— Маклай кажа, што вайны ня будзе. А калі вы пойдзеце ў паход у горы, з вамі ўсімі здарыцца няшчасьце.
Надышло ўрачыстае маўчаньне, а пасьля пасыпаліся пытаньні: «Што здарыцца?», «Што будзе?», «Што Маклай зробіць?»...
— Самі ўбачыце, калі пойдзеце ў паход, адказаў ён ім і павольна пашоў дадому.
Не пасьпеў ён дайсьці да свае халупы, як яго дагнаў адзін стары.
— Маклай,— запытаў ён, задыхаючыся,— калі людзі Бонгу пойдуць у горы, ці ня здарыцца «тангрын» (зямлятрасеньне)? Людзі Бонгу, Гумбу, Гарэнду, Багаці, усе, усе баяцца «тангрыну». Скажы, ці здарыцца «тангрын»?
— Магчыма,— адказаў Маклай і хуткімі крокамі накіраваўся да халупы.
Тыдні праз два да яго прышоў яго стары прыяцель Туй. Ён сказаў яму, што жыхары Гарэнду хочуць выселіцца. Маклай зьдзівіўся і Туй растлумачыў яму.
— Мы ўсе баімося жыць там. Калі астанемся ў Гарэнду — мы ўсе памром. Два ўжо памерлі ад «оніму» (чараўніцтва) людзей горнае вёскі, так і іншыя памруць. Ня толькі людзі паміраюць, але хворыя і какосавыя пальмы. Лісьце на ўсіх пальмах чырвонае і яны ўсе памруць. Мана-Таму, горныя людзі, закапалі «онім» у Гарэнду, вось і какосавыя пальмы паміраюць. Хацелі мы пазабіваць гэтых людзей, ды нельга, Маклай ня хоча, кажа «здарыцца бяда». Людзі Бонгу баяцца «тангрыну». Здарыцца «тангрын» — усе вёскі навакол скажуць: людзі Бонгу вінаваты. Маклай казаў: «Будзе бяда, калі Бонгу пойдзе ў горы»... Усе вёскі пойдуць на Бонгу, вось людзі Бонгу і баяцца. А ў Гарэнду людзей вельмі мала, каб ісьці ваяваць адным. Таму мы і хочам разыйсьціся ў розныя бакі,— скончыў Туй сваім панурым голасам.
Маклай заўсёды гадзіне а шостай увечары хадзіў да сваіх суседзяў у вёску Бонгу. У гэты дзень ён таксама пашоў туды, мяркуючы ўбачыць там таксама і жыхароў іншых вёсак. Прышоўшы ў вёску, ён пашоў у буамрамру, адкуль чутна была гучная і жвавая гутарка, якая спынілася пры яго зьяўленьні. Ён падумаў, што тубыльцы гаварылі пра яго або пра што-небудзь такое, што хацелі затаіць ад яго. У буамрамры быў цэлы сход. Усе маўчалі, калі прышоў Маклай і сеўсярод іх. Ён зразумеў, што перашкодзіў іх нарадзе. Урэшце, адзін з яго старых прыяцеляў, па. іменьні Савул, якому ён верыў болей, як усім, падышоў да яго, палажыў яму руку на плячо, глянуў у вочы і запытаў яго просячым голасам:
— Маклай, скажы, ці можаш ты памерці? Быць няжывым, як людзі Бонгу, Багаці, Білі-Білі?..
Пытаньне гэта было вымаўлена нейкім урачыстым тонам і зьдзівіла Маклая сваёй неспадзяванасьцю. Але ён убачыў па выразах твараў, што ўсе з напружнасьцю чакаюць яго адказу.
«Я падумаў, што можа тубыльцы аб гэтым гутарылі перад маім прыходам і таму зразумеў, чаму маё зьяўленьне спыніла іх гутарку,— піша Маклай. — Мне трэба было добра абдумаць свой адказ. Тубыльцы былі перакананы, што Маклай ня скажа ім няпраўды. Сказаць «не» было нельга, бо ва ўсякі час якая-небудзь выпадковасьць магла-б ім паказаць, што я сказаў няпраўду. Адказаць «але» — гэта значыць самому зьменшыць сваю рэпутацыю, якая асабліва важна якраз цяпер, праз некалькі дзён пасьля забароны вайны...
Я ўстаў, прайшоў па буамрамры, глянуў на колекцыю рознае зброі і зьняў са сьцяны цяжкую і гострую дзіду. Калі яе трапна кінуць, яна-б учыніла нямінучую сьмерць. Я падышоў да Савула, які стаяў пасярод буамрамры і сачыў за маімі рухамі, падаў яму дзіду, адышоў на некалькі крокаў і спыніўся супроць яго. Я зьняў капялюш, шырокія краі якога закрывалі мне твар. Я хацеў, каб тубыльцы ясна ўбачылі па маім твару, што «Маклай» не жартуе і ня міргне вокам, што-б ні здарылася... Я сказаў тады: «Паглядзі, ці можа Маклай памерці?» Зьбянтэжаны Савул хоць і зразумеў мае прапановы, але нават ня ўзьняў дзіды і першы загаварыў: «Арэн, арэн» (не, не). Некаторыя з тубыльцаў кінуліся да мяне, нібы каб засланіць мяне сваім целам ад дзіды Савула. Яшчэ праз некалькі момантаў я жартуючы назваў Савула «бабаю» і сеў сярод тубыльцаў. Пасьля гэтага ніхто ўжо болей ня пытаў мяне: «Ці магу я памерці?».
Судна, якое павінна было прыйсьці за Маклаем не пазьней сьнежня 1876 году, не зьявілася. Маклай апынуўся ў цяжкім стане. У яго вышлі ўсе запасы. У сэнсе харчаваньня ён папаў у поўную залежнасьць ад тубыльцаў і еў выключна стравы з расьлін. Урэшце, у лістападзе 1877 году, да яго на выручку прышла ангельская шхуна. Ад’яжджаючы, Міклуха-Маклай пакінуў шмат сваёй маёмасьці пад ахову тубыльцаў, якія адносіліся з вялікаю павагаю да яго ўласнасьці.
Трэці і апошні раз Міклуха-Маклай наведаў Новую Гвінэю ў 1883 годзе на расійскім вайсковым судне, якое ён сустрэў у Батавіі на шляху ў Аўстралію. Камандзір судна сказаў яму, што ён мае намер наведаць некаторыя выспы Меланэзіі і можа заедзе на бераг Маклая. Падарожнік узрадаваўся, што зноў пабачыць Новую Гвінэю і даведаецца, што стала з яго сябрамі папуасамі.
Читать дальше