Усе гэтыя «Тутэйшыя», «Талака» – нефармалы, што выступалі арганізатарамі правядзення мітынгу-рэквіема, дня памінання Дзяды, – хлопчыкі, дробная рыбка, яны патрэбны былі толькі для прыстрэлкі, для вымуштроўкі, навучання тых жа курсантаў школы міліцыі. Аб іх адразу ж і забыліся. Як толькі ўсё пачалося, выкрылася сапраўдная прычына палявання, вы сталі «пенай і сцягам групы самазванцаў». Рыбку, хлопчыкаў, канечне, варта было паганяць, павучыць. А вас ужо вучыць позна. Вы ўжо лаўрэаты, дэпутаты, амаль акадэмікі самі. Не хто іншы, як іменна вы, шаноўны Аляксандр Міхайлавіч («Политический собеседник», № 1, 1989 г.), прадаліся міжнародным сіяністам. I гэта ж на ваш з Быкавым адрас ішлі навагоднія віншаванні, у якіх неаднасэнсава сцвярджалася, што год Змяі стане годам вашай смерці. Вось так раптоўна сапраўды абваліліся некаторыя секцыі перабудаванага застою ў горадзе Мінску і яшчэ будуць рушыцца і абвальвацца ў задушлівым тым паветры дзікага палявання, якое будзе працягвацца і пасля трыццатага кастрычніка. Панясе, панясе яшчэ ў зубах свае студэнцкія рублікі дробная рыбка з нефармалаў у якасці штрафаў. Яшчэ будзе рабаванне з узломам у Доме літаратара Саюза пісьменнікаў БССР. Міну там, бомбу ў пакоі Народнага фронту будуць шукаць ананімы ў цывільным і людзі ў форме, зноў жа, амаль у гадзіну Быка, няўчассе апоўначы. Знойдуць – літаратуру, выданні БНФ. Знойдуць, арыштуюць, панясуць і супакояцца. I пра бомбу забудуць, бо гатовы тую міну самі падкласці. Хаця што яе падкладаць. Яна даўно ўжо там – пад гісторыяй, мовай, культурай. I яшчэ выбухне, абрынецца на зямлю з балкона восьмага паверха палеская ластаўка. Ластаўкі ж закаханыя ў цяпло і вясну, прылятаюць да нас вясной і не трываюць палявання.
– Ван-дэ-я, Ма-шэ-раў! – папярэджваюць, умольна просяцца могілкі і плошча, беларуская зямля, беларусы. Яны ішлі сюды натоўпам, насельніцтвам: цікава ж паглядзець, як гэтым укормленым камунапрадаўцам, пісакам-мільянерам будуць уразаць. А ўрэзалі ім, не надта разбіраючыся, хто тут і каго прадаў. Яны гэтага не чакалі. «Вячэрні Мінск» да ўсяго ж добра распаліў іх цікаўнасць: два разы толькі за апошнія дні паведаміў са сваіх старонак, дасціпна растлумачыў кожнаму, што аніякага мітынгу не будзе, не ў традыцыі і не ў завядзёнцы беларускага народа помніць сваіх продкаў, хай супакоіцца пена, нам з ёй не па шляху.
Што ж, адносна продкаў мо газета і не схлусіла. Іх прозвішчы помніць і ўшаноўвае ўвесь цывілізаваны свет. Толькі не мы самі, не беларусы. Мёртвыя, што ўжо даўно пакінулі гэту зямлю, яны пры сваім жыцці таксама зведалі паляванне, паляванне каралёў Стахаў і сталіншчыны, убачылі, спазналі адстрэл іх думак, ідэй, духу, вельмі захапляльнае паляванне, што ў параўнанні з ім застрэліць, пакласці дваццаць восем мільёнаў жывых. Нейкія Курапаты, Быкоўня, Салаўкі, Калыма, Магадан. Звычайная бойня. Патрэбны адзіны толькі вопытны і ўмелісты мяснік-кат, снайпер, забіць ідэю, адшукаць яе сэрца – і як у яблычак, як гэта рабіў бацька ўсіх народаў, зачараваны такім мастацтвам і бязмежна закаханы ў народ, да страты памяці ўлюбёны. I страчваў народ ад таго кахання сваю памяць, адмаўляўся, выракаўся продкаў, бацькоў і мацярок, адхрышчваўся як чорт ад ладану ад лепшых сваіх сыноў, сумлення і вартасці.
Трыццатага кастрычніка, у нядзелю, на Маскоўскіх могілках адбывалася ўваскрашэнне старога мастацтва вялікага і адзінага правадыра, бацькі і настаўніка, лепшага сябра дзяцей. Але час ужо быў іншы. Народ на чвэрць стагоддзя памаладзеў і абнавіўся. I хаця ён прыйшоў сюды як насельніцтва, нашчадкі вялікага настаўніка не вельмі разбіралі, хто тут насельніцтва, а хто народ. Хапалі нават па колеру апраткі: бела-чырвоная куртка, ага, значыць, нацыяналіст. У бел-чырвона-белы сцяг апрануўся. У варанок, у кутузку куртку і яе ўладальніка. Так, сапраўды да болю, да нервовых дрыжыкаў усё гэта ўжо знаёма, адпрацавана ў цанаваўскіх і берыеўскіх склепах. Па старым часе, уга, якая маг б атрымацца справа: прасачыць толькі адзіны ланцужок мастака, што ў такія колеры пафарбаваў тканіну, да прамысловасці, што наладзіла яе вытворчасць, да гандлю. Гэта ж колькі міністэрстваў, ведамстваў адным стрэлам можна было б адстрэліць. Але тут вінаватаю ва ўсім аказалася адна толькі дзяўчынка, што не выраклася сваёй мовы, размаўляла на матчынай мове і апранула куртку фарбаў сцяга старажытнай Беларусі. Яе заграблі, як кажуць, пад сурдзінку, як і шмат іншых пад тую ж сурдзінку.
Толькі, вось бяда, сёння сурдзінка ўжо не спрацоўвала. Праўдзівей, спрацоўвала адваротна спадзяванням і задумам мысліцеляў і распараджальнікаў палявання. Людзі адвыклі думаць асацыятыўна. Раней, чвэрць стагоддзя назад, усё б адразу зразумелі і палахліва разышліся. А тут, наадварот, міласэрнасць у іх прачнулася, калі дзяўчыну за косы пацягнулі ў машыну. Крычаць пачалі: фашысты, фашысты. Насельніцтва ператваралася ў народ, таму што бачыла здзек і знявагу над самым святым, што набылі яны разам з перабудовай і галоснасцю: насмяянне, ганьбаванне іх вартасці.
Читать дальше