Я ўжо мог адрозьніць расійскі сьцяг. Мае тубыльцы Сагам і Дзігу граблі вельмі марудна. Яны сачылі за рухам судна і бязупынна ўпрашалі мяне вярнуцца на бераг. Я мог ужо бачыць афіцэраў на мосьціку, якія глядзелі на мяне ў бінокаль. Нарэшце, мы так блізка падплылі да судна, што я ўжо мог разглядзець некалькі знаёмых афіцэраў. Яны таксама пазналі мяне. Але мая ўвага была адцягнута станам маіх спадарожнікаў — тубыльцаў. Такая вялікая колькасьць людзей на судне прывяла іх у вялікае хваляваньне. Калі-ж камандзір судна даў адпаведную каманду, а матросы пракрычалі тры разы «ура», дык мае папуасы ня вытрымалі, выскачылі з пірогі ў мора, вынырнулі далёка ад яе і пасьпешна паплылі да берагу. Вёслы яны або захапілі, або кінулі ў мора. Я астаўся на пірозе адзін і павінен быў грабці рукамі, каб падплыць да судна і злавіць кінуты мне канец вяроўкі.
Калі я, нарэшце, узьлез на палубу, дык агульная мятусяніна і мноства людзей вельмі ўзрушылі мяне. Усе былі вельмі ласкавыя са мною, але гоман навакол моцна стомліваў мяне. Я даведаўся, што па Эўропе разышліся чуткі, нібы я забіты або памёр. Некаторыя афіцэры прызналіся мне, што нават цяпер, убачыўшы чалавека ў эўропэйскімі адзеньні, яны думалі, што гэта Ульсон, бо былі ўпэўнены, што мяне няма жывога.
Судно прышло так неспадзявана, што я яшчэ ня склаў сабе пляну аб тым, што мне трэба зрабіць. Маёй першай думкай было папрасіць даць мне двух матросаў, каб з іх дапамогай наладзіць маю халупу, дастаць новы запас харчоў у камандзіра судна і астацца рабіць далей свае назіраньні, адаслаўшы да наступнага порту нікуды ня вартага Ульсона.
Я вярнуўся на кліпэр [ 21 21 Кліпэр — скараходнае ваеннае судно. Слова "кліпэр", як і корвэт,— цяпер ня ўжываецца.
] «Изумруд» на абед і калі камандзір яго сказаў мне, што сн хацеў-бы, каб я ўжо з сёнешняга дня пасяліўся на кліпэры, бо маё здароўе патрабуе добрага дагляду, дык я крыху зьдзівіўся такой прапанове.
— А хто вам сказаў, што я паеду з вамі? — запытаў я. — Гэта зусім яшчэ ня вырашана. Я думаю, што вы можаце даць мне крыху харчоў, а таксама можаце ўзяць з сабою Ульсона і мае лісты да бліжэйшага порту. А мне лепш за ўсё будзе яшчэ астацца тут надалей рабіць свае назіраньні. Папрашу вас дазволіць мне адказаць вам заўтра, ці паеду я з вамі, ці яшчэ астануся тут.
Камандзір згадзіўся, але я заўважыў, што мае словы зрабілі на многіх дзіўнае ўражаньне. Некаторыя падумалі,— як прызналіся мне самі пасьля,— што я ў ненормальным стане, пад уплывам розных страт і цяжкога жыцьця. Я даведаўся ад камандзіра, што голяндзкі ўрад пасылае вайсковае судно з навуковымі мэтамі вакол выспы Новае Гвінэі. Гэта моцна зацікавіла мяне. Я мог-бы, такім чынам, падмацаваўшы сваё здароўе, вярнуцца з новымі сіламі і новымі запасамі на бераг Маклая.
Я рана вярнуўся дадому ў гэты дзень і заснуў нібы забіты, бо быў вельмі змораны. Вырашыць пытаньне — аставацца мне ці ехаць — я адклаў да раніцы. Ва ўсякім выпадку, адно мне здавалася бязумоўна неабходным: я павінен быў вярнуцца сюды яшчэ, бо з прычыны майго знаёмства з тутэйшай мовай і заслужанага мною ў тубыльцаў даверра, мне цяпер будзе значна лягчэй рабіць мае далейшыя назіраньні.
На наступны дзень я абвясьціў камандзіру маё рашэньне ехаць, але папрасіў даць мне яшчэ два дні на зборы, на складаньне рэчаў і на разьвітаньне з тубыльцамі. Увечары прышло да мяне з паходнямі шмат людзей з Бонгу, Гарэмбы і Гумбу. Між імі былі таксама жыхары Малэ і Колікум-Мана. Прышлі ўсе тыя, хто часьцей бываў у мяне. Яны шкадавалі, што я паеду, і парашылі прасіць мяне астацца з імі, ня ехаць. Яны сказалі мне, што ў кожнай вёсцы для мяне будзе пабудавана халупа і ў кожнай вёсцы я магу выбраць сабе з дзяўчат па аднэй жонцы, або нават па дзьве, каб яны працавалі на маю халупу і на мяне.
Я адхіліў гэту прапанову, але абяцаў ім, што з часам вярнуўся і зноў буду жыць з імі.
Людзі Гумбу сталі ўпрашаць мяне пайсьці да іх у вёску, дзе, апрача мясцовых жыхароў, сабраліся і жыхары іншых вёсак. Яны сказалі, што ўсе хочуць мяне бачыць. Каб не адмовіць ім, быць можа ў астатні раз, я пашоў, абкружаны вялікім натоўпам тубыльцаў з паходнямі ў руках.
Усе прасілі мяне астацца. Спаць прышлося мне мала ў гэту ноч. Калі пад раніцу я хацеў падняцца, дык адчуў вялікі боль у нагах. Апошнія два дні я шмат хадзіў і не зьвяртаў увагі на раны на нагах. Ногі ў мяне спухлі і мне цяжка было хадзіць. Аднак, я ўсё-ж пашоў па беразе, каб раней вярнуцца дадому. Крыху прайшоушы, я адчуў такі моцны боль у нагах, што прымушаны быў спыніцца. Тубыльцы, якія праводзілі мяне, зрабілі з некалькіх перакладзін нешта накшталт насілак і перанесьлі мяне на іх да мыска, а адтуль я быў перавезены на кліпэр. Там я, нарэшце, адпачыў і мае раны былі абмыты і перавязаны. Па загаду камандзіра на адным дрэве ля мае халупы была прыбіта таўстая дошка з чырвонага дрэва і на ёй умацавана медная дошчачка з наступным надпісам: «Yіtіаz»: Sер. 1871. Mikloucha-Maclaj «Izoumrud» Dec. 1872.
Читать дальше