Цвільна, як спёкай у затхлай запрудзе,
Вусцішна, быццам на глеістым дне.
Дзе і якая аказія будзе?
Хто і калі падпільнуе мяне?
Звабныя мроі зацьмілі кашмары.
Лад і камфорт, хоць дзяліся цяплом!
Што мне чакаць – навальніцу ці хмары?
Што напаткаецца – крах ці аблом?
Скуль прыляціць навіна трапяткая,
Хто ведзьмакі, што мяне праклянуць?
Што за праблема ражном напаткае,
Дзе той правал, што не ўдасца мінуць?
…Маятнік лёсу, адданы секундзе,
Шлях несупынны праходзіць на “біс”.
Знаць, ён у мёртвым прыпыначным пункце,
Перш чым уніз гайдануцца, завіс.
Давялося заўважаць, што пэўны дэпрэсіўны настрой цісне не толькі на людзей гуманітарнага складу – нават на бізнесменаў і палітыкаў. У восеньскі час, калі лістота апала, а снег не выпаў, і ў вясенні, калі снег сышоў, а трава не зазелянела, небяспека цяжкіх думак, ваганняў і няпэўнасці падсцерагае ўсіх.
Знікла вясенняя слота,
Хмарнае сонца – амлетам.
Выпырхне хутка лістота.
Значыць, надыдзе і лета.
Эліпсіс Землевярчэння –
Як абумоўленасць года.
Зрэшты, ці мае значэнне:
Зноўку рэпрыза ці кода?
Страты – ні ў слодыч, ні ў горыч.
Стан – ні імпэт, ні знямога.
Нават і тыя, хто побач,
Не разумеюць нічога!
Думка свядомасць прашые,
Шрам незагойны пакіне:
Мы безнадзейна чужыя
І застанёмся такімі.
Шахне, як фаустпатронам,
Розум па дробязных тэмах!
Вечнасць падасца мікронам,
Вымераным у ангстрэмах.
Цяжка жыць, калі верыш у наяўнасць Бога, але не верыш у яго магчымасць і жаданне табе паспрыяць. Жыццё асобнага чалавека – дробязь на фоне існавання цывілізацыі. А ці варта турбаваць Найвышэйшага з-за дробязяў?
Ныюць лайдацкія косці,
Смуткуе душа аб папрузе.
Трапіў на цупкія восці
Помслівай Чорнай Музе.
Што ж, давядзецца скарыцца –
Якаснай будзе аблога!
З Д’яблам паспеў пасварыцца
І не спазнаў шлях да Бога.
Зноў – як на мінным полі
З завязанымі вачыма!
І да гаючай спатолі
Вырвацца немагчыма.
Скрозь аптымізм падробны
Бы ў камарыным дзыне
Чуецца плач жалобны
Аб несусветнай Радзіме.
Фатум цячэ монафазна,
Рух – як пяршак без хлеба.
Хто да мяне – прыязна,
Тыя мне – без патрэбы.
З кім бы хацеў сустрэцца –
Сам, як шаблон, нецікавы.
Бухае молатам сэрца…
Выпіць, хіба што, кавы?
Псіхолагі сцвярджаюць, што першы крок пазбаўлення ад комплексаў – іх фармулёўка. Яно, можа, так і было б, але розум і досвед перашкаджаюць быць ягнём, паствай, марыянеткай. Рашэння няма.
Чым зморшчын больш, тым смех і плач радзей.
Усё лухта, апроч задач кармічных.
Мінае тэрмін мараў і надзей,
А боль ад стратаў робіцца прывычным.
Тут весела і лёгка зло тварыць,
Дабро – і прыніжальна, і нягегла.
А ў рэшце рэшт і ў пекле можна жыць,
Калі табе радзімай стала пекла.
Ты прыгаршчы без жалю прыбяры,
Бо сквапны лёс адкрыў пустую жменю.
Аповесць лепш бязважкую ствары
Ці верш, які не пакідае ценю.
І кінь жыцця абгрызены шматок
Пад ногі пераможцу-ашуканцу!
Не прыйдзе Бог у д’яблавы куток,
А вырвацца з яго няма ні шанцу.
Лейтматыўная тэма, якую не ўсе паэты вытрымліваюць. Напэўна, такія вершы нельга пісаць. Славянская разгульная скамарошнасць спрабуе зарэтушаваць натуральную чалавечую боязь перад смерцю. (S)
Не чапай мяне, старая з касой,
Дай хоць песню праспяваю спярша!
Бо навокал – цішыня і спакой,
Толькі дзынькае шкляная душа.
Лепш навязлівыя думкі расклей
І на сэрцы развядзі абцугі!
Вось бы крылы і адсюль – падалей,
Але цягнуць да зямлі ланцугі.
І куды ні кроч – усюды абрыў,
І спыніцца немагчыма – хоць рэж!
Калі ласка, дай дапіць, што наліў,
Дай настроіцца, пасля – забярэш.
Што спяшаешся, старая карга?
Бо і так людзям хапае тугі...
Да цябе стаіць такая чарга,
аж няёмка лезці мне без чаргі.
Читать дальше