўнік з мегафонам нешта яшчэ крычаў, заклікаў грамадзян дыхаць азонам, ісці як мага далей ад могілак, дзе больш гэтага азону, усім хопіць, хто прагне сацыяльнае справядлівасці. А ананімы ў цывільным і супрацоўнікі міліцыі ў форме пачалі рабіць сваю справу, нібы міна запаволенага дзеяння спрацавала ў кожным з іх. Клінам па некалькі дзесяткаў чалавек з розных бакоў урэзаліся ў натоўп. Расшкуматалі, раздзерлі яго, і тых, хто супраціўляўся, ужо цягнулі да «варанкоў».
Прыйшло ў рух, здрыганулася, нібы рыхтуючыся рассыпацца, не вытрымаўшы азвярэння сваіх старэйшых таварышаў і настаўнікаў, карэ курсантаў міліцыі. А хлапчуковыя іх твары імгненна заружавелі і пайшлі плямамі, губы задрыжэлі, замітусіліся вочы. Здавалася, яшчэ імгненне, і яны разбягуцца. Але яны не разбегліся. Аўтаматызм і інструкцыя спрацавалі безадмоўна. Падпарадкаванасць дысцыпліне перамагла, аказалася вышэй за чалавечае ў іх. Пры ўсім пры тым гэта таксама былі людзі натоўпу, і натоўпу двайнога. Чужога ім, цывільна стракатага, і свайго, у форме. I той, і другі заклікаў, вымушаў да адзінасці і аддання таму боку, да якога яны прыналежалі, да палявання. Інакш і не магло быць: бі чужых, каб свае баяліся. Гэта не проста дасціпны выраз. Філасофскі прынцып дзеяння механізма былой сталінскай дзяржаўнай машыны. Не, курсанты нікога не білі. Іх шчасце. Таму што той самы прынцып – бі чужых, каб свае баяліся – смяротны не толькі для машын, але і для асобы. Сталінскія загоншчыкі палявалі спачатку чужых, а потым распачалі гэта паляванне адзін на аднаго. I ў кожнага з іх рукі па плечы ў крыві. Легендарны Лёня Голікаў, так, Аркадзь Гайдар, шаснаццацігадовы хлопчык – камандзір палка. Да скону пакутаваў ад псіхічнага захворвання. Нябожчыкі, яго нябожчыкі не давалі спакою, хадзілі за ім. Мёртвыя палявалі жывога. Вось такі лёс нашых герояў, нашых Паўлікаў Марозавых. Паляванне на сябе падобнага бязлітасна і для дзічыны, і для паляўнічага, хто б у ім ні перамог. Пераможны, пакаральны стрэл забітага мінулага заўсёды скіраваны ў будучае. Вось мы, нашчадкі нашых славутых бацькоў, і самі канаем сёння ад былых вялікіх перамог. За намі палюе мінулае. Стрэльбы старога ўзору, а кулі, свінец – свежы, сённяшні. Сапёрныя лапаткі – зброя нашых дзён, іх наканаванне і прызначэнне – капаць нам новую брацкую магілу.
Продкі нашы, продкі, вось і такім словам мы памінаем сёння вас. Але не адмаўляемся, не выракаемся вас. Хай ваш храм на крыві, мы ж усё роўна вымушаны жыць у ім, бо інакшага няма, інакшага вы нам не далі. Наш клопат вывесці з яго нашых дзяцей, вашых унукаў, каб няправедная кроў не атруціла, не забіла іх душы, каб і яны не захлынуліся ў крыві. А храм хай застаецца ў павучэнне будучым пакаленням.
Пабраўшыся за рукі, курсанцкае карэ спачатку шурпатым сукном шынялёў, а потым грудзьмі, целам рушыла на натоўп, змяла пярэднія рады, выкідваючы далёка наперад кованыя боты, як на дэманстрацыі, пайшло па нагах тых, што быў перад імі, вымушаючы іх адступаць усё далей і далей. За межы разумення, за межы могілак і плошчы.
Усеагульнасць людскога недаўмення ў першыя хвіліны была такой вялікай, што, здавалася, людзі згубілі дар мовы, знямелі, забыліся на сваё чалавечае званне. Мільгалі толькі пагоны, міліцэйскія кукарды, выхопліваліся з казённых шынялёў кулакі. Цяжка казаць, які іншы народ здолеў бы гэта вытрымаць, зацкаваны сабака і той у безвыходнасці пачынае ашчэрваць пашчу і наравіць укусіць. Беларусы вытрымалі. Сапраўды божай цярплівасці народ.
Вытрымалі мужчыны, падлеткі, нават жанчыны. Ніхто не плюнуў у твар міліцыянеру, не пацягнуўся рукой да іх твараў, не падрапаў яго, не сцягнуў з галавы фуражку. Чуліся толькі самотныя галасы: «Хлопчыкі, сынкі, што вы робіце? Мы ж усе савецкія людзі. Ужо заўтра вам усім будзе брыдка і сорамна…»
Читать дальше