Пытанне правакацыйнае, казана было ўсім. I людзі пайшлі. Пайшло да могілак законапаслухмянае насельніцтва горада Мінска. Ішлі беларусы, жыхары самай стабільнай рэспублікі ў краіне, ведаючы аб гэтай сваёй стабільнасці, вернасці ўстоям. Апора і надзея гэтых даўніх устояў, якія крыху, праўда, як ужо было казана, пахіснуліся пад націскам свежых вятроў. Вятроў з Масквы і ад сваіх суседзяў-прыбалтаў. Вось таму два апошнія тыдні, што папярэднічалі гэтаму шэсцю, былі поўныя газетнай істэрыі, ішло цкаванне інтэлігенцыі, работнікаў культуры, канкрэтна – трох творчых саюзаў, якія выступілі заснавальнікамі рэспубліканскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі»: Саюза пісьменнікаў, Саюза кінематаграфістаў, Саюза мастакоў. З газетных старонак, у працоўных аўдыторыях іх абзывалі групай самазванцаў і пенаю, у лепшых традыцыях застойнага часу пыталіся: чый хлеб яны ядуць, абвінавачвалі, што занадта ўжо адукаваныя, кніжкі, маўляў, чытаюць, а вось працоўнаму чалавеку ад станка няма калі ды і навошта чытаць. То быў таксама час Быка, няўчассе, калі ваяўнічае невуцтва ганарыцца гэтым сваім невуцтвам.
Такім вось чынам і тонам той-сёй у рэспубліцы спрабаваў зацэментаваць расколіны ўстояў, так убіваўся клін паміж працоўным класам і інтэлігенцыяй. Так айцамі горада пеставалася і спелілася правакацыя. I не толькі правакацыя. Сумна вядомае кожнаму з нас: народ і партыя – адзіныя. А ўсе астатнія – пена, адшчапенцы, ворагі. Ату іх, ату. Даеш новае, часоў перабудовы і галоснасці, мілае-мілае апаратнаму сэрцу і вуху паляванне на ведзьмаў. У адзіны механізавана-бранявы кулак нябачнага, выкрытага і сёння паляўнічага збіраліся ўсе сілы. I кулак гэты ўсёй сваёй афіцыйнай магутнасцю павінен быў абрынуцца на беларусаў у навучэнне ўсім іншым, каторыя ўжо стварылі народны фронт і ўздумалі крочыць яшчэ далей, невядома нават куды. Грузіны дык, пэўна, у крывавую нядзелю дзевятага красавіка. Ці не меркавалася адзначыць тую красавіцкую грузінскую нядзелю спачатку ў красавіку на Беларусі? Вельмі ж падобныя сцэнарыі. I тут, і там паляванне, паляванне, невідзімкі, і няма адказных. Розніца толькі ў грузінскім, паўднёвым, і беларускім тэмпэраменце. А наогул, калі ўсё і паўсюдна трашчыць і рушыцца, трэба з некага пачынаць, на прыкладзе адных вучыць і ставіць на месца ўсіх іншых, вызначаць дарогу, паказаць тым жа грузінам і іншым розным шведам на прыкладзе тых жа самых беларусаў, да якога храма вядзе іх дарога, які храм чакае іх наперадзе. Толькі беларусы не паддаліся на правакацыю. О няшчасны, знямелы народ, не ўсё яшчэ ў цябе страчана.
Але ўсё гэта стала вядома пасля. Калі надышоў час ужо апраўдвацца перад гэтым народам. Апраўдваць сябе, свае дзеянні. Па-людску, дык і прасіць прабачэння. Толькі ў каго ж гэта з сённяшняга авангарда павернецца язык. Пётр Міронавіч, як гаварылася вышэй, пайшоў, пайшоў назаўсёды. А новы мо яшчэ і не нарадзіўся. Хто ведае, хто ведае. I пакуль яшчэ толькі дзень памінання продкаў. Нядзеля. Трыццатага кастрычніка. Трынаццаць гадзін сорак мінут. Ідуць беларусы, ідуць беларусы, строга па тратуарах, выконваючы ўсе правілы вулічнага руху, толькі на дазваляльнае, зялёнае святло. Не крыўды, не кроў і нават не боль нясуць яны ў сваіх руках. Кветачкі. Ягадкі недзе яшчэ толькі завязваюцца. Познія восеньскія астры, кастрычніцкія чырвоныя гваздзікі. На магілы продкаў, вядомыя і невядомыя. Больш невядомыя.
Іх, гэтых беларусаў, столькі палегла за ўсю гісторыю, што сама гісторыя захлынулася ў іх жа крыві, сплыла кроўю. Няма ў іх сваёй гісторыі. Як няма ўжо і мовы. Нагаварыліся яны мовай рэвалюцыі. Анямелі ад уласнай смерці, стаміліся смяротна. Кожны трэці ляжыць на палях Вялікай Айчыннай, па іх звоняць званы Хатыні. А колькі бацька родны паклаў, развеяў прах па ўсёй Айчыне, пра тое ніхто, акрамя самога яго, не ведае. Вядомыя сёння ўжо ўсяму свету курапацкія ўзгоркі захоўваюць яшчэ сваю тайну. Вялікая тайна, колькі яшчэ ляжа ад Чарнобыля: ад вострага распіраторнага захворвання. Параспірала нешта ўсюды гэтых беларусаў. Хто калі палічыць, хто паведае свету, як паміраюць ужо сёння немаўляты. Хто каму з іх пажаліцца. Якая выдатная паляўнічая зброя, які ціхі лагодны забойца – мірны атам…
А былі ж, былі ў больш далёкай, таксама славутай гісторыі Айчыны часы, калі кожны і нават другі беларус пазбаўляўся жывата свайго. Падобна, уся Беларусь сёння – адна вялізная брацкая магіла. Маўклівая, нямая, з выдзертым па жывым языком і забітай гісторыкамі гісторыяй. Што ж, за гісторыю таксама трэба хоць нечым разлічвацца. I сёння нават. Калі не жыватом, дык памяццю, ластаўкай; бусламі, бабрамі, бабровымі шапкамі, ракамі, рэкамі і азёрамі, лясамі і дубровамі. Яшчэ ў пару сярэдневякоўя ў бойцы народаў продкамі адваяваны геральдычны знак. Знак Пагоні. Адпрэчыць, адабраць, растаптаць. Якога колеру, якой партыі былі тыя продкі. Бяспамяцтва дык бяспамяцтва, вечнае. Белая, белая ці чырвоная – залітая кроўю, без адзінай літаркі і кропкі кніжка беларускай гісторыі. Бел-чырвона-белы твой сцяг. I яго ў гразь і пыл. Нічога няма ў беларуса – гэта толькі заходняя ўскраіна. Але будзе ім сёння, будзе пагоня, будзе бел-чырвона-белы іх сцяг. Будзе паляванне. Не толькі на іх, але за імі, за беларусамі, хто наважыцца толькі слова мовіць па-беларуску. Пачакайце яшчэ толькі дваццаць якіх хвілінак.
Читать дальше