Лепш унучку б ты прыслала сюды,
Ці якую, з маладзейшых, дачку.
Ды паспеецца яшчэ – той бяды!
Не сціскай так касаўё ў кулачку.
Ты садзіся і частуйся са мной.
Выбачай, што пераліў цераз край!
Закругляюся з праграмай зямной.
Песня спелася – усё, забірай!
“ЛіМ” (сакавік 2007 – пад назвай “Развітальнае”)
Чалавек – не маналітны матэрыял. І нават творчы чалавек складаецца як мінімум з дзвюх іпастасяў: бытавой і ўласна творчай. Суцэльная струна падзяляецца на дзве асноўныя часткі: адна (зачэпленая за ніжнюю дэку) дае гук, другая (наматаная на калок) трымае разрыўную напругу, значна большую, чым тая, якую чуюць. Амаль заўсёды рвецца частка струны, якая дае гук. А струне – розніца? (SC)
Зараву-запяю
Ваўкалакам да поўні бліскучай.
Хай паэт-пустазвон
Ненавідзіць-баіцца-кляне!
Я паэта заб’ю –
Ён даўно мне абрыд-надакучыў!
І жаўтлявы плафон
Да шаленства даводзіць мяне.
Ён часамі – жміндай,
А часамі – мантач-утрыманец.
Ганарысты, як слуп,
Ці прыніжаны, як тратуар.
Жорсткі, як самурай,
Кампрамісны, як бомж-абадранец.
Простакутны, як куб,
Сінусоідны, як будуар.
Я паэта заб’ю,
Бо ён крадзе мае цыгарэты!
Стос распісак-даўгоў
Хай з сабой у труну забярэ!
…Я нярэдка злую.
Толькі як дасягнуць грэшнай мэты?
Бо мяне ад яго
Аддзяляе мяжою барэ.
Эпічны, на першы погляд, верш… Эх, столькі наварочана ў гісторыі і ва ўласным жыцці! (SC)
Стэп… І навошта тут столькі прасторы?
Цягнуць валы перагружаны воз.
Крупкамі солі рассыпаны зоры,
Месяца блін на патэльні нябёс.
Кольца каўбаскі, піханай пальцам;
Ззаду – аптовы закуп, магарыч…
Знікла заступніцтва ў зладжанай валцы.
А нападуць – толькі Бога і кліч!
Хвайна было б таргануць па дарозе:
Быў бы барыш і заўзяты кірмаш!
…Толькі ўся соль застанецца на возе,
Бо ў Беларусі солі няма ж!
Пахаладае – гуньку накіну.
Не дапаможа – гарэлкі глыну.
І не заўважу, як за хвіліну
Водар кавыль перадасць палыну.
Вось бы даехаць, убачыць радзіну,
Хвацкі гармонік ушыр развярнуць!
…Можа, даеду, а можа, і згіну,
Можа, князі ўсё за так адбяруць.
Здасца, супынку не будзе ніколі:
Я – і прастор, цішыня і спакой.
Пыл узнімаецца, стукаюць колы,
Цягнецца воз па дарозе пустой.
“СБ Беларусь сегодня” (студзень 2010)
Магчыма, тое “казацтва”, якое перадалося праз продкаў, дало магчымасць стварыць гэту песню. А можа, закарціла па кароткіх радках і стылізацыі ўсечасна папулярных напеваў. (S)
Леглі травы росныя
На былыя дні.
Залатымі косамі –
Сонца прамяні.
Шчасце ты казачае –
Стэпы ды равы…
Што вы, кані, плачаце?
Я ж яшчэ жывы!
Ах ты, доля рваная –
З гор і курганоў.
Не чакай, каханая,
Казака дамоў.
Роем пчолаў з вулею –
Думкі з галавы.
Размінуўся з куляю –
Значыцца, жывы.
Вецер смяглы дыхае
Пахам палыну.
Льецца песня ціхая,
Лашчыць гук струну.
А з нябёс курлыкаюць
Сумна журавы.
Нібы ў вырай клікаюць…
Але ж я жывы.
Для душы астылае
Распалю касцёр
За радзіму мілую,
За братоў-сясцёр.
Залівае хваляю
Рэчка паплавы.
Размінуўся з шабляю –
То яшчэ жывы.
Воля мая крохкая,
Як мне жыць, парай!
Сцежкаю-дарогаю –
У далёкі край.
Груганова карканне,
Вухканне савы…
Толькі гінуць рана мне –
Я пакуль жывы.
Верш-сон, ад якога ўдалося захаваць настрой і асноўныя моманты. У баладным вершы пададзена дваццацігадовая этапная разбіўка чалавечага жыцця. Правільнай лічу пятнаццацігадовую – па ўзростах свядомасці. (S)
Узнеслася поўня над лесам, бы шарык надзьмуты.
Святлом ад кандэлаў палац азарыўся знутры.
Шыкоўны быў баль – і петарды ўзляталі салютам,
І тузалі віяланчэлі Еўтэрпы майстры.
І ззялі ад шчасця свайго жаніхі і нявесты.
Бруілі фігуры кадрылі, як звонкі ручай.
Прывабныя людзі рабілі прыгожыя жэсты.
А я, нехлямяжы, шукаў, куды скінуць адчай.
Читать дальше