З гэтага надпісу было відно, што я прыехаў на корвэце «Витязь» у верасьні 1871 году і ад’ехаў на кліпэры «Изумруд» у сьнежні 1872 году.
Я падгаварыў тубыльцаў прыехаць абгледзець кліпэр. Многія зьявіліся да мяне, але мала хто з іх сапраўды паехаў са мною на кліпэр. Яшчэ менш адважылася ўзьлезьці на палубу. Ад мноства людзей і розных апаратаў на судне папуасы так спалохаліся, што з усіх бакоў ухапіліся за мяне, думаючы такім спосабам выратавацца. Я папрасіў аднаго матроса прынесьці мне вяроўку. Сярэдзінай вяроўкі я абвязаў сябе вакол стану, а абудва канцы вяроўкі даў маім папуасам. Такім спосабам я мог ісьці наперад, а мае папуасы ўяўлялі сабе, што трымаюцца за мяне. З такім хвастом, часта спыняючыся, каб даваць тубыльцам адказы і тлумачэньні на іх занытачьні, мы абышлі ўсю палубу. Гарматы палохалі тубыльцаў. Яны вельмі баяліся гармат, ад іх адварочваліся і пераходзілі да іншых прадметаў. Іх асабліва зьдзівілі і зацікавілі два невялікіх бычкі, якія былі на караблі ў якасьці жывых харчоў для каманды. Яны не маглі наглядзецца на іх і прасілі падараваць ім аднаго бычка. Яны стараліся запамятаць назву жывёліны і ўсё казалі «бік-бік-бік». У кают-кампаніі ім надзвычайна спадабаліся вялікія люстры, у якіх яны маглі ўбачыць адразу некалькі чалавек. Фортэп’яна, якое я назваў ім «айборорус», таксама вельмі іх зацікавіла, і адзін папуас нават захацеў пайграць на ім. Я, аднак, хутчэй выправадзіў іх наверх. На палубе аднаму тубыльцу захацелася зноў паглядзець на быкоў. Ён зьвярнуўся да мяне, але забыў назву «бык» і стаў пытацца ў мяне пра «вялікую расійскую сьвіньню». Я не зразумеў яго і адказаў, што ніякае сьвіньні на караблі няма. Каб паясьніць мне, ён дадаў, што хоча бачыць «вялікую расійскую сьвіньню з зубамі на галаве». Адзін з яго таварышоў падказаў яму слова «бік», і тады ўсе гуртам зацягнулі «бік, бік». Яны ўжо асвойталіся з караблём, і я вызваліўся ад вяроўкі.
Мае рэчы былі перавезены на карабель, і я, як хворы, быў зьмешчаны ў шпіталь. Перад ад’ездам Туй прасіў сказаць яму, праз колькі месяцаў я вярнуся. Я ня мог даць яму пэўнага адказу, да таго-ж я ня ведаў, як сказаць нэ тутэйшай мове «шмат», Я адказаў яму «навалобе», што азначае прыблізна «з часам».
У дзень ад’езду ўжо з самага раньня некалькі пірогаў абкружылі карабель і мне ўвесь час дакладалі, што «чорныя» хочуць бачыць мяне, або клічуць мяне. Калі я выходзіў на палубу, тубыльцы пачыналі крычаць, але шум якару і некалькі зваротаў вінта разагналі хутка ўсе пірогі. Іх крыкі ўжо сталі даносіцца да мяне ня так ясна. Калі мы агіналі мысок, дык пачуліся ўдары баруму ў Гарэнду і Бонгу, хутка да іх далучыўся і барум Гумбу. Аддаляючыся, мы яшчэ доўга чулі гукі баруму, а калі праплывалі Білі-Білі, дык я мог яшчэ разглядзець у бінокль тубыльцаў, якія сядзелі, стаялі і хадзілі ўсьцяж скалістага берагу...
ПАЎТОРНАЕ ПАДАРОЖЖА Ў НОВУЮ ГВІНЭЮ
Ў 1874 ГОДЗЕ
Прайшло болей году пасьля звароту Міклухі-Маклая з Новай Гвінэі, калі ён зноў ужо сабраўся ў сваё другое падарожжа туды-ж. На гэты раз яго мэтай быў паўднёва-заходні бераг выспы. Гэты бераг носіць усялякія назвы і заселены незалежнымі пляменьнямі. Папуасы на беразе Папуа-Онім жывуць асела. Да іх часта наведваюцца гандляры. Папуасы-ж на беразе Папуа-Ковнай вядуць жыцьцё вандроўнае і карыстаюцца кепскай рэпутацыяй, бо вядуць частыя войны, учыняюць забойствы і робяць напады на гандлёвыя экспэдыцыі. Таму да берагоў Папуа-Ковнай рэдка падплываюць нават малайскія гандлёвыя судны, якія называюцца «прау». Але якраз гэтая акалічнасьць — больш рэдкае наведваньне, меншы наплыў гандляроў і, значыць, ўплыў чужацкага элемэнту,— прымусілі Міклуху-Маклая выбраць гэты бераг для новых дасьледзін, хоць гэта было даволі рызыкоўна. Аднак, папуасы гэтага берагу, хоць і былі зьдзіўлены намерам Міклухі-
Маклая жыць сярод іх, усё-ж абыходзіліся з ім па-сяброўску і нават пачціва.
Папуасы Ковнай, як мы ўжо заўважылі, вядуць жыцьцё вандроўнае. Яны пераяжджаюць на сваіх пірогах ад аднаго берагу да другога, з аднае затокі ў другую. Халупа Міклухі хутка зрабілася асяродкам, ля якога заўсёды былі пірогі з жыхарамі суседніх выспаў Наматотэ, Айдумы і Мавары, якія прыяжджалі сюды з сваімі старшынямі.
Пазнаёміўшыся з ваколіцамі, Міклуха-Маклай наважыў зрабіць больш далёкую экскурсію на ўрумбаі. Так называюцца мясцовыя судны, з невялікаю каютаю пасярэдзіне, на якіх часта жыхары выспы Сэрам езьдзяць у свае гандлёвыя паездкі. Міклуха пакінуў аднаго свайго прыслужніка вартаваць сваю маемасьць у халупе разам з 5 сэрамцамі і паплыў усьцяж берагу на ўрумбаі. Спыніўшыся ў аднэй букце, ён, як і заўсёды, пашоў у горы адзін і няўзброены. Ён вярнуўся цэлым з сваёй экскурсіі, але яго людзі на ўрумбаі сталі шчыра прасіць яго не аставацца нанач ля берагу, а хутчэй выйсьці ў адкрытае мора. Па дарозе назад ён даведаўся, што горныя жыхары напалі на жыхароў выспы Айдумы, забілі жонку і дачку старшыні Айдумы і паранілі некалькі чалавек жанчын і мужчын.
Читать дальше