У Наматотэ яму паведамілі, што яго суседзі, жыхары Маўры і Наматотэ, скарысталі напад горных жыхароў і разрабавалі яго рэчы. Пры гэтым загінулі розныя інструманты, аптэка, запас хіннага віна, вопратка і кансэрвы.
Міклуха-Маклай наважыў перасяліцца на выспу Айдуму, бо аставацца на ранейшым месцы было нельга. Ён пасяліўся ў маленькай халупе і жыў у ёй адзін, бо яго людзі баяліся праводзіць ночы на беразе і спалі на ўрумбаі, які стаяў на якары блізка ля берагу. Аднак, яму ня прышлося пажыць тут спакойна. Абставіны ўскладняліся з кожным днём. Горныя і ўзьбярэжныя папуасы сапраўды яшчэ раз зьявіліся на месца яго ранейшага жыцьця, а пасьля ён даведаўся, што жыхары Наматотэ хочуць зрабіць на яго напад у Айдуме. Кожны дзень яго людзі бачылі нейкіх падазроных прау, а таксама заўважалі сьвежыя сьляды невядомых людзей, якія валачыліся ля яго халупы, і нават начавалі блізка ад яе, у лесе. Трэба было заўсёды быць на варце і насіць зброю, што для Міклухі-Маклая было вельмі нудна і цяжка. Ён усё-ж хацеў астацца тут нават адзін, бо ніхто з людзей не згаджаўся так рызыкаваць. Адна акалічнасьць прымусіла яго зьмяніць свой намер. Ён даведаўся, што галоўным вінавайцам рабунку быў «капітан Мавары» (старшыня), які хаваўся на аднэй прау (мясцовыя лодкі). Зараз-жа ў Міклухі-Маклая зьявілася сьмелая думка, якую ён неадкладна выканаў. Узяўшы з сабою аднаго прыслужніка, ён паехаў да прау. Знайшоўшы там «капітана» і прыставіўшы яму рэвольвэр да роту, ён загадаў прыслужніку зьвязаць яму рукі. Разбойнік быў так ашаломлены і так спалохаўся, што зусім не бараніўся. Таксама былі ашаломлены і папуасы, якія стаялі на беразе і бачылі ўсё, што адбылося. Пасьля гэтага, зразумела, нельга было марудзіць. Зьвязанага разбойніка пасадзілі на ўрумбай і праз паўтары гадзіны судна вышла ў адкрытае мора.
Праз пяць дзён урумбай прыплыў на выспу Кільвару. Міклуха перадаў свайго палоньніка мясцоваму начальніку і загадаў трымаць яго ў зьняволеньні да прыезду голяндзкага чыноўніка. Але і самому Міклусе-Маклаю прышлося астацца там амаль на месяц і чакаць прыезду голяндзкага ваеннага судна. Гэтае судно даставіла яго на Амбойну, дзе ён захварэў і пражыў яшчэ месяц. Там яго знайшоў капітан Морэсьбі, які прыехаў на ангельскім ваенным судне. Міклуха-Маклай быў у такім стане, што, па словах капітана Морэсьбі, ніхто ня верыў ужо, што ён можа ачуняць. Аднак, ён паздаравеў і, пражыўшы пасьля некаторы час у Батавіі, задумаў яшчэ новае падарожжа на Малакскую паўвыспу.
Сваіх прыяцеляў папуасаў Міклуха-Маклай наведаў толькі ў 1876 годзе. Ён прыехаў туды на маленькай гандлёвай шкуне «Морская Птица», якая плавала пад ангельскім сьцягам. З капітанам гэтае шкуны ён зрабіў умову, згодна якое капітан павінен быў заехаць за ім туды праз 6 месяцаў.
Тубыльцы былі вельмі рады,— піша Міклуха-Маклай у сваім дзеньніку,— але яны ніяк ня былі зьдзіулены, калі ўбачылі мяне, бо былі ўпэўнены, што я стрымаю сваё слова. Калі я зьлез на бераг у Гарэнду, дык у хуткім часе ўсе тубыльцы з суседніх вёсак, не выключаючы жанчын і дзяцей, зьбегліся вітаць мяне. Усё насельніцтва было вельмі ўсхвалёвана маім зваротам, з многія плакалі. Некалькі старых памёрла за гэты час. Затое шмат хлопчыкаў сталі ўжо дарослымі людзьмі, а сярод маладых жанчын я пазнаў такіх, якіх пакінуў зусім маленькімі дзяўчаткамі.
Жыхары бліжэйшых вёсак упрашалі мяне астацца жыць з імі. Але я, як і ў 1871 годзе, наважыў збудаваць сабе хату на некаторай адлегласьці ад вёскі Бонгу. На гэты раз я прывёз з Сінгапуру [ 22 22 Сінгапур — важнейшы ангельскі пункт (горад, порт) на паўднёвым канцы Інда-Кітаю.
] ў разабраным выглядзе невялікую драўляную хатку. Толькі палі, на якіх яна павінна была стаяць, касьцяк і страха былі зроблены на месцы.
Я адразу заўважыў вялікую зьмену напрамкаў вады горных вяршынь. Тубыльцы паведамілі, што за час маёй адсутнасьці некалькі раз адбыліся зямлятрасеньні на беразе і ў гарах. Шмат жыхароў было забіта какосавымі дрэвамі. Апрача таго, узьбярэжныя вёскі моцна пакутавалі ад надзвычайна вялікіх хваляў з якімі адбываліся зямлятрасеньні. Гэтыя хвалі вырывалі дрэвы і зносілі халупы. Такая катастрофа была гадоў 20 таму. Адна вялізная хваля змыла цэлую вёску разам з усімі жыхарамі. Гэта здарылася ноччу, і таму ўсе жыхары загінулі, за выключэньнем некалькіх мужчын, якіх выпадкова ня было ў гэты час у вёсцы. Яны не хацелі вярнуцца жыць на старое месца і перасяліліся ў вёску Гумбу, якая ўцалела, бо ляжыць далей ад берагу.
Читать дальше