Каве развяла каленкі -
Воды як ліну-
ліся!..
"Ты з мяне - зусім маленькі,
А душа ў табе ўжо ўся".
Маці зноўку, нестрывайка:
"Вось разгадка-разгадайка".
Каве легла ўніз спіною,
Мяне клала ўверх спіною -
І круціла мае яйкі
Па-над прорваю пустою:
"Вы, млыны, мукою белай,
Дробнай соллю пасыпайце,
А вы, яйкі, прорву-бездань
Зорным смеццем засявайце".
Клала маці на палаткі
Мяне з жонкай маладою,
Маю жонку ўніз спіною,
Мяне мужа ўверх спіною -
І круціла мае яйкі
Жонка белаю рукою:
"Вы, млыны, мукою белай,
Дробнай соллю пасыпайце,
А вы, яйкі, прорву-бездань
Зорным смеццем засявайце".
Круціцца ў нябёсах яйка,
Пасыпайка-Засявайка:
Ваўчаня. Мядзведзік. Зайка...
Ходзіць Бог па сцяне
У чырвоным каптане:
Воўку - казка, Зайку - байка...
Як мне лепшым з лепшых стаць?..
Каб кахаць і быць каханым?
Можа, мне гарой паўстаць?
Можа, легчы мне туманам?
І, паклаўшы ў люльку-Неба,
Бог Зямлю закалыхаў:
"Каб каханым быць, дык трэба
Каб хто-небудзь пакахаў".
"А каб лепшым? Во на стулькі..." -
Мезенец я паказаў.
"Стулькі выпала ўжо з люлькі", -
Палец Бог у неба ўзняў.
Тут і ўцяміў крэўскі малец,
Не гара і не туман:
Калі ў неба кажа палец,
Дык адзін баран на палец
Пазірае, як баран.
Мне міргнула
Неба вейкам!..
Падлавіў я цудам нейкім
І лябёдку, і лася...
Сам, як мезенец, маленькі,
А душа ўва мне - уся.
І ў яе -
у плаўкі горан
Я з агнём і дымам горкім
Удыхнуў Сусвет-Святгор'е
І, як мог, з яго каваў
Лёгкае пяро лябёдкі,
Малако кароў няцельных,
Воўну доеных авечак
І ячменнае зярняці - ...
Калаўрот і Дуб скаваў,
Авадня, каб не кусаў...
Ды не змог скаваці маці.
Бог не даў.
...Я Богу ўсё перамаўчаў,
Як сіла слабла,
І кнігу шостую пачаў... -
Да д'ябла!
Ён спакусіў узняць кулак
На самым нізе -
І праступіў ягоны знак
На шостай кнізе.
Каб зноў я ў мораку начы
Глядзеў, здзіўлёны,
На строгія, як на мячы,
Пісьмёны.
Каб меч, які мне лёс скаваў
Я ўзяў - і рогам
Упёрся, і паспрабаваў
Пабіцца з Богам.
І калі Бог мяне зваліў,
Як Дуба вецер,
Душа мая пяяла: быў!..
Любіў на свеце.
Пакінуўшы свята на свяце,
Я выйшаў, адчуўшы спіной,
Як лёгка адразу за мной
І весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла святло
Адтуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я смех і гаворку.
І доўга на блізкіх і родных,
З якімі ў застоллі сядзеў,
Глядзеў я, гледзеў і глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.
І плакаў амаль да відна.
На свяце жыццё сатанела.
Піло. Цалавалася. Ела.
І толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Убачыла цень у акне
І глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака -
І ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.
Так я памёр.
На яве.
Сапраўды.
Не піў ні самагонкі, ні вады.
Бог не даваў. Казаў:
"Папіў. Пабіўся".
І я ў яго пад пахай пасяліўся,
Дзе зоркі ўсе. І дзіўны сон мне сніўся:
На Дубе залатыя жалуды.
І думаў я:
ну што ж... калі памру,
Збяру ўсе трэскі, лісце і кару
Сваёй душы - і занясу да Бога
Усе грахі майго жыцця зямнога
Да каліва, ды пылу і трухі:
Даруй ты, Божа,
Мне
Свае грахі.
Бог мяне як гахне мехам! -
Смецце зорнае мне ўслед!..
А як яшчэ пакінуць гэты свет?..
Калі не так?..
Са светласцю.
Са смехам.