I таму, калі над змучанай жалобнай плошчай прагучаў крык хлопца з забінтаванай рукой:
– На Курапаты, сябры, на Курапаты! – сотні і тысячы людзей рушылі ў накірунку на Курапаты.
Дарога не блізкая – чатыры-пяць кіламетраў. Ішлі людзі, што дагэтуль і ў галаве не трымалі ісці туды. Ішлі беларусы, і цень курапацкай трагедыі ляжаў на іх тварах. Хмары зацяглі, схавалі сонца. Замільгацеў матылькова-лёгкі і такі ж сумны снег. Шэсце расцяглося на ўсе кіламетры – ад адных могілак да другіх. Эскорт міліцэйскіх машын, машын спецпрызначэння, пажарных з пахавальнай хуткасцю плыў разам з людзьмі па вуліцах. I невядома, хто ў каго знаходзіўся ў палоне, хто быў паляўнічым, а хто дзічынаю. Падрыхтаваныя да бою, з пагрозліва вытыркнутымі жарлянкамі вадамётаў машыны як бы не існавалі для людзей. Не зважалі, не палохаліся і ваеннага ўзору, падобных на невідушчых цыклопаў і «варанкоў», што паўзлі побач. Уся гэтая тэхніка злілася ў адну калону, сашчапілася, цягнулася па бруку і нагадвала вялізнага вусеня, што выядае з веццяў – тратуараў плады і лістоту.
Паляванне на людзей не спынялася і ў час іх шэсця да Курапатаў. На кожным метры, на кожным скрыжаванні стаяла міліцэйскае ачапленне і нарады міліцыі, службовыя машыны з рацыямі. Эфір, неба над Мінскам поўнілася трэскам і сокатам пазыўных, міліцэйскіх загадаў і распараджэнняў. Здавалася, горад з усіх бакоў накрыты вялізным каўпаком, ніхто, ніколі не здолее з-пад яго вылузнуцца.
Міліцэйскія нарады раздзялілі цяпер ужо шэсце, не прапускалі ніякага транспарту, акрамя свайго, канечне, спецыяльнага прызначэння. Людзей адводзілі, адціскалі ад Курапатаў, то ў адным, то ў другім месцы ўсчыналася тузаніна, кароткія сутычкі, некага забіралі, грузілі ў аператыўныя машыны, везлі ў пастарунак. А самі Курапаты, жалобнае і лобнае месца эпохі, з чарапамі, правалінамі ям і грудкоў, што і праз гады паказвалі знаходжанне былых брацкіх магіл, аказаліся непадступнымі, як архівы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, як прозвішчы ўшанаваных катаў і іх пакутнікаў-ахвяр. Дзяржава берагла жудасную тайну свайго дзікага палявання. Ахоўвалі і паляўнічых і ўпаляваных, мо і не без спадзяванняў, што гэта яшчэ можа спатрэбіцца новым Стахам.
Міліцэйскае ачапленне каля Курапатаў было выстаўлена, пэўна, яшчэ з ночы. I ў некалькі радоў. Адчувалася, што ахоўнікі добра намерзліся, раскладвалі і палілі кастры.
Шызы дым слаўся па хвойных хмызах, запасіўся ва ўпадзінах магіл, як дыханне і дух расстраляных, і мімаволі мроілася, што ў бухматасці дыму, у бухматасці хвоі, у прыхмураным небе стоена нешта пагрозлівае, што і праз сорак гадоў тыя даўнія расстрэлы могуць паўтарыцца. Як жа ні шчыравалі, як ні стралялі паляўнічыя, як ні завіхаліся, а ўсіх не расстралялі. Праз сорак гадоў яны паўсталі з зямлі і прыйшлі сюды зноў. Іх, мёртвых, баяцца жывыя. А яны ідуць і ідуць, плывуць няспыннаю плынню, недабітыя беларусы. I прыспеў час дрыжэць катам, бараніцца ад іх. I кастрамі іх за ноч не выпалілі, чортава насенне. Паветра было наэлектрызавана нервознасцю ахоўнікаў, іх нецярплівымі жаласнымі воклічамі:
– Калі гэта толькі пачнецца. Тут ад холаду можна і дуба ўрэзаць!
Жывыя скардзіліся мёртвым, што ім холадна на іх могілках.
Падаспела механізаваная раць, спынілася, аціхла на абочыне. Але і абочыны на ўсіх не хапіла. Лёгкія машыны, што жукі, папаўзлі ў кюветы. Сярод кустоў, збоку горада, падобна зайцам сярод зялёнай руні, замільгалі постаці людзей, якія па адным і групамі церабіліся да Курапатаў. Міліцыя, канечне, бачыла іх, але не чапала, чакала каманды ці то не хацела распыляць сілы. Дый на самай справе, зайцы былі там у кустах і на руні, ці варта звяртаць на іх увагу. Чакалі дзічыну буйную, шматлікую, як тая чарада буслоў на палескай лугавіне, каб таксама, як і там, рэзнуць дык ужо рэзнуць, з усіх, што меліся ў наяўнасці, ствалоў, па ўцекачах і ўлёт, з вадамётаў і брандспойтаў пажарных машын. Але біць не было па кім. Дзічына, падобна на тое, вылузнулася. I гэта відавочна выклікала разгубленасць і замяшанне ў міліцэйскіх шэрагах: сапраўды, толькі былі тут. Куды яны падзеліся, ці не зноў у магілы палезлі? Больш жа няма дзе схавацца гэтым недабіткам. I эфір, як ЦК там, на Маскоўскіх могілках, маўчаў. Неба было чыстае над усім Мінскам, над усёй Беларуссю чыстае неба. I няма каму сказаць аб гэтым.
Цішыня доўжылася хвілін дзесяць. Але вось зноў ажылі рацыі. Надышло абуджэнне для людзей і тэхнікі:
– Па машынах!
У машыны скакалі ўжо на хаду. Кавалькада іх прыйшла ў рух, пакаціла назад, да горада. Але недалёка, ад’ехалася з кіламетр, зноў спынілася на адкрытым цяпер ужо, голым з абодвух бакоў месцы, ахопленай голымі палямі шашы.
Читать дальше