Што там было - мінула там,
Прапала. Толькі пыл віруе...
Дарую і былым сябрам -
І ворагам былым дарую.
Ідзе жыццё... Гарыць агонь...
І ў валасах маіх блукае
Яблонскай лёгкая далонь.
Бывай, Варшава! Як шчыміць!..
І слёзы выціскае вецер...
Калі Варшаву не любіць,
Дык што тады любіць на свеце?
Ёсць нешта ў ёй ад каралеў
З крывёй блакітнай, ганарлівай...
І міласць зведаў я - і гнеў
Твой каралеўскі... Будзь шчаслівай.
Бывай! Бывай!.. Усё міне,
Але і на краі магілы
Згадаю я, што ты мяне
Прылашчыла і прытуліла
У скрутны час...
Той час прайшоў -
І пуста там, нібы на пожні...
Кружу па плошчы Трох Крыжоў,
Шукаю сіл на круг апошні,
А стуль, дзе каралеўскі парк,
Дрыготка музыка ўсплывае,
Такая музыка, такая,
Што як жа так?!. Што як жа так -
Расстацца з ёй?!.
Ды што ж, ды што ж -
Пара!.. Над Віслай слепне дождж,
Смуга над Скарышэўскім садам -
І мроіцца: "І ўсё ж, і ўсё ж
Я рада быць з табой..."
Спеў апошніх нот
Згасае рэхам...
Пераправа,
Налева мост - і мост направа,
І невідушча Жыгімонт
Глядзіць услед...
Маці
"Загляне сонца і ў наша ваконца..."
Беларускае народнае.
"Пчала якраз у макаўку ўпякла!.."
Паэма "Вера", 1970.
"Быў сон, які Маланкай звалі..."
Паэма "Маланка", 1981.
"Калі ты паэт ці калі ты званар -
Ты лішні, ты вольны..."
Паэма "Прошча", 1993.
"І што ў вас там, дальбог, за людзі?.."
Паэма "Паланэз", 2000.
Ч а с т к а п е р ш а я
Калявала
Чуваць, як адрастае барада, -
Так ціха тут...
У возеры, бы ў сподку,
Як вока поўным,
Круглая вада
Уздрыгвае, калі штурхаю лодку
Ад берага...
Слізгаюць па вадзе
І расхінаюць возера дзве хвалі...
Дзве хвалі... два жыцці...
Адно нідзе,
Другое ў Тэйска, дзе мяне схавалі
Ад фінаў фіны, каб лавіў вугроў,
Збіраў грыбы і ягады, і слухаў,
Як барада расце...
Маіх сяброў
І схоўшчыкаў завуць Ану і Юха,
Тут хутар іх...
Тут продкі іх жылі...
Аралі, жалі
І спявалі песні,
Як фіны ўсе, што маюць на зямлі
Па востраве, па возеры, па лесе
Пры хутары...
Я, увайшоўшы ў дом,
Убачыў печ з ляжанкай, скарб прыпечны,
Драўляны калаўрот з верацяном
Пашчэрбленым -
і кросны...
Дух спрадвечны
Над калаўротам з кроснамі лунаў,
І пахла лёнам, ніткамі, кудзеляй,
Аўчынай, на адну з шырокіх лаў
Насцеленай...
Я лёг.
Са сцен глядзелі
Дзяды і дзеці, мужыкі, жанкі,
Медсёстры, гімназісты і салдаты,
Пыталіся ў мяне: "Ты хто такі?
Адкуль ты тут? Сваёй не маеш хаты?
Згубіў Айчыну? Ну, чаго ты лёг?.."
"Каб паляжаць, - сказаў я. - На аўчыне
Даўно не спаў..."
У кут пусты, дзе Бог
Пыліўся ў кожнай хаце на Айчыне,
Я паглядзеў...
"Ты звык да абразоў? -
Стары ў капелюшы спытаў, прыўзняўшы
Свой капялюш... Я прамаўчаў. Ён зноў
Прыўзняў свой капялюш: - Багі ўсе нашы
У возеры і ў лесе, гэты край
Паганскі..." Я падняўся: "Наш таксама.
Вада ды лес. Не пекла і не рай".
Глядзелі са сцяны - да рамы рама -
Сям'я ўся, род... Тут Юха і Ану
Апошнія.
Сярод усіх убачыў я адну...
Яна на фотаздымку, бы ў тумане,
З'яўлялася, знікала, як са мной
У хованкі гуляла... Падміргнула -
І род сялянскі ўвесь
усёй сцяной
Так уздыхнуў, што ледзьве не пагнула
Цвікі ў сцяне...
Я глянуў на сцяну:
"Тут нешта ёсць, - падумаў. - Таямніца...
Дазнацца трэба ў Юхі і Ану,
Калі прыедуць з Тампэрэ..."
"Не спіцца?.." -
Спытаў Стары.
"А вам?.."
"Мне не да сну".
"Чаму?"
"Бо я памёр".
"Ну што ж, не дзіва..."
"Не дзіва? - ён здзівіўся
і крыўдліва
Падціснуў губы... - Што ж тады з дзівос
Цябе здзіўляе?.."
"Апрача нябёс,
Ужо нічога".
"Зорная імгла,
Што сонцы пухірамі надзімае,
Цябе здзіўляе?.."
"Так. А вас?.."
"Пчала".
"Вас муха мёдазборная здзіўляе?" -
Не даў я веры.
"Так".
"А смерць?"
"Пустая
Бяссонніца..."
"А хто жанчына тая?.." -
Абрыдла мне пра смерць і пра імглу.
Стары схмурнеў. "Лятучае лятае -
І хай сабе... Не прыручай пчалу".
І нешта празвінела над сталом...
Читать дальше