Ніл Гілевіч
Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка
4-га студзеня. Хадзіў на сход у Дом ветэранаў, атрымаў прэмію імя А. Майсені (па “Народнай волі”). Быў у зале і выпушчаны з турмы А. Клімаў, якога зала вітала як нацыянальнага героя, хоць я так і не ведаю: за што? Што зрабіў для беларускай ідэі? Нешта тут ад міфалогіі.
5-га студзеня. Крукам, дзень і ноч, сядзеў над артыкулам пра драматургію Янкі Купалы, пачаты яшчэ ў снежні. Здаецца нешта атрымалася, удалося зрабіць некаторыя важныя акцэнты, асабліва пры разглядзе “Гнязда”.
7-га студзеня. Цэлы дзень перастукваў на машынцы артыкул (учора таксама). І такі дабіў, хоць позна вечарам. Гэта ўжо, можа, дзесяты мой артыкул пра Купалу, — калі лічыць і невялікія газетныя (публіцыстычныя).
11-га студзеня. Заходзіў Конан. Паабедалі, пагутарылі. Паказаў яму папку з рукапісамі (чарнавікамі) “Лысай гары” — ён першы, хто пабачыў гэтыя паперы. Наконт аўтарства ў яго сумненняў не было і раней — неаднойчы мне намякаў пра гэта.
20-га студзеня. Хадзіў глядзець Арсенеў фільм пра Тарашкевіча ў кінатэатр “Змена” — спецыяльны паказ у сувязі з юбілеем. Быў і Арсень. Фільм выдатны. Давялося ўзяць слова і сказаць усё тое ж: што рабілі і зрабілі “ворагі беларушчыны” з намі. І што працягваюць рабіць!.. Якая малайчына Н.М. Макрыцкая, што арганізавала ў сваім кінатэатры такі кіналекторый!..
21-га студзеня. Дачытаў (дагартаў, дакладней) адну здаравенную таміну Я. Будзінаса “Дураки” (Вярцінскі ўсурычыў). Як я не памыляўся ў яе аўтары — гэтым чужым для беларускай культуры чалавеку! Якая хватка! Які цынізм! Вось дзеля чаго ім патрэбна “дэмакратыя”.
22-га студзеня. Званіла з Таргуноў старая настаўніца Вера Васільеўна Малько. Прачытала маю “Ведзьму”, плакала, чытаючы, ну і вось патэлефанавала… Першы водгук на публікацыю (можа, і апошні? Ніхто ж п’ес не чытае).
Закончыў і перадрукаваў прадмоўку да кнігі “Шчыра як на духу”. Апраўдваю задуму выдання, а ці не правалімся мы (“Кніга”) з ёю?
29-га студзеня. Заходзіў брат майго сябра часоў акупацыі Лёні Кулакоўскага — Георгі. Вельмі падобны на Лёню. Божа, колькі ўскалыхнулася ў памяці, на дне душы! Якое вялікае маё няшчасце, што Лёня апынуўся за межамі Беларусі, — як аказалася — назаўсёды. Які быў бы, адчуваю, мне на ўсё жыццё сябар — не з пісьменнікаў, а проста з людзей, з тэхнароў, у прыватнасці (Лёня — інжынер-сталеліцейшчык, — якая прафесія!).
31-га студзеня. Быў на незвычайным вечары ў Музеі Купалы — на прэзентацыі кнігі пра замучаных рэпрэсіяваных у Сібіры беларусаў. Не хапае душы ўсё гэта вытрываць.
1-га лютага. Хадзіў на выставу трох мастакоў Ціхановічаў — дзеда, бацькі і ўнука. Бацька і ўнук — таксама таленавітыя мастакі — пакінулі гэты свет, а дзед (90 гадоў) — яшчэ трымаецца. І трымайцеся, Яўген Мікалаевіч! Трымайцеся! Ваша пазіцыя, Ваша слова — і сёння падтрымка маладых, — маральная, духоўная, чалавечая.
6-га лютага. “Народная воля” змясціла вершы “Дарагія мае грамадзяне”, “Мастак”, “Памяці Куліка”. Пазванілі: Ліс, Марачкін, Сіўчык, Жуковіч і іншыя. Адзін з іншых сказаў: “усе вершаванае сёння на фоне тваіх — г….”.
10-га сакавіка. Сход дэмакратычнай інтэлігенцыі ў Палацы мастацтва наконт Гімна РБ. Браў слова, расказаў, чаму не быў прыняты Гімн у 1991–1994. Прагаласаваў за “Магутны Божа”.
4-га красавіка. Сустрэча на геафаку БДУ. Атрымаў ад зямлячкі кнігі Я. Гладкага. Быў на вечары Смольскага, у філармоніі. Маэстра высокага класа!
6-га красавіка. Хадзіў на выставу Марачкіна і “Пагоні”. Шмат цікавага. Хлопцы працуюць таленавіта і — у належным кірунку.
9-га красавіка. Да паўдня сядзеў у Нацыянальнай Бібліятэцы, гартаў часопісы часоў акупацыі. Пасля абеду — у мастака В.К. Барабанцава, пачаў маляваць (пісаць!) мой партрэт.
23-га красавіка. Быў у Салігорску, з У. Лапцёнкам. Прадавалі мае кнігі. Чытаў школьнікам вершы. І ў ДК. Звычайна, трафарэтна. Без энтузіязму. Гняце людская апатыя. Кніг купілі мала. Няма грошай — у тых, хто кнігу любіць і хацеў бы купіць. Прыходзіла на сустрэчу М.І. Мацюкевіч з дзяўчынкай — вялікая і мужная патрыётка. Не зламалася і пасля смерці сына (забілі бандзюкі).
24-га красавіка. Хадзіў у філармонію на вечар І.М. Шумілінай. Непераўзыдзеная ў нас піяністка. Назад вяртаўся з У. Конанам. Паплакаліся, папракліналі.
26-га красавіка. З Лапцёнкавымі дзяўкамі — у Віцебску. Дзве вялікія сустрэчы: ва ўніверсітэце (адкрываў і вёў рэктар А.У. Русецкі) і ў Доме культуры. Вельмі шмат прадалі маіх кніг. Было безліч пытанняў, у тым ліку вострых. Усіх надзвычай хвалюе лёс Беларусі і беларускай мовы. Арганізатар сустрэч — нястомны І.А. Навумчык. Да прыезду ў абласной бібліятэцы — выстава маіх кніг. Усё было не фармальна, не дзеля “птушачкі”; у Віцебску сапраўды чакалі (як абяцаў Навумчык).
Читать дальше