У Гуйліне — наўздзіў, ні карыцы, ні лесу няма,
Толькі горы высокія ля глыбокай вады,
Ды пад хмарай баньяна панурая гэта турма —
У ёй цёмна і ўдзень і ціха ўначы да жуды.
Кожны мусіць плаціць за ўваход у турму
Пяць дзесяткаў юаней ахоўцу свайму!
Калі ж грошай няма, няма чым адкупіцца,—
Не дадуць ні на хвілю спакою яму.
Сорак дзён гараваў я ў дарозе дарма,
Сорак дзён валачыўся, а спакою няма;
Зараз зноўку назад у Ляочжоу пераводзяць —
О як мне ўжо набрыдла такая турма!
Ляочжоу — Гуйлін, і зноў Ляочжоў,
Я ўсю правінцыю ўдоўж і ўшыркі прайшоў:
Кідаюць мяне сюд-туд, нібы мячык.
I калі ж гэты здзек яны спыняць ужо?!
У ПАЛІТЫЧНАЙ ЧАСЦІ ЧАЦВЁРТАГА ВАЕННАГА РАЁНА
Быў я ў трынаццаці паветах Гуансі,
У турмах васемнаццаці марнеў;
А ў чым мая віна? Ты веры не дасі —
Віна — што я любоў к свайму народу меў!
Сонца кожнае ранне ўзыходзіць з-за гор,
Залівае святлом навакольны прастор;
Толькі сцены турмы промняў не прапускаюць,
З камер змрок цераз краты разглядвае двор.
Імжыць без спачыну дождж увесь дзень,
Маркота таксама гняце без спачыну;
Пытаю ў ахоўніка: воля жаданая дзе?
I ён паказвае на жытло мандарына.
Побач з турмою ружа была расцвіла,
Расцвіла, паквітнела і ціха завяла.
Яна камерам водар увесь аддала,
Нагадала: ў жыцці справядлівасці мала.
Самае горшае — волю згубіць,
У прыбіральню і то тады трапіць складана:
Калі адчынена — жывот не баліць,
А жывот разбалеўся — ўсё пазачыняна.
Доўжыцца ноч, а ты ўсё не спіш,
Радзіла шмат вершаў турэмная ціш;
Адкладаеш пяро і зноўку, бяссонны,
Праз краты на вольнае неба глядзіш.
Дзевяць дзён не сціхае ўжо дождж-вадалей,
Што на неба злаваць — толку мала ў тым зле!
Мой знасіўся абутак. У гразі мае ногі,
Ды брысці усё роўна змушаюць далей.
Барацьбе, як знарок, замінае злы лёс,
Восем месяцаў страціў, кайданамі растрос;
Мне шкада таго часу, што турмы забралі.
Дзе ж той вецер, які б мне волю прынёс?
Мядзведзіца ўжо над гарой — значыць, дзесяць гадзін,
Цвыркун напявае — да восені ў шчырым даверы:
I толькі не рад той жа восені вязень адзін —
Ён нецярпліва чакае, калі адчыняць турэмныя дзверы.
Мінулаю восенню яшчэ я па волі хадзіў,
А гэту ўжо бачу, засумлены, праз турэмныя краты;
Але, як тады, я народу аддана і шчыра служыў,
Так і зараз служу, хоць сяджу ў цямніцы праклятай.
ДАЗВОЛЕНА ПРАГУЛКА ПА-ЗА КАМЕРАЙ
Ад нерухомасці — ногі, што вата, зусім не ідуць.
Вучуся нанова хадзіць — хістаюся, як не ўпаду;
Крок адзін і зрабіў, а ўжо чую крык вартавога:
«Даволі! Вяртайся назад! У камеру зноў павяду!»
Вартавы ля дзвярэй падпірае вінтоўкай слупы,
Хмара ў небе ляціць, падахвочвае поўню да лёту.
Нібы танкі цяжкія паўзуць і паўзуць клапы,
Камары ўсё гудуць, як разлётаныя самалёты.
Па Радзіме маркочуся, што за тысячы лі ад мяне,
Сон журботны, нібыта ён загорнуты ў смутак.
Без віны цэлы год я гібею ў турме
I слязамі пішу свае вершы, закуты.
ЧЫТАЮ ШКОЛЬНУЮ ХРЭСТАМАТЫЮ «ВЕРШЫ ТЫСЯЧЫ ХАТ»
Читать дальше