Тая ж нядзеля трыццатага кастрычніка бярэ толькі разгон, урастае каранямі ў дзень будучы. Тыя ж трынаццаць гадзін сорак хвілін. Застыглыя аслепленыя жалезнымі кратамі машыны спецыяльнага прызначэння каля тратуараў. Ідуць беларусы, ідуць. Нешта ж вельмі багата іх развялося. Мовы сваёй не ведаюць, а беларусамі завуцца. У той жа час у іх кватэрах з блакітных экранаў тэлевізараў рэспубліцы ўсміхаецца міністр. У нас ужо свой твар паказвалі Пракуратар, Куратар. I вось цяпер Міністр. «Сустрэча для вас». Чалавек і міністр. Расказвае аб сваім жыцці-быцці, спачувае і шкадуе – дарэмна вы, грамадзяне-пісьменнікі, пайшлі памінаць продкаў. Валянціну Распуціну: ну навошта яму спатрэбілася збядняць свой талент, зводзіць яго да публіцыстыкі. Айчына, народ прагне ад яго раманаў. Пасля чаго чытае верш Расула Гамзатава, той самы, знамянальны, аб дарозе і кані, каго трэба вінаваціць, калі конь спатыкаецца.
Гэта гучыць для Беларусі і беларусаў, пэўна, і для самога Міністра як прароцтва. У трынаццаць гадзін сорак хвілін дзяржаўны конь сапраўды спатыкнуўся каля падыходу да Маскоўскіх могілак. Цяпер самая стабільная рэспубліка ў краіне надоўга пазбавіцца сваёй услаўленай у вярхах прыпяцка-чарнобыльскімі салаўямі стабільнасці, на імгненне, але пакажа свету свой сапраўдны твар і характар. Зусім не той твар і зусім не той характар, заношаны і загаджаны алілуйшчыкамі застою, салістамі і хорамі сталіншчыны і брэжнеўшчыны, харалам, што і сёння пры добрым здароўі і ў росквіце славы іх паслядоўнікаў. Будзе яно, як і ў тыя часы, сёння і вечна, у пару жніва і сяўбы, у гадзіну выпрабаванняў, жалобным і грозным, гнеўным, але і велічным і мудрым, хоць і непранікальным і недаступным «ўрэмяншчыку».
Не, само паляванне яшчэ не пачалося. «Урэмяншчык» жа звыклы дзейнічаць у сваё «ўрэмя», строга планава, згодна загаду. А гадзіна ікс запланавана на чатырнаццаць нуль-нуль апоўдні. У запасе яшчэ дваццаць хвілін. I тое, што адбываецца зараз на Ленінскім праспекце, былым Сталінскім, на падыходзе да Маскоўскіх могілак, трэба ўспрымаць, пэўна, як ініцыятыву знізу. Нізы не вытрымалі. Група асоб у цывільным, лікам не менш дзесяці, выхапіла з пешай плыні Зянона Пазняка, выключыла нервова-паралітычным газам, запхнула ў машыну (крыху пазней народ адбіў яго). Тое ж самае і з мастаком Марачкіным. Яго разам з сям’ёй арыштавалі і на машыне павезлі ў невядомым накірунку. Схапілі мастака Купаву. Машыну вядомага скульптара Анатоля Анікейчыка, аўтара надмагільных помнікаў Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу і Пятру Міронавічу Машэраву, спыняюць на паўдарозе і не вельмі ветліва, але без прымянення сілы і спецсродкаў, скіроўваюць туды, адкуль ён прыехаў. Анікейчык вёз кветкі на магілы Караткевіча і Машэрава. Праз тры месяцы яго самога – народнага мастака рэспублікі, народнага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР – павязуць з кветкамі на Маскоўскія могілкі. I, здаецца, той-сёй зажурыцца, падумае аб тым, хто яму створыць помнік. Анікейчык памрэ сам, таксама, як той вясковы егер, ад разрыву сэрца. Так і просіцца сказаць: нешта няладнае ў гэтых беларусаў з сэрцам, трэба б дапамагчы беларускім таварышам. Як будзе моўлена пазней з нагоды падзей у Грузіі адным нашым вельмі шаноўным чалавекам. I яшчэ: дагуляўся хлопчык, гэта было ўжо моўлена раней, па тэлефоне, калі загінуў Машэраў.
А беларусы самі, па сваёй ахвоце ідуць да могілак, як і раней, строга выконваючы правілы вулічнага руху, як заведзена ўжо ў Мінску, чым ён і ганарыцца.
Зусім-зусім без нечага гадзіна ікс: чатырнаццаць нульнуль. Каля Маскоўскіх могілак па падліку дасведчаных людзей (лічыў доктар фізіка-матэматычных навук па сістэме, якая ўжывалася ў старажытным Рыме: плошча сто на сто метраў – дзесяць тысяч чалавек) больш дзесяці тысяч мінчан. Па неафіцыйным сведчанні асоб афіцыйных – дзве тысячы міліцыянераў. Уваход на могілкі перакрыты карэ з курсантаў Мінскай школы міліцыі. Сцяна. Некалькі сот чалавек блукае сярод могілак. Іх адтуль не выпускаюць, нібы яны атрымалі там цяпер права на жыхарства. Нікога таксама не пускаюць на могілкі.
Але ўсё яшчэ мірна, спакойна і нават разухабіста дабрадушна. Міліцыя спыняе, відавочна, не свайго ведамства машыну, якая нейкім цудам праскочыла ўсе ачапленні:
– Ваша пуцёўка?
– Меў бы я пуцёўку, знаходзіўся не каля могілак, а на беразе Чорнага мора.
– Правы?
– Якія ў мяне могуць быць правы ў такім ачапленні. У мяне іх ужо адабралі.
– Каціся, лявак няшчасны, пакуль мы добрыя. Вадзіцель хапатліва знік, але добра падвесяліў тых, хто знаходзіўся побач і ўсё чуў. Шмат падлеткаў, некаторыя з іх сядзяць ужо на дрэвах, некаторыя толькі выбіраюць сабе дрэва, прыкідваюць, на якім з іх больш камфортна будзе сядзець. Міліцыя на гэта глядзіць скрозь пальцы, як і на тых, хто пералазіць праз агароджу з могілак на плошчу і наадварот. Цікавая краіна, цікавая ўлада, нават збоку вялікае задавальненне наглядаць: праз браму нельга, паверх плота – можна. О логіка, о права, ці тут вы пачынаецеся, ці тут вы і канаеце. Ці не так пачынае канаць усякая ўлада: перш-наперш страчвае ўсякі розум і логіку. Жанчыны возяць у калясках, калышуць дзяцей. I гэта ўжо трохі жудасна. Мімаволі, але згадваецца тая самотная каляска, што коціцца па пацёмкінскай лесвіцы, у ёй, у той калясцы, заходзіцца ад крыку, галосіць дзіця. I наогул штосьці ёсць у гэтым ад «Браняносца Пацёмкіна», на якім усё ж выхавана не адно пакаленне. I цікава, выхавана, але нідзе, ніколі і нічым не выкрыла гэтага выхавання. Што ж гэта за свабодалюбнае такое пакаленне, якім так лёгка кіруюць брываносцы ў прыцемках.
Читать дальше