Калі Міклуха-Маклай зышоў на бераг у Новай Гвінэі, зараз-жа ўбачыў там некалькіх старых знаёмых з Гумбу і сказаў ім, што заўтра раніцою будзе ў Бонгу. Тубыльцы абступілі яго. Перабіваючы адзін другога, яны зварочваліся да яго з запытаньнямі, дзе ён будзе жыць і калі трэба пачаць будаваць халупу для яго. Вёска Бонгу здалася яму на гэты раз нібы крыху меншай і запушчанай. Сапраўды, прыпомніўшы разьмеркаваньне вёскі, ён хутка заўважыў, што цэлых дзьве пляцоўкі з пабудаванымі на іх халупамі ператварыліся ў пустку. На пляцоўках парасла трава, а на руінах халупаў рос хмызьняк. На яго запытаньні яны растлумачылі, што тубыльцы, якія жылі ў гэтых халупах, адны паўміралі, а другія выселіліся. Ён запытаў пра Туя і даведаўся, што ён памёр.
Міклуха-Маклай вельмі шкадаваў свайго старога прыяцеля. Ён ледзьве пазнаў мясцовасьць, дзе пяць-шэсьць год таму стаяла яго хата. Пад вялікімі дрэвамі, якія абкружалі тады яго халупу, цяпер рос густы хмызьняк. Толькі месцамі рэдка выглядалі між зелянівам пасаджаныя ім какосавыя пальмы, бананы і інш. расьліны. Замест шырокіх сьцежак, якія добра даглядаліся і былі чыстыя, ля месца яго былой халупы, цяпер былі толькі дзьве-тры сьцежкі, па якіх льдзьве можна было пралезьці. Калі ён успомніў, з якімі турботамі будаваў сабе хату, з якою цярплівасьцю разводзіў сваю плянтацыю, ён ледзьве мог паверыць, што такога кароткага часу было даволі, каб ператварыць усё ў глухі куточак густога лесу... Але і добра знаёмай яму сьцежкі ў вёску Гарэнду таксама нельга было распазнаць. Нявысокі тады хмызьняк вырас у вялікія дрэвы. Вельмі-ж зьдзівіў яго выгляд вёскі Гарэнду. Тады гэта была вялікая вёска. А цяпер асталіся толькі дзьве-тры халупы і ўсё зарасло да таго, што нельга яе пазнаць.
«Мне стала так сумна,— піша Міклуха-Маклай,— што я пасьпяшыў вярнуцца на бераг і зноў пашоў у Бонгу. Там я адчуваю сябе, як дома. Мне здаецца, што ні да воднага куточка зямное кулі, дзе мне прыходзілася жыць у час маіх вандраваньняў, я не адчуваю такое прыхільнасьці, як да гэтага берагу Новае Гвінэі. Кожнае дрэва здавалася мне тут старым знаёмым. Калі я прышоў у вёску, навакол мяне сабраўся натоўп. Але многіх знаёмых я ня мог далічыцца, многія былі мне зусім незнаёмыя. У мой апошні прыезд яны былі яшчэ юнакамі, а цяпер у іх саміх былі дзеці. Толькі некаторыя з старых былі маімі старымі прыяцелямі. Былі і такія пасярод іх, якія прыхіліліся да майго пляча, плакалі і, усхліпваючы, сталі пералічваць памёршых у час мае адсутнасьці. Усім хацелася, каб я пастарому жыў сярод іх, на гэты раз ужо ў самой вёсцы, і ўсе хацелі ведаць, калі я зноў вярнуся»...
Міклуха-Маклай наведаў і Білі-Білі, дзе яго спаткаў натоўп тубыльцаў. Сярод іх ён убачыў свайго старога прыяцеля Каіна. Разам з ім ён паехаў на пірозе ў вёску Бомасі, пра якую шмат чуў у 1876 годзе, і жыхары якой лічыліся людаедамі. Але самому яму не ўдалося праверыць ці гэта праўда. Каін упэўнена казаў, што тубыльцы Бомасі вараць чалавечыя мазгі ў самым чэрапе і калі ўсё зьядаюць, косткі выкідаюць у мора. Міклуха-Маклай быў здаволены, што тубыльцы не частавалі яго мясам у гэты дзень.
Расійскі корвэт павінен быў адплыць на другі дзень, але адваротны вецер перашкодзіў гэтаму. Маклай скарыстаў гэтую затрымку і наведаў маленькую выспачку, якая звалася Мегасьнэна. Праз пасярэдніцтва Каіна ён запытаў тубыльцаў, якія лічаць гэту выспу сваёй, ці згодны яны даць яму гэту выспу для таго, каб ён мог пабудаваць там для сябе дом у выпадку, калі ён зноў вернецца. Усе ня толькі далі сваю згоду, але былі нават вельмі здаволены, калі пачулі, што Маклай зноў хоча пасяліцца сярод іх...
Але Міклусе-Маклаю ня суджана было ажыцьцявіць гэты замер. Гэта было яго апошняе падарожжа ў Новую Гвінэю. Больш ён туды не вярнуўся...
Часта яшчэ можна сустрэць назву — Гвінэя. Трэба памятаць. што гэта будзе ўжо зусім іншая краіна: заходні бераг Афрыкі, ля Гвінэйскае затокі.
Можам параіць прачытаць яшчэ кніжку Я Маўра: "У краіне райскае птушкі". Разам з цікавым бэлетрыстычным зьместам чытач знойдзе там дадатковыя веды аб Новай Гвінэі.
Мыс — маленькі выступ зямлі ў мора.
Архіпэляг — згрупаваньне выспаў.
Корвэт — лёгкі ваенны карабель.
Букта — маленькая зацішная затока, у якой звычайна хаваюцца ў часы вятроў морскія судны.
Пірога — доўгі вузкі (часьцей выдзяўбаны) човен.
Бэтэль — расьліна, накшталт тутуну, якую жуюць з дадаткам вапны.
Читать дальше