“Наша Ніва” (ліпень 2005); “Івацэвіцкі веснік” (верасень 2005); “Праца” (сакавік 2006)
Як раней адзначаў, прырода ўплывае на верш. І часам дае выключныя малюнкі, якія не прапусціць сапраўдны мастак ці фатограф. Ну, і паэт, напэўна. Ім прасцей – у нас толькі словы……
Сустракае яна снегам першым,
Дорыць днём бестурботным, вольным.
І душа адгукаецца вершам
Сілабічным, танічным і дольным.
Не ўзнаўляе прыпынены танец
Павуцінаю шэраю голле.
За жыццё набяжыць такіх раніц
Мо з пятнаццаць, – напэўна ж, не болей.
А астатнія міма праскочаць,
Як праносяцца карты па трасе.
Ні душу не зачэпяць, ні вочы,
Не супаўшы з настроем па часе.
Сэрца роўна, нязмушана б’ецца,
І настрой не прыгонна-ярэмны.
У такія хвіліны здаецца,
Што праходзіць жыццё недарэмна.
“Полымя” (чэрвень 2005);
“Івацэвіцкі веснік” (чэрвень 2005)
Кожны паэт пры ўсёй сціпласці марыць быць заўважаным. І не проста заўважаным, а нават у нечым увекавечаным. Напэўна, вытокі гэтага інстынкту тыя ж, што і ў інстынкту прадаўжэння роду. Праз некаторы тэрмін творчай дзейнасці разумееш, што адзначыўся. Аднак ці хто заўважыць? Адсюль і рэверанс у апошніх радках.
Пішу няшмат – каму яно патрэбна?
Каму цікава, як душу ты рвеш?
Аднак скажу без прыкрасці хвалебнай:
Што б ні пісаў – пішу адзіны верш.
Над хмарамі апісваю кругі я,
Кашу быльнёг, машчу праз багну гаць…
Але пакуль здараюцца другія.
Адразу не ўдаецца распазнаць,
І часам торгне: вось ён, недзе блізка!
І веру, што наяве, як у сне,
Ён вырасце, як яблыня з агрызка,
Як з кропелькі вясёлка праблісне.
І як бы ні прыспешваў час-гадзіннік,
Я мітуснёй жыццёвай не грашу.
Не напісаў пакуль што верш адзіны,
Таму яшчэ, прабачце, і пішу.
“Івацэвіцкі веснік” (люты 2005);
“Праца” (сакавік 2005);
“Полымя” (чэрвень 2005)
Паэт не абавязкова павінен пісаць вершы. Самае галоўнае, ён павінен паэтычна ўспрымаць рэчаіснасць. Ці, па меншай меры, перадаваць рэчаіснасць паэтычным словам.
У яго чаравікі нямодныя,
Ён выходзіць у дождж без плашча,
Ён не верыць, што зоркі – халодныя,
А Зямля – гэта сплюшчаны шар.
Ён няўчас да знаёмых з’яўляецца
І заўсёды не спіць дапазна,
Кожны год непрытворна здзіўляецца,
Калі зноўку прыходзіць вясна.
Любіць ён назіраць за стракозамі
І не бачыць мігцення гадоў.
Размаўляць ён умее з бярозамі
І шкадуе бяздомных катоў.
Пастаянства не лічыць руцінаю
І хавае пачуцці свае.
Безнадзейна кахае адзіную,
Хоць з юнацтва не бачыў яе.
Ён зласліўцам жадае найлепшага
І злачынцаў не хоча караць.
І пакуль што ніводнага вершыка
Не стварыў… І не будзе ствараць.
“Праца” (сакавік 2005);
“Полымя” (чэрвень 2005 – пад назвай “Паэт”
і без апошняга чатырохрадкоўя);
“Наша Ніва” (ліпень 2005)
Лёгкі для ўспрымання верш, калі ўлічыць тое, што казаў раней. Іронія і нават, у нейкай ступені цынізм, уласцівы маёй творчасці. Як ёсць, а што рабіць?
Нашто натхненне? Хоць не страціць меру б!
Што дойдзе да патыліцы скрозь лоб?
…Калісь аптымістычны далакоп,
Капаючы дзірван, адрые чэрап.
І, выдыхаючы з сябе ці гар, ці шмаль,
Ён, недавучаны філосаф ці гісторык,
Карцінна ўздыме чэрап: “Бедны Ёрык!”
І не памыліцца, няўрымслівы, амаль.
Ды буркне брыгадзір: “Ну, годзе-годзе!
Давай, што засталося, разальём.
Нясі на звалку і прыкінь галлём.
Ты ж маладзей не менш чым на стагоддзе!
Ну, што рабіць? Такі наш плынны век:
Само жыццё плюс памяць пасля смерці…
Ён меў не толькі чэрап – мозг і сэрца.
Таму пакінь свой блазнаваты здзек!
Прапала памяць – і няма асобы,
Давёз яго да забыцця Харон…
Усё, працуем! Часу – не вагон.
…Спякотна сёння. Можа, скінуць робы?”
Паэзія – як ратаванне, засцярога. Напэўна, усё ж час, калі чалавек займаецца паэзіяй, не ўключаецца ў тэрмін жыцця. “Не ўключаецца” як “не залічваецца” або як “не ацэньваецца”?
Читать дальше