Ты то корміш, то доіш хімеру,
Побач лярваю муза ляжыць.
Годзе тузаць алоўкам паперу:
Што тваё – ад цябе не збяжыць!
Скідвай німб і не вер у харызму,
Злезь са сцэны, прастуй у фае!
Шмат падстаў у твайго песімізму,
А ці трэба падстаўкі твае?
Бо пасля, як усе мы загінем
І згніюць у зямлі карані,
На ўспаміны нашчадкам пакінем
Не паперу – адны камяні.
“Гоман” (сакавік 2006);
“Наша Ніва” (травень 2006)
Не сакрэт, што надвор’е ўплывае на душэўны настрой. Яно само па сабе – крыніца натхнення. Менавіта таму ў большасці паэтаў ёсць вершы, прысвечаныя (ці прымеркаваныя да) пэўнай пары года. У мяне таксама, хоць апісальніцтва – не мая стыхія.
Дрэвы апрануць кідкія касцюмы,
Як на баль “Для тых, каму болей за…”
Восень падаб’е і акругліць сумы,
А пасля ў разлік выдасць гарбуза.
Скрыюць копы хмар прамяні ў далоні,
Ціша захіне векам ад труны,
Вецер-самахвал сыпне снег на скроні,
У паўсне замруць думкі-валуны.
Але гахне гром – спыніцца планета!
Адляціць увысь рэха ад грымот,
І праз нейкі час зноў надыдзе лета.
Сонца пабяжыць з захаду на ўсход!
Віхрам улячу ў велічную эру
І пачну з нуля, з першага глытка…
Знішчу ў свеце тым чыстую паперу,
Каб не напісаць лішняга радка.
А святло і змрок скончаць кампрамісам
(Гэтага ніхто колісь не міне!) –
Фінішны радок з прочыркам-дэфісам
Змогуць напісаць, пэўна, без мяне.
“Наша Ніва” (кастрычнік 2005);
“Праца” (красавік 2006)
Верш такога ж кшталту, як і папярэдні. Тая ж мажорная наканаванасць.
Сонца зіркае жоўтай дзіркаю –
Паглынае куртаты дзянёк.
І маторамі горад гыркае,
Каб было яго чутна здалёк.
Думкі смутныя, непакутныя,
І спакойны, упэўнены крок.
Бо памкненні ўсе шалапутныя,
А настрой – як віхлясты шнурок.
І ў заўсёднасці, мімалётнасці
Столькі тлумнай бязглуздай “лапшы”,
Што сумнеў бярэ ў несмяротнасці
(Нават у існаванні) душы.
Шматтэмнасць – нетыповая рэч для маіх вершаў. Але, відаць, няма правілаў без выключэнняў.
Сыходзяць леты і гады.
Яшчэ далёка да змяркання.
Таму душа, як і заўжды,
Жадае праўды і кахання.
Імкнення імпульс, як сцябло,
Што цягнецца з зямлі да сонца,
Пакуль жыццёвае трапло
Кастрыцай не шпурне на донца.
Але, мінаючы віры
І плыткасці, імчыцца яхта:
Ёсць спадарожныя вятры,
І не закончылася вахта.
А лёс – ці мора, ці басейн?
Сум – грэх: пасумаваў – пакайся.
Сабраўся жыта сеяць – сей,
Аднак пра смерць не забывайся.
Цераз памылкі і грахі
І з верай трапяткой у прымхі
Так важна завяршыць шляхі
Ў свой час – без спешкі і затрымкі.
Любы маршрут – не адкрыццё.
Амбіцыёзнасць – рэч тупая.
А там – ці рай, ці забыццё,
Бо пекла нам і тут хапае…
“Івацэвіцкі веснік” (кастрычнік 2006);
“Гоман” (выпуск 2(5), 2007)
З гадамі разумееш, што істотна ў жыцці. Гэтае разуменне і, магчыма, нейкая засцерагальная чэрствасць дае магчымасць не тлуміць галавы людзям, а сцвярджаць пры сустрэчах, што ў тваім жыцці ўсё нармальна.
Надзея выслізне, як мыла,
Затушыць лівень цыгарэту.
І мы скараемся бяскрыла
Рухавай зменлівасці свету.
У аднастайным карагодзе
Часамі выдасца прымеціць:
Бацькі ў апошні шлях сыходзяць,
Сталеюць без дазволу дзеці.
Вылазім з-пад маркоты стога,
Страсаем з думак тлум і верад.
І, як вядзе струна-дарога,
Зашорана ідзём наперад.
На недалёт рукой махаем,
На перабор глядзім без крыўды.
Калі кахаецца – кахаем,
Калі не любім – без агіды.
Жывём без зайздрасці і злосці,
З прыгод выкручваемся неяк.
Бывае, страчваем кагосьці,
Ды не збяжыць сляза з-пад веек.
Ацэньваем падзеі, шансы
Рэальна, а не віртуальна.
Не спадзяёмся на авансы.
…Нармальна ўсё, усё нармальна.
“Івацэвіцкі веснік” (чэрвень 2005);
“ЛіМ” (люты 2006)
Часам хочацца абтрэсціся ад жыццёвых клопатаў, як сабаку, які вылез з вады. У паэта ёсць цудоўная магчымасць зрабіць гэта з дапамогай верша.
Читать дальше